21 Лютага

Гербавы збор

Летась берасьцейскія ўлады прапанавалі прыватным таксоўшчыкам упрыгожыць свае аўто налепкамі з гербам гораду. Цяпер гарвыканкам пастанавіў, што за выкарыстаньне гарадзкой сымболікі трэба плаціць. Да 15 лютага таксоўшчыкі мусілі перавесьці ў бюджэт Берасьця па 120 тыс. рублёў. Абураныя таксоўшчыкі пастанавілі грошы сабраць, аднак аддаць іх ня ўладам, а прытулку для бедных і хворых людзей. А потым паздымаць «кляйноды» з машынаў.

Iльготы — пайменна

Падрыхтаваны праект прэзыдэнцкага ўказу, які прадугледжвае адрасную форму сацыяльнай падтрымкi. Памер дзярждапамогi будзе вызначацца не прыналежнасьцю да групы насельнiцтва, а сумай прыбыткаў чалавека. Улiчваць будуць заробак, сацыяльныя выплаты ды ўласнасьць, якая можа прыносiць гаспадару грошы. Калi агульны прыбытак будзе меншы цi роўны 60% бюджэту пражытковага мiнiмуму, можна спадзявацца на дапамогу.

Конкурс таксоўшчыкаў

Гомельскiя ўлады зладзілi конкурс для кiроўцаў прыватных мiкрааўтобусаў, якiя жадаюць працаваць на новым маршруце №32, што злучыць чыгуначны вакзал з Навабелiцкiм раёнам. Цяпер у Гомелi 550 «маршрутак». На думку гарвыканкаму, гэтага дастаткова. Таму лiцэнзіi на пасажырскiя перавозкi пастанавiлi даць толькi 10 з 60 прэтэндэнтаў. Падчас адбору глядзелi, наколькi спраўны ды камфортны мiкрааўтобус. Машыны, якiя адпрацавалi на дарозе больш за 5—6 гадоў, конкурсу не прайшлі.

Станкi бяз мыту

Савет мiнiстраў тэрмiнам на 9 месяцаў устанавiў нулявую стаўку ўвазной мытнай пошлiны на тэхналягiчнае абсталяваньне. Мэта — дапамагчы вытворцам мадэрнiзаваць прадпрыемствы. Гэтыя льготы асаблiва прыдадуцца буйным заводам кшталту «Iнтэгралу», якому трэба 50 млн. даляраў, каб паставiць новае абсталяваньне. «Iнтэграл» разам зь Менскiм вытворчым аб’яднаньнем вылiчальнай тэхнiкi ды Менскiм заводам шасьцерняў — найбуйнейшыя з 35 прадпрыемстваў, якiя сёлета будуць акцыяваныя.

Новы транспарт

Улады Менску набудуць сёлета 30 новых аўтобусаў, 50 тралейбусаў ды 4 трамваі агульным коштам 22 млрд. рублёў. Летась на новы транспарт горад выдаткаваў больш за 16 млрд. рублёў.

«МТС» хоча набыць «МТС»

Расейская кампанія «Мабільныя ТэлеСыстэмы» жадае набыць кантрольны пакет акцыяў беларуска-расейскага апэратара сотавай сувязі «МТС». Пакуль расейцы маюць 49% акцыяў, а беларускі бок (РУП «Міжгародняя сувязь») — 51%. Сёлета расейцы абяцаюць укласьці ў справу 60 млн. даляраў з 200 млн., якія мусяць інвэставаць цягам 10 гадоў.

Зьнялі Падгорнага

10 лютага пазбавілі пасады Генадзя Падгорнага, дырэктара Фонду дзяржмаёмасьці Міністэрства эканомікі. Матывацыя — «за аднаразовае грубае парушэньне працоўных абавязкаў». Мяркуюць, што яго зьнялі за няўдалы продаж беларускага пакету акцыяў «Слаўнафты».

«Лідэр» №3

Бізнэс-часопіс «Лідэр» прэзэнтаваў свой 3-і нумар. Артыкул «Чысьцільшчыкі офісаў» распавядае пра тое, як абараніцца ад аматараў чужое маёмасьці. «Шпіталь» для аўтамабіля» — інфармацыя для тых, хто жадае заснаваць уласную станцыю тэхабслугоўваньня. Матэрыял «Грошы з вады» распавядае пра вытворцаў безалькагольных напояў, а «Бяда ад розуму» — пра тое, дзе і колькі можа зарабіць кваліфікаваны спэцыяліст. У рубрыцы «Лідэр эпохі» — гісторыя посьпеху Антона Стульгінскага, топ-мэнэджэра, які «ўзьняў» Добрускую папяровую фабрыку. Як заўсёды, «Лідэр» прэзэнтуе клясычным правапісам старонку гаспадарскіх навінаў ад «НН».

АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0