У паштовай скрынi нешта ёсьць, заўважаеце вы. Не сьпяшайцеся радавацца. Цалкам магчыма, што паштар прынёс вам ня доўгачаканы лiст ад старога сябра, а рахунак за камунальныя паслугi. Калiсьцi тыя паведамленьні нiякiх эмоцыяў ня выклiкалi. Цяпер хочацца перажагнацца, перш чым прачытаць лiчбы на раздрукоўцы.

ФОТА IREX-PROMEDIA
ФОТА IREX-PROMEDIA
Мiнулае буйное падвышэньне адбылося летась у канцы года, калi на 25% узьнялiся тарыфы на ацяпленьне ды гарачую ваду, вырасьлi цэны на iншыя паслугi. Новага перагляду цэнаў доўга чакаць не давялося. 15 студзеня, з блаславеньня Мiнiстэрства эканомiкi, ацяпленьне i гарачая вада зноў падаражэлі на 15%.

Камунальнiкi ня толькi падвышаюць цэны на свае паслугi, але й iндэксуюць iх, каб ня страцiць ад iнфляцыi. Летась тыя iндэксацыi склалi прыкладна 30%, што амаль адпавядае ўзроўню iнфляцыi (34,8%).

Нават Мiнiстэрства статыстыкi прызнае, што ў 2002 г. заробкi расьлi павольней за цэны. Сярэднямесячны налiчаны заробак павялiчыўся летась на 33,3% (са 173422 да 231223 рублёў), а цэны — на 34,8%. На тэмпы росту цэнаў паўплывала найперш падаражаньне камунальных паслугаў (ад 51,4% за карыстаньне радыёкропкай да 700% за лiфт). Калi летась сям’я з трох чалавек (двое дарослых, якiя атрымлiваюць сярэднестатыстычны заробак, маюць адно дзiця ды жывуць у стандартнай двухпакаёўцы) аддавала 8% свайго бюджэту на камунальныя паслугi, дык сёлета давядзецца выдаткоўваць ужо 12,5%.

Зэканоміць на вадзе дый газе можна... паставіўшы лічыльнік. Пакуль яго няма, камунальнікі вылічваюць «сярэдняе арытмэтычнае» з усяе спажытае жыхарамі цэлага дому вады, часам дадаючы сюды яшчэ й страты ад аварыяў на водаправодзе. Зь лічыльнікам плаціш толькі за сябе.

З усiх спажыўцоў камунальных паслугаў у краiне прыкладна 10% iх не аплачваюць. Толькi ў Менску каля 70 тыс. неплацельнiкаў. У сталiцы камунальныя службы пачынаюць адключаць ваду i сьвятло тым, хто завiнавацiўся найбольш. Мяркуюць нават падаваць на неплацельнікаў у суд ды адсяляць іх у менш камфортнае і таньнейшае жытло. Летась у лістападзе пінскія ўлады адсялілі сям’ю (маці і дваіх дарослых дзяцей) зь дзяржаўнай двухпакаёўкі па вуліцы Касьцюшкі ў аднапакаёвую кватэру без камунальных выгодаў. Небаракі завінаваціліся ўладам 193 тыс. рублёў. Спагнаць гэтыя грошы ўлады спрабавалі цэлы год: дасылалі папярэджаньні, адключалі гарачую, халодную ваду, электрычнасьць, ацяпленьне. Урэшце падалі ў суд.

Такі лёс чакае тысячы сем’яў, няздольных плаціць. Праз гэтыя драмы ўжо прайшлі Польшча і Літва. З адным адрозьненьнем: Беларусь жыве ва ўмовах рынкавага сацыялізму.

Алесь Кудрыцкi

Пакрыцьцё сабекошту некаторых жыльлёва-камунальных паслугаў

студзень—сьнежань па стане на

2002 г. 15 студзеня 2003 г.

тэхабслугоўваньне 23,1% 32,8%

цяпло 30,6% 52,6%

халодная

вада 31,3% 52,8%

каналiзацыя 33,2% 55,9%

вываз

сьмецьця 88,2% 97,1%

карыстаньне

лiфтам 62% 96,1%

камунальныя 38,3% (зiмовы пэрыяд), 61,4% (зiмовы пэрыяд),

паслугі цалкам 29% (летнi пэрыяд) 55% (летнi пэрыяд)

Зьмяненьне цэнаў на камунальныя паслугі ў 2000—2002 г.

паслуга павелічэньне адносна леташняга ўзроўню

2002 2001 2000

кватэрная плата 471% 38,5% 280%

карыстаньне ліфтам 700% 38,4% 190%

газ 219% 234% 210%

электрычнасьць 146% 33,3% 970%

ацяпленьне 145% 143% 730%

гарачая вада 145% 143% 730%

халодная вада й каналізацыя

57% 74,6% 180%

вываз сьмецьця 77,3% 94,4% 470%

утылізацыя сьмецьця 84,7% 95,1% 460%

карыстаньне радыёкропкай 51,4% 39% 75%

У артыкуле выкарыстаная статыстыка Мiнiстэрства статыстыкi i аналiзу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0