Ужо дзесяць гадоў насельніцтва Беларусі меншае. Памірае людзей болей, чым нараджаецца.

Разгледзім гэтую зьяву безь перадузятасьці. Ці ёсьць пагроза ў тым, што, пры захаваньні цяперашняй дынамікі, насельніцтва Беларусі да канца стагодзьдзя скароціцца ўдвая? Ці залежыць камфорт пражываньня і посьпех нацыі на сусьветнай арэне ад колькасьці яе прадстаўнікоў? Ці могуць даць эфэкт дзяржаўныя захады па рэгуляваньні нараджальнасьці?

Навукоўцы даўно выявілі: чым большая шчыльнасьць насельніцтва на нейкай тэрыторыі, тым ніжэйшая там нараджальнасьць. У многіх буйных гарадах нараджальнасьць ужо ў другім пакаленьні падае настолькі, што не забясьпечвае ўзнаўленьня. Такая сытуацыя назіраецца паўсюдна — ад Нью-Ёрку да Лёндану, ад Варшавы да Масквы. Так было ў старажытным Рыме. Без прытоку людзей звонку насельніцтва мэгаполісу зьмяншалася б удвая цягам жыцьця ўсяго двух пакаленьняў. Горад «усмоктвае» моладзь з высокай патэнцыйнай нараджальнасьцю і моцна зьмяншае яе (0,7 дачкі на маці).

Гэтая заканамернасьць дзейнічае і ў Беларусі. Гарады, бы «чорныя дзіркі», уцягваюць вяскоўцаў. Цягам апошніх чатырох дзесяцігодзьдзяў у Беларусі доля вясковых кабет у агульнай колькасьці жанчынаў рэпрадуктыўнага веку (15—49 гадоў) скарачалася на 1% у год. У 1959 г. іх было 65%, а ў 1999 г. — толькі 24%. Адзін Менск «усмактаў» пятую частку насельніцтва Беларусі і павялічыўся за 60 гадоў больш чым у сем разоў — ад 240 тыс. у 1939 г. да 1 мільёна 750 тыс. чалавек у 1999 г.

Пачынаючы з 70-х колькасьць вяскоўцаў кожныя пяць гадоў скарачалася на 400 тыс. чалавек. Сёньня яны ня могуць забясьпечыць узнаўленьня насельніцтва ў межах усёй краіны, бо састарэлі. Сярод іх недастаткова дзетародных маці (толькі 580 тыс.). Таму няправільна лічыць, што ўзровень нараджальнасьці падае, бо ўсё беларускае насельніцтва старэе. На сёньня дзетародных маці ў Беларусі амаль 2,5 млн. — гэта болей, чым у 60—70-я, і прыблізна столькі ж, колькі ў 80—90-я, калі назіраўся прырост насельніцтва.

Вясковыя жанчыны, перасяляючыся ў горад, пачынаюць нараджаць менш, чым тыя, што застаюцца. Так, у Беларусі сярод гарадзкога насельніцтва толькі кожная дваццатая жанчына мае траіх і болей дзяцей (5% ад агульнай колькасьці), у той час як у вёсцы — кожная пятая (20%). Шэсьць зь дзесяці жанчын у горадзе маюць адно дзіця ці ня маюць дзяцей наагул, тады як у вёсцы такіх толькі чатыры зь дзесяці. Чым буйнейшы населены пункт, тым меней у ім дзяцей на адну жанчыну. Так, у Менску гэтая лічба складае 1,0, у абласных цэнтрах — 1,1, у гарадах-статысячніках — 1,2, у гарадах-пяцідзесяцітысячніках — 1,3, у вёсках — 1,8.

Такія працэсы ўласьцівыя ўсёй Эўропе. Яна моцна абязьлюдзела б, каб не прыток імігрантаў. У краінах з жорсткім міграцыйным заканадаўствам колькасьць жыхароў зьмяншаецца. А ў Беларусі міграцыйныя патокі не кампэнсуюць нізкай нараджальнасьці гарадзкога насельніцтва.

Не крызыс, а стабілізацыя

Зьмяншэньне нараджальнасьці не абумоўлена пагаршэньнем узроўню жыцьця. У беларускай вёсцы ўзровень жыцьця і разьвіцьця інфраструктуры ніжэйшы, а нараджальнасьць — вышэйшая. З сусьветнай практыкі вядома: чым бяднейшая краіна, тым вышэйшая ў ёй нараджальнасьць. І наадварот — чым вышэйшы ўзровень ВУП на душу насельніцтва, тым меншая колькасьць народжаных дзяцей на адну жанчыну.

