Дзень у Белым доме пачынаецца звычайна з чытаньня Бібліі. Гаспадар заахвочвае сваіх супрацоўнікаў шукаць новых сілаў у Сьвятым Пісьме. Сам Джордж Буш штодня вывучае Біблію і моліцца. Пасяджэньні ўраду таксама пачынаюцца з малітвы.

Антонімы: Клінтан—Буш

Джордж Буш
Джордж Буш
Два гады таму, падчас інаўгурацыі, у Буша спыталі, які рэкорд ён усталюе ў гэты дзень. Традыцыя рэкордаў была закладзеная Клінтанам. Бушаў папярэднік за дзень інаўгурацыі пасьпеў наведаць адзінаццаць розных баляў (прыёмы і балі — абавязковы атрыбут інаўгурацыі. У іх бярэ ўдзел пад 50 тыс. чалавек. Трапіць на гэткі баль можна па платным запрашальным квітку.) “Я раней, чым усе ранейшыя прэзыдэнты, пакладуся ў гэты дзень спаць”, — адказаў Буш. І, пільнуючыся раскладу, а палове на дзясятую ён разьвітаўся з гасьцямі. У гэтым анэкдатычным выпадку — увесь Джордж Буш.

Біл Клінтан запомніўся Амэрыцы як бліскучы, але несур’ёзны сьвецкі леў, якому пашчасьціла кіраваць краінай у эпоху беспрэцэдэнтнага эканамічнага росту і ўпэўненасьці ў будучыні. Але Клінтан і ягоная каманда заслужылі адмоўную маральна-этычную ацэнку, прычым ня толькі сярод хрысьціянскай правіцы і ўльтракансэрватараў.

Гэта зьвязана як з справай Монікі Левінскі, так і з сумнеўнымі маёмаснымі гешэфтамі Клінтана, яшчэ калі той быў губэрнатарам Арканзасу. Вельмі многіх абурыла і тое, што Белы дом у 1992—2000 г. стаўся карчмой, дзе задарма “на ноч” спыняліся clintonians — улюбёнцы прэзыдэнта, ягоныя партайгеносэ і патэнцыйныя фундатары Дэмакратычнай партыі. Не дадаў сабе Клінтан папулярнасьці й прыхватызацыяй дзяржаўнай мэблі. У 2000 г., выяжджаючы зь Белага дому, ён вывез каля 200 прадметаў.

Буш зусім не такі. Ягоны штаб дысцыплінаваны ня менш за самога прэзыдэнта. Апошні ж, у параўнаньні з сваім самаўпэўненым і самазакаханым папярэднікам, здаецца ўзорам сьціпласьці й блізкасьці да народу. Буш дагэтуль застаўся “сваім мужыком”. Ён карыстаецца кожнай магчымасьцю, каб уцячы з Вашынгтону ў свой тэхаскі фальварак. Таму нават у анархісцкім Тэхасе, дзе ня дужа любяць сталічных разумнікаў, рэйтынг Буша-малодшага расьце. Праўда, за мяжой вобраз “фанабэрыстага каўбоя” выклікае антыамэрыканскія пачуцьці.

“Што зрабіў бы Ісус?”

Сапраўды, у Бушавым характары ёсьць крыху фанабэрыі. Ён паходзіць з уплывовай сям’і з Канэктыкуту (гэта такі сабе “элітны” штат). Бушы пасылаюць сваіх дзяцей толькі ў “правільныя” прыватныя школы ды ўнівэрсытэты, кшталту Йельскага і Гарвардзкага.

У гэтай сям’і Джордж-малодшы колісь быў “брыдкім качанём”. Паліў, меў вялікія праблемы з алькаголем ды мноства іншых заганаў. Жыцьцё Джорджа зьмяніла навяртаньне ў мэтадысты (адна з пратэстанцкіх плыняў, кшталту баптыстаў), якое адбылося ў 1985 г. З Аб’яднанай мэтадысцкай царквой ён зблізіўся дзякуючы жонцы Лаўры. Ахрысьціўшы блізьнятак Барбару і Джыну, Буш афіцыйна перайшоў у мэтадысты. Амэрыканскі прэзыдэнт распавядае пра сваю сустрэчу з харызматычным прапаведнікам Білі Грэгемам (цяпер ён — сябра сям’і Бушаў): “Я неяк правёў выходныя зь вялікім Білі Грэгемам. У выніку нашых гутарак і ягонага ўплыву, я знайшоў у сваім сэрцы Ісуса Хрыста і аддаў яму сваё жыцьцё”.

Вынікам навяртаньня стала адмова ад алькаголю і тытуню ды суворая працоўная й жыцьцёвая дысцыпліна. У гэты панятак уваходзяць як бег з гімнастыкай, так і штодзённае вывучэньне Бібліі ды малітва. І, натуральна, — перакананасьць у сваёй далучанасьці да вялікай місіі. Буш дзейнічае паводле прынцыпу: “Што зрабіў бы на маім месцы Ісус?”

