У мінулы чацьвер у будынку Віленскай ратушы было сьвята. Тут прэзэнтавалі салідны альбом — «Літоўская фатаграфія да ХХІ стагодзьдзя». Гэта вялікая і доўгачаканая падзея для краіны, дзе існуе культ фотамастацтва. Дзе ў падручніках па мастацтвазнаўстве нават ёсьць артыкулы, прысьвечаныя творчасьці літоўскіх фатографаў. А ў Віленскай мастацкай акадэміі чытаецца асобны курс — фатаграфія.

Аўтар — Рамуальдас Пажэркіс. 1970-я.
Аўтар — Рамуальдас Пажэркіс. 1970-я.
Школа літоўскай фатаграфіі — унікальная зьява, і літоўцы моцна ўзяліся за яе сьцьвярджэньне. Прыкладам таму — тры фотагалерэі ў найлепшых пунктах Вільні, штомесячны часопіс «Vaizdas» (Від) і вялізны штогадовік Саюзу фотамастакоў «Lietuvos fotografija: vakar ir siandien» (Літоўская фатаграфія: учора і сёньня). А што казаць пра аўтарскія фотаальбомы і каталёгі, якія выходзяць адзін за адным навыперадкі! Папросту бракуе грошай, каб гэта ўсё набываць.

Літоўская фатаграфія зьявілася тады ж, калі Парыж заявіў аб тым, што можа захаваць выяву на срэбранай пласьцінцы. У тыя часы фатаграфія была цесна зьвязана з тэхнікай і хіміяй. Таму першыя здымкі, як працы альхіміка — маюць у сабе водбліск цуду...

Гартаючы старонкі альбому «Літоўская фатаграфія да ХХІ стагодзьдзя», можна сачыць за гісторыяй Літвы, бачыць, як мяняліся традыцыі й тэмы. Сымбалічна, што зьяўленьне гэтага фаліянту адбылося ў год, калі Саюз фотамастакоў Літвы сьвяткуе 70-ю гадавіну.

Складальнік альбому Станіславас Жвіргждас сам прызнаны фатограф, ён цягам некалькіх гадоў узначальваў Саюз фотамастакоў. С.Жвіргждасу давялося перагледзець тысячы дагератыпаў, амбратыпаў і першых фатаздымкаў, ня кажучы пра

. Невядомы аўтар. Пачатак ХХ ст
. Невядомы аўтар. Пачатак ХХ ст
сучасныя. З адабранай тысячы ён адкідаў і адкідаў па адным... Жвіргждас падкрэсьліў, што ў альбом увайшло толькі самае, на яго думку, прыгожае, што ёсьць у літоўскім фотамастацтве ад 1842 г., якім датуецца першы зьмешчаны дагератып, і да нашых часоў. З найбольш значных аўтараў — Корзан, Флеры, Чурлёніс. Пачатак ХХ ст., вядома ж, прадстаўлены Булгакам. Тут мноства здымкаў і аўтараў, якія публікуюцца ўпершыню, але большасьць складаюць вядомыя і прызнаныя.

Выйшаў фаліянт у выдавецтве Раймондаса Пакніса. Ідэя стварыць такую кнігу там зьявілася яшчэ пяць гадоў таму. Р.Пакніс зрабіў першую спробу выдаць альбом разам з Фотасаюзам, але апошні меў свае пляны на іншае выданьне. Мо гэта пайшло на карысьць, бо ў выніку кніга рыхтавалася і шліфавалася бязь сьпешкі. Яна выйшла якраз да дзесяцігодзьдзя з дня заснаваньня выдавецтва — такая сабе радасьць невялічкага калектыву. Р.Пакніс адзначыў, што «Літоўская фатаграфія» выдадзеная ня дзеля прыбытку, бо ў Літве нават на самых шыкоўных фотаальбомах яшчэ ніхто не зарабляў. Паліграфію прафінансаваў Дабрачынны фонд дапамогі Саўлюса Каросаса. Музэі й бібліятэкі, а таксама жывыя аўтары, чые здымкі трапілі ў выданьне, працавалі без ганарараў.

Фаліянт важыць амаль тры кілё і надрукаваны вельмі малым накладам — 550 асобнікаў. Добра, што нават «чорна-белыя» здымкі надрукаваныя ў поўны колер, каб перадаць усе адценьні, якія на іх нанёс час.

Альбом ужо атрымаў першую ўзнагароду на літоўскім штогадовым конкурсе «Мастацтва кнігі».

Дзяніс Раманюк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0