Сябра Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які балятуецца ў дэпутаты Менгарсавету, 23 лютага распаўсюдзіў у сваёй акрузе беларускамоўныя ўлёткі-віншаваньні, на адваротным баку якіх намалявана, як завязваць гальштук. У Менску па-беларуску зьвярталіся да выбарцаў толькі прадстаўнікі БНФ. Іншыя дэмакратычныя кандыдаты (ад АГП, «Народнай Грамады») агітавалі па-расейску. Іншы раз гэта глядзелася ненатуральна — як у выпадку гісторыка Ніны Стужынскай, дасьледніцы Слуцкага збройнага чыну, ці Сяргея Чыслава, арганізатара патрыятычнага выхаваньня моладзі. Вынік аднолькавы: апазыцыйныя кандыдаты ў Менску сабралі ад 20 да 35% галасоў, незалежна ад мовы і партыйнасьці.

Алесь Міхалевіч (Мар’іна Горка, БНФ): «Для народу пытаньня, якою моваю да яго гавораць, не існуе. Гэтае пытаньне прыдумала сабе эліта. Народу важна, хто гаворыць, што гаворыць і як гаворыць. А якою моваю — няважна». А.Міхалевіч сабраў 76% галасоў. Мовай ягонай агітацыі была беларуская.
Алесь Міхалевіч (Мар’іна Горка, БНФ): «Для народу пытаньня, якою моваю да яго гавораць, не існуе. Гэтае пытаньне прыдумала сабе эліта. Народу важна, хто гаворыць, што гаворыць і як гаворыць. А якою моваю — няважна». А.Міхалевіч сабраў 76% галасоў. Мовай ягонай агітацыі была беларуская.
У Магілёве па-беларуску вялі агітацыю сябра БНФ Рыгор Костусеў, а таксама прадстаўнік Свабоднага прафсаюзу Аляксей Паўлоўскі. А вось сябра БНФ Зьміцер Салаўёў выпусьціў расейскамоўныя ўлёткі. У іх тэксьце кідаецца ў вочы слова «дабрабыт». Дзякуючы гэтаму акцэнту ці не, але ён выйшаў у другі тур.

Сярод дэмакратычных кандыдатаў Віцебску па-беларуску вялі агітацыю сябры БНФ Уладзіслаў Токараў, Кастусь Смолікаў і Віктар Шляхцін. Беспартыйныя Яраслаў Манцэвіч і Тацяна Севярынец (сястра лідэра «Маладога фронту») надрукавалі два варыянты ўлётак — па-беларуску і па-расейску. А кандыдат ад БНФ Хрыстафор Жаляпаў, які выйшаў у другі тур, вёў агітацыю выключна моваю «міжнацыянальных зносін».

У Воршы па-беларуску агітаваў за сябе толькі дырэктар школы №22, сябра незарэгістраванай АСДП Юры Нагорны.

У Глыбокім па-беларуску вядуць агітацыю рэдактар газэты «Вольнае Глыбокае» Ўладзімер Скрабатун, а таксама сябры БСДП (НГ) Зьміцер Курцэвіч і Юлія Бука. Сымптаматычна, што кіраўнік «Народнай Грамады» Мікола Статкевіч на пачатку кампаніі гаварыў, што партыйная стратэгія — агітаваць па-расейску, «каб быць бліжэйшымі да выбарцаў». Глыбачане, як бачым, маюць свае падыходы.

У Берасьці ўсе кандыдаты ад БНФ (Васіль Барболін, Ніна Давыдоўская, Яўген Бяласін, Уладзімер Красько, Сяржук Бахун) аднадушна друкуюць улёткі й гутараць з выбарцамі беларускай мовай. Апрача іх, па-беларуску там не агітаваў ніхто.

У Горадні сябра БНФ і кіраўнік Незалежнага прафсаюзу аб’яднаньня «Азот» Сяргей Антусевіч вядзе агітацыю па-расейску. Беларускай мовай з усіх кандыдатаў у дэпутаты карысталіся толькі ягоныя аднапартыйцы Валер Кісель і Вадзім Саранчукоў. Працэнтавыя вынікі С.Антусевіча і В.Кісяля прыкладна аднолькавыя — 33 і 35%. Праўда, С.Антусевіч выйшаў у другі тур, бо ў ягонай акрузе было больш за 2 кандыдаты, а выбары ў акрузе, дзе В.Кісель падзяліў сымпатыі зь міліцэйскім начальнікам, не адбыліся.

У Слоніме ў дэпутаты балятаваліся два прадстаўнікі БНФ — Алесь Масюк і Іван Шэга, якія агітавалі выбарцаў па-беларуску. Малады А.Масюк набраў 24% галасоў, а І.Шэга перамог ды стаў дэпутатам.

У Маладэчне, Валожыне і шэрагу іншых заходнебеларускіх гарадоў прадстаўнікі намэнклятуры выдавалі свае агітацыйныя матэрыялы па-беларуску. І выйгралі. У той жа час былі цэлыя раёны як на Захадзе, так і на Ўсходзе Беларусі, дзе беларускай мовай не карысталіся кандыдаты ні ад уладаў, ні ад апазыцыі. Так было ў Мастох, Мсьціславе.

Парадаксальна, што па-расейску часам агітавалі нават тыя, хто ў прыватным жыцьці беларускамоўны. Але галасоў гэта ім не дадавала. Выбарцы зьвярталі больш увагі на біяграфію, рэпутацыю і аблічча кандыдата.

Мікола Бугай, Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0