У Беларусі, як і ў разьвітых эўрапейскіх краінах, найчасьцей сустракаюцца адна-, двух- і трохдзетныя сем’і. Сярод сем’яў зь дзецьмі да 18 гадоў адно дзіця маюць 59%, дваіх — 35%, траіх і болей — 6%. Гэта азначае, што беларусы знаходзяцца на этапе стабілізацыі колькасьці нацыі. Мы дасягнулі яго крыху пазьней, чым Брытанія, Францыя, Нідэрлянды, але амаль адначасова з краінамі Балтыі і Скандынавіі.

Скарачэньне колькасьці насельніцтва ў Беларусі, з аднаго боку, абумоўлена вычарпаньнем міграцыйных патокаў зь сяла ў горад, якое раней ці пазьней павінна было здарыцца, а з другога боку, можа сьведчыць пра пераход нацыі ў шэраг высокаразьвітых (у разуменьні даступнасьці для большасьці насельніцтва гарадзкой інфраструктуры і стандартаў, якія забясьпечвае спажываньне тавараў разьвітых краін).

Аргумэнты скептыкаў (кепскае мэдабслугоўваньне, стрэсы, адсутнасьць побытавых умоваў для нараджэньня дзяцей), якімі яны тлумачаць рост сьмяротнасьці і зьніжэньне нараджальнасьці, заснаваныя на нэгатыўным успрыняцьці сацыяльна-эканамічных пераўтварэньняў у бок рынкавых адносінаў. Аргумэнты аптымістаў у пляне навуковай абгрунтаванасьці раўназначныя. Маўляў, цяпер за грошы даступныя любыя мэдычныя паслугі й лекі, жыцьцё ва ўмовах няпэўнасьці і рызыкі — нармальная зьява і г.д.

Не знаходзіць пацьверджаньня і думка, быццам нараджальнасьць падае дзеля пагаршэньня экалягічнага становішча ў краіне. Наадварот, статыстыка сьведчыць, што ў раёнах з высокім радыеактыўным забруджаньнем узровень нараджальнасьці большы, чым па краіне ў цэлым. Маладыя сем’і атрымліваюць фінансавую дапамогу зь дзяржбюджэту і застаюцца ў «зоне». Самая нізкая нараджальнасьць — на Віцебшчыне, якая, як лічыцца, менш за іншыя пацярпела ад аварыі на ЧАЭС.

У друку неаднойчы зьяўлялася інфармацыя пра павелічэньне колькасьці жанчын з гарманальнымі парушэньнямі ў забруджаных раёнах. Аднак дакладна вядома, што такой статыстыкі на нацыянальным узроўні не вядзецца і ўсе размовы на гэтую тэму маюць статус дапушчэньняў.

Людзі як саранча

Каб высьветліць, чаму ў буйных гарадах нараджаюць менш, чым у невялікіх, а ў малых гарадах менш, чым у вёсцы, зьвернемся да навукі, што завецца «эталёгія». Яна вывучае паводзіны жывёлаў, што жывуць у групах (у тым ліку і чалавека як найбольш сацыяльна арганізаванай істоты). Навукоўцы-этолягі вызначылі, што так званая скупаванасьць уласьцівая ня толькі чалавеку, але й іншым відам сацыяльных жывёл. Прыкладам, калі шчыльнасьць папуляцыі саранчы дасягае крытычнага значэньня адносна наяўнай расьліннай масы, самкі пачынаюць адкладаць яйкі, зь якіх выходзіць «паходнае» патомства. Новыя асобіны зьбіраюцца ў вялізныя групы і мігруюць, шукаючы ежы. У такіх групах яны альбо ня плодзяцца зусім, альбо плодзяцца абмежавана — меней, чым трэба для ўзнаўленьня. У прыродзе ёсьць такія віды вусякоў, якія ва ўмовах павышанай скупаванасьці кідаюць ня толькі пладзіцца, але нават харчавацца. «Також і людзі»: жорсткая канкурэнцыя на маленькай тэрыторыі ўвесь час сее ў падсьвядомасьці боязь, што ты і твае дзеці акажуцца «лішнімі». Дык няхай жа іх будзе меней.

