На савецкія вайсковыя сьвяты дагэтуль паказваюць кіно пра спэцбрыгаду, якая выконвала сакрэтную апэрацыю на «нэўтральнай тэрыторыі». Пры канцы галоўны супэрмэн-дэсантнік гіне. Звычайная была б агітка з таго кіно, каб не апошнія кадры. Разлогі Віцебшчыны ці Смаленшчыны. Вайсковы газік спыняецца пасярод вёскі. Сябры прывезьлі дамоў нават не цынкавую труну — дэсантніцкі барэт. З хаты насустрач ім выходзіць стары-стары бацька...

ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Імпэрыя не тлумачыць сваім салдатам, дзе і дзеля чаго яны мусяць ваяваць. Былі часы, калі й нашым землякам даводзілася ахоўваць бязьмежныя савецкія прасторы, выконваць «інтэрнацыянальны абавязак» у Аўганістане, Віетнаме, Усходняй Нямеччыне, Эгіпце. Тыя, хто браў удзел у афрыканскіх спэцапэрацыях, нават не захацелі дзяліцца з намі ўспамінамі — так гэта цяжка. Іншыя ж ахвотна распавялі, як служылася беларусам у савецкім войску. Жывую гісторыю.

Сяргей Грыц, фотакарэспандэнт: У савецкае войска быў прызваны ў 1983 г. і служыў каля Ленінграду, у вучэбным палку сувязі асаблівага прызначэньня, які забясьпечваў радыёвыведку. Нашы выпускнікі служылі ў Манголіі, Аўганістане, на Кубе, поўдні Ўзбэкістану. У часьць бралі толькі беларусаў, украінцаў, расейцаў і літоўцаў.

Недалёка знаходзіліся артылерыйскія палкі, у якіх служылі выхадцы з Каўказу ды Сярэдняй Азіі. І на іх тэрыторыі была чайная, куды хадзілі мы. Там у «маладых» адбіралі грошы і ежу. Раз тры азэрбайджанцы напалі на беларускага хлопца, які нёс з чайной піражкі. Але той, не выпускаючы піражкоў з рук, «адмалаціў» іх нагамі…

Алег Дашкевіч, рэжысэр-дакумэнталіст: Я служыў у Вугоршчыне ў 1981—83 г. Спачатку зь Менску трапіў у Мар’іну Горку, дзе быў перасыльны пункт. Перад намі адтуль пайшоў прызыў у Аўганістан... У Вугоршчыне патрапіў я ў сакрэтную часьць, якая падначальвалася наўпрост Маскве. У часьці была спадарожнікавая антэна. Разам зь іншымі «дзядамі» мы ўначы адчынялі «сакрэтныя дзьверы» й глядзелі спартовыя, музычныя ды эратычныя каналы. Зь іх упершыню даведаўся, што такое рок-музыка, эротыка.

Аўген Калубовіч, настаўнік гісторыі: Прызвалі мяне ў 1962 г. Спачатку служыў у Берасьці, у спэцчасьці па ахове перавалачнай базы. Празь яе ішлі грузы савецкім войскам ва ўсходняй Нямеччыне — ад іголак да ракетаў. Гэтыя цягнікі ахоўваў і суправаджаў. Сумна было і журботна — жыцьцё за калючым дротам. Ды яшчэ тры гады!..

Пасьля накіравалі ў Печы, вучыцца на сяржанта. Я добра страляў, бо з 14 гадоў — паляўнічы. Аднойчы на начныя стрэльбы прыехала начальства з інспэкцыяй. Давялося мне тады страляць за адзінаццаць чалавек. Уначы ж не відаць, хто выходзіць на пазыцыю. Атрымаў за гэта адпачынак.

Язэп Машкайла, рэдактар газэты «Голас Пружаны» (часова не выходзіць): Прызвалі мяне пасьля пэдвучэльні. Служыў у Варонежы, у 1983—85 г. Адпраўляў нас Гарадзенскі ваенкамат. Цэлы вагон беларусаў ехаў у Расею. Патрапіў у канвойныя войскі, ахоўваў асуджаных у час перавозу да «зонаў», але найбольш — судовыя паседжаньні аблсуду ў Варонежы. Аднойчы той суд разглядаў і палітычную справу нейкіх дысыдэнтаў, але тады не мая была чарга ахоўваць.

Іван Міско, скульптар: Адзінаццаць дзён у таварным вагоне ехаў з Слоніму да месца службы — у Забайкальле. Былі гэта 1953—54 г. Дагэтуль памятаю прыпеў з нашай песьні:

Лейся, песня, в голубые дали,

Чтобы слышал Сталин из Кремля,

Что в суровом нашем Забайкалье

Неприступна для врага земля.

Служыў у танкавых войсках і адначасова пасьпеў завочна скончыць трохгадовую школу імя Крупскай у Маскве па малюнку і жывапісе. У апошнія гады службы я быў мастаком у часьці. Намаляваў партрэты членаў Палітбюро (да двух мэтраў у вышыню), алеем напісаў камандзіра дывізіі Драгунскага. Я вельмі задаволены, што служыў у войску, бо гэта моцна паўплывала на мой далейшы лёс.

Іван Пашкевіч, дэпутат палаты прадстаўнікоў: Мяне прызвалі ў 1973 г. з Барысава. Служыў у Бабруйску ў інжынэрна-тэхнічных войсках, быў пантанёрам. Масты наводзіў церазь Нёман. Тады я надрукаваў артыкул у газэце «Во славу Родины», які абмяркоўваўся ва ўсіх вайсковых часьцях. Пра тое, што армія — школа жыцьця, але лепш у яе не трапляць, бо гэта выкінуты з жыцьця час.

Алесь Пушкін, мастак: Мяне прызвалі ў ліпені 1984 г., пасьля першага курсу тэатральна-мастацкага інстытуту. У Ташкенце на перасылцы падпалкоўнік запытаўся: «Маляваць умееш?» Я зразумеў, што, калі прызнаюся, прымусяць маляваць партрэты Ленінаў, Сталінаў. Кажу: «Не, не, я — актор!» Адправілі мяне ў Аўганістан, дзе праслужыў да 1986-га ў гелікоптэрным палку ў Кундузе. А на Вялікдзень вярнуўся дамоў.

Запісаў Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0