28 ЛЮТАГА

Звольненыя дырэктары за нявыплату заробкаў

Кiраўнiкоў сямi прадпрыемстваў, якiя ня здолелi спраўна плацiць заробкi, зьнялi з пасадаў. Звольненыя дырэктары Вiцебскага заводу жалезабэтонных канструкцыяў, Барысаўскага крышталёвага заводу, шклозаводу «Нёман», Менскага парцалянавага заводу, «Баранавiчыдрэву», будтрэсту №21. Дырэктар Гомельскага камбiнату будаўнiчых канструкцыяў пазбыўся пасады за тое, што плацiў заробкi кiраўнiкам ды спэцыялiстам, а шараговыя работнiкi сядзелi бяз грошай.

Рэканструкцыя менскіх «хрушчобаў»

Менгарвыканкам пастанавiў адрамантаваць у 2004—2006 г. 890 менскiх «хрушчовак». Іх абкладуць цеплаiзаляцыйнымi плiтамi ды надбудуюць мансарды. На час рамонту жыхароў будуць па чарзе высяляць. Для гэтага сёлета пабудуюць два дамы на 100 кватэраў у Цэнтральным раёне. Будаўнiцтва будзе каштаваць 4,4 млрд. рублёў.

Будзе паперня ў Шклове

Прэм’ер Генадзь Навiцкi заявiў, што цягам двух гадоў у Беларусi пабудуюць завод, якi будзе вырабляць газэтную паперу. Пакуль яе даводзiцца набываць за мяжой. 30—40% прадукцыі новага прадпрыемства хопiць, каб забясьпечыць усю краiну. Астатняе пойдзе на экспарт. Сыравiны для вырабу паперы — яловага балясту — у нас хапае. Найбольш верагодна, што збудуюць завод на базе шклоўскай папяровай фабрыкi «Спартак».

Зямля задарагая

У Барысаве правалiўся аўкцыён, зь якога гарадзкiя ўлады спрабавалi прадаць чатыры ўчасткi пад катэджы: заяўку на ўдзел падаў толькi адзiн чалавек. Пакупнiкоў напужала завялiкая пачатковая цана — 1,4 млн. рублёў за ўчастак. Наступны аўкцыён — 18 сакавіка.

Лiквiдаваны Фонд сацабароны моладзi

Указам прэзыдэнта зьлiквiдаваны Фонд сацыяльнай абароны моладзi. Матывацыя — «вынiкi працы не адпавядалi выдаткаваным сродкам». Фонд стварылi ў 1997 г., каб фiнансаваць БПСМ. Сродкi ў фонд прыходзiлi ў асноўным зь дзяржаўнага фонду спрыяньня занятасьцi ды рэспублiканскага фонду аховы прыроды. Цяпер грошы, што раней iшлi ў фонд, будуць назапашвацца на рахунку Мiністэрства фiнансаў.

Гешэфты «Белкамунмашу»

«Белкамунмаш» зьбiраецца прадаваць у Iрак пажарную тэхнiку. Сума, на якую будзе падпісаная дамова, яшчэ не вядомая. Прадпрыемства будзе пастаўляць новыя пажарныя машыны, спраектаваныя на базе «МАЗаў». Завод удзельнічае ў тэндэрах на пастаўку 10 трамваяў у Пецярбург ды 20 у Баўгарыю.

Аўтакінатэатар

11 красавіка ў Менску адкрыюць першы ў Беларусі аўтакінатэатар. Ля паркінгу аўтамабільнага рынку ў мікрараёне Малінаўка паставілі вялізны экран. Адначасова глядзець фільм можна будзе з 500 легкавікоў. Гук пусьцяць на пэўнай FM-частаце.

У Гомелі гасяць «начнікі»

Гомельскія ўлады забаранілі працаваць уначы 30 крамам, барам, кавярням ды кіёскам. Цяпер яны мусяць адчыняцца не раней за 6-ю раніцы, а зачыняцца апоўначы. Прычына — шматлікія скаргі на аматараў «начнікоў» ды рост колькасьці злачынстваў. Большасьць зачыненых кропак гандлявала алькаголем ды цыгарэтамі. У Гомелі засталося толькі 10 начных крамаў.

Навіны чыгункі

На Менскім вагонарамонтным заводзе зрабілі спальны вагон новай канструкцыі. Хваляцца, што надзвычай камфортны: з кандыцыянэрамі ды лядоўнямі. Ім укамплектуюць турцягнік Віцебск—Берасьце. Да 2010 г. мяркуецца паскорыць да 160 км/г хуткасьць руху міжнародных цягнікоў на ўсёй лініі Берасьце—Ворша. Цяпер гэтак разганяць іх можна толькі на пэўных адрэзках чыгункі на Берасьцейшчыне.

АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0