Другая прычына, якая ўплывае на ўзровень нараджальнасьці болей, чым матэрыяльны дастатак, — гэта ўзровень сьмяротнасьці. Спытайце жанчыну: ці плянавала б яна наступнае дзіця, калі б не была пэўная, што тое, якое ўжо ёсьць, дажыве да паўналецьця? Яна адкажа станоўча. Ад 1945 г. каэфіцыент сьмяротнасьці ў дзяцінстве ў Беларусі зьменшыўся амаль у восем разоў — з 67 да 9 чалавек на 1000 народжаных у 2000 г. Паралельна зьніжэньню дзіцячай сьмяротнасьці падала нараджальнасьць: ад 27 у 1945 г. да 16 у 1970 г. і 10 народжаных на тысячу жыхароў у 2000 г. Каэфіцыент пэрынатальнай сьмяротнасьці (на 1000 народжаных жывымі і мёртвымі) у Беларусі таксама скараціўся: з 15 чалавек у 1980 г. да 7 у 2000 г.

Такім чынам, нараджальнасьць вызначаецца закладзенымі ў людзях прыроджанымі праграмамі паводзінаў і рэгулюецца ў залежнасьці ад шчыльнасьці насельніцтва і ўзроўню дзіцячай сьмяротнасьці ў краіне. Жыцьцёвы ўзровень на нараджальнасьць мала ўплывае.

Галоўнае не мільёны

Сапраўдныя прычыны скарачэньня колькасьці насельніцтва важна ведаць дзеля таго, каб распрацаваць эфэктыўную дэмаграфічную палітыку.

Урады розных краін, каб зьменшыць міграцыю зь вёскі ў горад, выдаткоўвалі значныя бюджэтныя сродкі на разьвіцьцё вясковай інфраструктуры і атрымлівалі адваротны эфэкт. Бо вяскоўцы дазнаваліся пра дадатковыя магчымасьці, якія можа даць жыцьцё ў мэгаполісе.

Гэта па-іншаму прымушае зірнуць на праблему дэградацыі сельскай мясцовасьці ў Беларусі. Яе прычынай быў не адток насельніцтва ў гарады (што звычайна тлумачыцца індустрыялізацыяй у другой палове ХХ ст). У некаторых разьвітых эўрапейскіх краінах доля сельскага насельніцтва складае 4—5% і яно няблага дае рады вытворчасьці неабходнага аб’ёму харчаваньня для гораду (у Беларусі вяскоўцаў цяпер 29%). Дэградацыю сельскай мясцовасьці перадвызначыла калгасна-саўгасная сыстэма гаспадараньня, якая б’ецца ў агоніі да сёньня.

Зьяўляюцца меркаваньні, што скарачэньне колькасьці насельніцтва трэба разглядаць як пагрозу эканамічнай бясьпецы Беларусі. На мой погляд, нават калі разьвіцьцё пойдзе па самым пэсымістычным сцэнары і да канца гэтага стагодзьдзя насельніцтва Беларусі скароціцца напалову, нічога страшнага не адбудзецца. Бальшыня людзей у буйных гарадах гэтага нават не заўважыць.

Праблема ня ў колькасьці насельніцтва, а ў стварэньні грамадзянам краіны ўмоваў, паводле нямецкага эканаміста Вальтэра Ойкена, «вартых чалавека». Тады ў сельскай мясцовасьці будуць заставацца тутэйшыя і сяліцца новыя жыхары. Фінансавая дапамога сялу павінна быць адрасаваная канкрэтным людзям, якія маюць у ёй патрэбу, а не абстрактнай «сельскай гаспадарцы» — неэфэктыўнай сельскагаспадарчай вытворчасьці на аснове грамадзкай уласнасьці.

Посьпехі на сусьветнай арэне ў спорце, культуры, эканоміцы, палітыцы не залежаць ад велічыні нацыі. У пяцімільённай Фінляндыі ў дзясяткі разоў больш лядовых арэнаў, чым у 10-мільённай Беларусі і, адпаведна, болей фінаў займаюцца хакеем, чым беларусаў. Таму перамогі зборнай Беларусі накшталт той, што была на апошняй Алімпіядзе над зборнай 8-мільённай Швэцыі, яшчэ доўга будуць расцэньвацца як сэнсацыі.

Узровень жыцьця і стандарты ў краіне галоўным чынам залежаць ад узроўню вытворчасьці тэхналёгіяў грамадзтва і ад таго, наколькі разумна арганізаванае яго эканамічнае жыцьцё.

Уладзь Калупаеў, кандыдат эканамічных навук

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0