28 ЛЮТАГА

Скандалы ў Расеі

Азэрбайджанскі суд даў 10—11 гадоў пазбаўленьня волі тром расейскім шпіёнам, якія працавалі на вайсковую выведку. Другі скандал — крымінальны. Падчас аднаго з самітаў СНД у Сочы прэзыдэнты езьдзілі скрадзеным аўтобусам. Нямецкі MAN быў вывезены зь Берасьця ў расейскі Варонеж і зарэгістраваны там па фальшывых дакумэнтах. Фірма з Варонежу прадала яго расейскаму Міністэрству шляхоў зносін, а тое — сочынскай санаторыі, дзе адбывалася сустрэча. У часе сьледзтва высьветлілася, што й фірма тая была несапраўдная.

Басаеў у чорным сьпісе

Урад ЗША ўнёс у чорны сьпіс міжнародных тэрарыстычных арганізацый тры чачэнскія групоўкі: «Батальён камікадзэ-шахідаў», «Аб’яднаныя сілы каўкаскіх маджагедаў» ды «Кангрэс народаў Ічкерыі й Дагестану». Усе яны створаныя Шамілем Басаевым як апазыцыйныя Аслану Масхадаву дзеля ажыцьцяўленьня на Каўказе мусульманскай рэвалюцыі. Сам Басаеў на тым тыдні ўзяў на сябе адказнасьць за сьнежаньскі тэракт каля сядзібы прамаскоўскага ўраду ў Грозным.

Татаркі патрабуюць паранджу

Вярхоўны суд Расеі будзе разглядаць скаргу трох татарак зь Ніжнякамску (Татарстан), якія патрабуюць, каб і на пашпарт іх фатаграфавалі ў хіджабах (татарскіх хустках). Суды Татарстану ім у такой просьбе адмовілі.

Украіна—Польшча

«Просім прабачэньня ў палякаў, лёс якіх зламала ўкраінская зброя, а празь іх — ва ўсяго грамадзтва», — гаворыцца ў лісьце ўкраінскіх інтэлектуалаў. Вядзецца пра падзеі на Валыні ў 1943—44 г., калі ўкраінскія партызаны-нацыяналісты забілі некалькі дзясяткаў тысяч палякаў. «Прымусовае выштурхоўваньне валынскіх палякаў было трагічнай памылкай», — гаворыцца ў дакумэнце, падпісаным пісьменьнікам Юр’ем Андруховічам, гісторыкам Яраславам Грыцакам ды інш.

Франц Субель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0