Сьвятары ў дарадцах

Падчас свайго губэрнатарства ў 1994—2000 г. і ў пачатку прэзыдэнцтва, Буш імкнуўся ажыцьцявіць праграму “дабрачыннага кансэрватызму”. Сьпічрайтар прэзыдэнта Майкл Герсан характарызуе яе як сацыяльна скіраваную палітыку, што абапіраецца на традыцыйную мараль.

Але не рэалізацыя гэтае праграмы сталася асноўным сэнсам Бушавага прэзыдэнцтва. Галоўная задача акрэсьлілася пасьля тэрактаў 11 верасьня. У першыя дні пасьля атакі побач з Бушам былі ня толькі палітычныя дарадцы, але й прапаведнік Білі Грэгем ды прэсьвітэр “роднае” царквы прэзыдэнта Джым Мэйфайлд.

У часе перадвыбарнага тэледвубою з сваім супернікам Горам Буш назваў любімым палітычным філёзафам Ісуса Хрыста. Эўрапейцаў гэта хіба насьмяшыла б. Але ў рэлігійнай Амэрыцы, дзе, паводле апошніх апытаньняў, 2/3 людзей вераць у існаваньне чартоў, такое прызнаньне ўхваленае бальшынёй і апраўданае з маральнага й інтэлектуальнага пункту гледжаньня.

З імпэтам місіянэра

Вестка пра тэракт 11 верасьня засьпела Буша ў адной флярыдзкай школцы. Сядаючы ў самалёт, прэзыдэнт абвесьціў: “Мы на вайне”. Падчас жалобнай імшы ў Вашынгтонскай Катэдры праз тры дні, ён дадаў: “Я чалавек любові, але мушу выконваць ускладзеныя на мяне абавязкі, і я буду гэта рабіць”.

Як сумясьціць хрысьціянскі запавет любові й абавязкі кіраўніка звышдзяржавы? Прэзыдэнт патлумачыў гэта свайму сябру Мэрвіну Оласкаму, ідэолягу кансэрватыўных хрысьціянаў. Запавет Хрыста “падставіць другую шчаку” тычыцца асабіста Буша-хрысьціяніна. Буш-прэзыдэнт кіруецца іншым выслоўем Бібліі: “Хто пралье кроў чалавечую, таго кроў праліецца рукою чалавека: бо чалавек створаны паводле вобразу Божага”. (Быцьцё 9,6).

“Вось зла”, акрэсьленая Бушам на сусьветнай мапе, па сутнасьці сваёй ёсьць тэалягічнай ідэалягемай. Прэзыдэнцкія сьпічрайтэры выкарысталі спачатку фармулёўку “вось нянавісьці”. Але пасьля сам Буш замяніў яе на “вось зла”. Гэтае акрэсьленьне перагукалася з Рэйганавым азначэньнем СССР, як “імпэрыі зла”. Падзел сьвету на дзяржавы, што ў барацьбе з тэрорам могуць быць адно “за нас” ці “супраць нас” — вынік рэлігійнага перакананьня, што богабаязны чалавек павінен адрозьніваць Добрае і Дрэннае. А яшчэ ў імкненьні выйграць на чале дэмакратычных сілаў барацьбу супраць таталітарызму і тэрору хаваецца ладная порцыя місіянэрскага імпэту.

Спакойна, як дзяржаўнік

Але свой імпэт амэрыканскі кіраўнік трымае пад кантролем здаровага дзяржаўніцкага сэнсу. Абяцаньнямі “выкурыць забойцаў” і знайсьці бэн Ладэна “жывога ці мёртвага”, Буш цешыў сваіх тэхаскіх землякоў. Разам з тым ён не сьпяшаўся распачынаць вайну супраць аль-Каіды і талібаў.

Гэтак сама і ў спрэчцы паміж “каршунамі” зь Мінабароны і “галубамі” зь Дзярждэпартамэнту. Калі паўстала дылема: ці выносіць ірацкае пытаньне на разгляд ААН, ці адразу выпраўляць войскі ў Багдад, Буш схіліўся на карысьць першага. Бо разумее, што мусіць браць у разьлік замежную й абарончую палітыку.

Буш усьведамляе, што ён — не інтэлектуал, і пакладаецца на свой палітычны інстынкт ды розум. Ён ведае, што як дома, так і за мяжой яго моцна недаацэньваюць. Гэта раней дапамагала яму браць усё новыя кар’ерныя вышыні. “Людзі мяне заўжды жахліва недаацэньвалі. Сабе на шкоду”, — іранізуе Буш.

Паводле Frankfurter Allgemeine Zeitung пераклаў Сяргей Богдан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0