«У Беларусі няма палітвязьняў і мы на гэтым настойваем»,— заявіў сёньня ў Рыме спэцыяльны прадстаўнік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Гайдукевіч, перадае італьянскае агенцтва AGI.

У часе сустрэчы зь італьянскім дэпутатам і дакладчыкам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэя Рыгоні беларускі парлямэнтар, лідэр Лібэральна‑дэмакратычнай партыі Беларусі падкрэсьліў, што вязьні, пра якіх пішуць на Захадзе, зьяўляюцца звычайнымі крымінальнікамі.

Ён адзначыў, што Беларусь «зьяўляецца адкрытай краінай, гатовай для кантактаў з Эўразьвязу і эўрапейскімі структурамі. Сяргей Гайдукевіч таксама заявіў, што ягоная краіна крочыць курсам эканамічных рэформаў.

У сваю чаргу Андрэа Рыгоні, які зьбіраецца наведаць Менск сёлета ў кастрычніку, сказаў, што даручыць калегам праверыць праўдзівасьць гэтай інфармацыі. У часе сустрэчы Андрэа Рыгоні таксама падкрэсьліў, што ніхто ня просіць ад Беларусі стаць у адзін момант дэмакратычнай краінай. Аднак было б пажадана, каб у часе наступнай такой сустрэчы, беларускі бок змог бы прадэманстраваць канкрэтныя вынікі ў ажыцьцяўленьні хаця б адной з 12 рэформаў, выкананьня якіх патрабуе ад Беларусі ЭЗ, заявіў дакладчык ПА РЭ па Беларусі.

Заўтра ў Страсбуры заплянаваная сустрэча Сяргея Гайдукевіча з прэзыдэнтам ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэнам.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0