Трыццаць беларускіх літаратараў будуць увесь ліпень чытаць свае творы ў Брне, у рамках фэсту «Месяц аўтарскага чытаньня». Кожны дзень — новы літаратар.

«Месяц аўтарскага чытаньня» — найбуйнейшы чэскі літаратурны фэстываль, які з 2000 году ладзіць выдавецтва й агенцтва «Větrné mlýny» («Ветракі»). Адбываецца ў часе тэатральных вакацыяў, штодня з 1 да 31 ліпеня, у памяшканьні тэатру «Husa na provázku» («Гусь на канаце»).

У 2000 — 2004 гг праграма фэстывалю ўключала адну літаратурную вечарыну штодня на працягу ліпеня. З 2005 году колькасьць вечарынаў падвоілася: адна — прысьвечаная чэскай літаратуры, дугая — прэзэнтуе творцу з краіны—ганаровага госьця фэстывалю. У 2005 годзе такімі ганаровымі гасьцямі былі славацкія пісьменьнікі, у 2006‑м — нямецкія, сёлета ў ліпені гасьцямі фэстывалю будуць літаратары зь Беларусі. Распачнуць фэстываль Уладзімер Арлоў ды Богдан Трояк, а завершаць Андрэй Хадановіч ды Іван Краўс. Сярод беларускіх удзельнікаў «МАЧ» — Аляксандар Лукашук, Лявон Вольскі, Алесь Разанаў, Ева Вежнавец, Наталка Бабіна, Вера ды Віктар Жыбулі, Ігар Бабкоў ды іншыя.

Акрамя знаных чэскіх і беларускіх літаратураў на фэстывалі можна будзе азнаёміцца з творчасьцю аўтараў‑пачаткоўцаў, музыкаў, пабачыць навінкі тэатральнага пэрформансу. Упершыню ў гісторыі фэстывалю Летняя кінэматаграфічная школа ва Ўгорскім Градзішчы прэзэнтуе агляд незалежнага кіно ў цэнтры Брна.

Для прыежджых наведнікаў арганізатары прапануць пасярэдніцтва ў пошуку і рэзэрвацыі пражываньня. Журналістам прадстаўляецца акрэдытацыя і ўсялякая дапамога.

Плата за ўваход на ўсе імпрэзы фэсту — добраахвотная. Адмыслова да фэстывалю падрыхтавалі праграмны каталёг, у якім можна знайсьці асноўную інфармацыю пра кожнага з удзельнікаў.

Для тых, хто ня зможа патрапіць у ліпені ў Чэхію: вечарыны «МАЧ» можна будзе глядзець on‑line на адмысловай інтэрнэт‑старонцы. На гэтай старонцы можна знайсьці таксама неабходныя адрэсы і кантакты арганізатараў.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0