7—9 лютага беларускiя аматары вялiкага тэнiсу мелi магчымасьць назiраць за гульнёй на корце спартоўцаў сусьветнага ўзроўню. Сталiца прымала матч Кубку Дэвiса Беларусь—Iзраiль. Наша краiна выступае ў гэтым прэстыжным турнiры ад 1994 г., а з 1999-га беларусы змагаюцца ў 1-й групе Эўра-Афрыканскай зоны за выхад у сусьветную групу.

Мiрны «даставаў» самыя складаныя мячы, а Ваўчкоў падтрымаў свайго кампаньёна годнай гульнёю. ФОТА IREX-PROMEDIA
Мiрны «даставаў» самыя складаныя мячы, а Ваўчкоў падтрымаў свайго кампаньёна годнай гульнёю. ФОТА IREX-PROMEDIA
Але ў папярэднія гады беларусы прайгравалi матчы квалiфiкацыйнага кола: у 2000 г. — швайцарцам, а ў 2001 — аргентынцам. Летась, саступiўшы стартавы матч камандзе Зымбабвэ зь лiкам 1:4, нашыя хлопцы адолелі партугальцаў зь лікам 4:1 і адстаялi пазыцыю зборнай у 1-й групе. I вось сёлета ў нас iзноў зьявiлася магчымасьць трапiць туды, дзе 16 самых моцных камандаў змагаюцца за галоўны трафэй. Напярэдаднi матчу, праглядаючы стартавыя пратаколы, можна было заўважыць, што ў рэйтынгу ATP Tour двое з нашых тэнiсiстаў выглядаюць больш сур’ёзна за сваiх супернiкаў. Беларусь прадстаўлялi: Максiм Мiрны (№45 — адзiночны, №3 — парны), Уладзiмер Ваўчкоў (№77 — адз., №99 — п.), Аляксандар Швец (№678 — адз., №745 — п.), Аляксандар Скрыпко (2 балы ў ATP Tour) i Сяргей Цяцерын (капiтан каманды). Iзраiльцяне накiравалi ў Менск Наома Окуна (№129 — адз., №612 — п.), Харэла Левi (№246 — адз., №290 — п.), Джонатана Эрлiха (№446 — адз., №129 — п.), Андзi Рэма (№1332 — адз., №379 — п.) i Амаса Мансдорфа (капiтан каманды).

Ізраiльцяне рабілі стаўку ў першую чаргу на парную сустрэчу, дзе з боку гасьцей выступалi Джонатан Эрлiх i Андзi Рэм — дасьведчаны i згуляны дуэт. Аднак першымi на корт выйшлi адзiночнiкi. Макс Мiрны перамог Харэла Левi — 6:1, 6:7, 6:3, 7:6, потым Уладзiмер Ваўчкоў у трох сэтах «разабраўся» з Наомам Окунам — 6:2, 7:6, 6:3. На другi дзень да сеткi выйшлi пары Мiрны/Ваўчкоў — Эрлiх/Рам. Для гасьцей гэта была апошняя магчымасьць «зачапiцца» за гульню, таму сустрэча атрымалася дынамiчнай i цiкавай, ды ўсiх ахвотных паназiраць за баталiямi на корце палац тэнiсу папросту ня змог прыняць. Гледзячы на гульню Мiрнага, можна было яшчэ раз пераканацца, што мянушку «Зьвер» далі яму невыпадкова. I хоць нават сьляпому было відаць, што Макс па сваёй гульнёвай клясе на галаву вышэй за супернiкаў, змагаўся ён з поўнай аддачай. Падавалася, што Максу мала месца на корце — такiмі магутнымi i рашучымi былi ягоныя ўдары. Мiрны «даставаў» самыя складаныя мячы — нават па-за межамі корту. Ваўчкоў падтрымаў свайго кампаньёна годнай гульнёю, i як вынiк — перамога ў сустрэчы 7:6, 6:4, 6:4, i нашая каманда датэрмiнова выйграла матч 3:0. Таму ў трэцi дзень кiраўнiцтва зборнай дазволіла выступiць слабейшым гульцам, двум Аляксандрам — Скрыпко і Шаўцу. Каб назапашвалi досьвед выступленьня на буйных мiжнародных турнiрах. Абодва прайгралi свае сустрэчы Наому Окуну і Харэлу Левi. Швец зьняўся ў другiм сэце праз траўму пляча, а 17-гадоваму Скрыпко папросту не хапiла звычкi перамагаць. Аднак у гульні ягонай быў бачны высокi патэнцыял i iмкненьне стаць годнай заменай Мiрнаму i Ваўчкову. Окун жа, якому Скрыпко прайграў, у пэўнай ступенi таксама «наш»: ягоная мацi паходзiць з Бабруйску.

Цягам усiх трох дзён трыбуны, як маглi, падтрымлiвалi беларускiх тэнiсiстаў: балельшчыкi прынесьлi маракасы, дудкi, бубны, а крыкi «Вовачка, давай!» i «Жыве Беларусь!» маглi расчулiць самую неспартовую душу. Аднак нават iзраiльцяне адзначылi, што ў цэлым гледачы былi карэктнымi i да iх няма нiякiх прэтэнзiяў. Адзiнае, на што скардзiлiся спартоўцы абедзьвюх камандаў, — званкi мабiльных тэлефонаў. Хоць дыктарка неаднойчы прасiла адключыць гукавы сыгнал, цьвiрканьне i трыньканьне чуліся з трыбунаў кожныя хвiлiн дзесяць, што бiла нават па самых моцных нэрвах.

Свой наступны матч на выхад у сусьветную групу беларусам давядзецца згуляць з камандай Зымбабвэ. Пакуль лiк камандных сустрэчаў 1:1. Каму ў залiк пойдзе другі бал, стане вядома 4—6 красавiка ў Менску.

Настасься Марынiна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0