Генэральны пракурор Каралеўства Гішпаніі пастанавіў закрыць адзіную цалкам баскамоўную газэту «Egunkaria». У віну ёй ставіцца супрацоўніцтва з тэрарыстычнай групоўкай Э.Т.А. Супрацоўнікі выданьня на чале з галоўным рэдактарам арыштаваныя.

Тыя ж, каму пашанцавала ня трапіць за краты, пачалі рыхтаваць новы праект. Асаблівасьць гэтага здарэньня ў тым, што «Egunkaria» лічылася цэнтрысцкім выданьнем і мела накіраванасьць больш культурніцкую, чым палітычную. Закрыцьцё газэты выклікала хвалю абурэньня як у самой Краіне Баскаў, так і па ўсім каралеўстве. Цэнтральныя СМІ рэзка крытыкуюць урад, а на вуліцы Даносьціі (па-гішпанску Сан-Сэбаст’ян) выйшла больш за 100 тыс. абражаных баскаў.

Гэта ўсё адбываецца на фоне сусьветнай вайны з тэрарызмам. Гішпанія — адна з самых адданых хаўрусьніц ЗША, і гэта, на думку афіцыйнага Мадрыду, дае яму карт-блянш на сваю маленькую вайну. Вось яна — праблема безьдзяржаўных нацыяў. Прынцыпы Дэклярацыі ААН аб праве на самастойнасьць народу абвяргаюцца яе падпісантамі. Сьвет заплюшчвае вочы на Чачэнію, Краіну Баскаў і г.д. Пасьля 11 верасьня ўсё гэта адбываецца пад прыкрыцьцём «вайны зь міжнародным тэрарызмам».

Баскам не звыкацца з рэпрэсіямі: летась была пастаўлена па-за законам незалежніцкая палітычная плятформа Батасуна («НН» №37, 2002 г.), зачыненыя культурніцкія цэнтры Тавэрны, існуе забарона на мітынгі. Такая пазыцыя Мадрыду штурхае баскаў да ўсё больш радыкальных мэтадаў змаганьня.

Баскі — народ на поўначы Ібэрыйскага паўвострава, які захаваў сваю самабытнасьць і мову. Мова баскаў своеасаблівая, яна ня мае роднасных у Эўропе.

FE

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0