Касэты зь беларускім перакладам фільму Анджэя Вайды «Пан Тадэвуш» будуць зьняты з продажу. Арганізатар перакладу Віталь Станішэўскі кажа, што вынік амаль трохгадовай працы над фільмам аказаўся ня варты таго часу і ўкладзеных сродкаў.

Калі Беларускі відэаклюб атрымаў ад Асамблеі няўрадавых арганізацыяў грант на пераклад замежных стужак, фільму Вайды ў плянах не было. Але сталася гэта якраз пры канцы 1999 г., калі новая экранізацыя паэмы Адама Міцкевіча толькі зьявілася. За чатыры тыдні пракату яна сабрала больш за 3 млн. польскіх гледачоў. «Пана Тадэвуша» намінавалі на «Оскар-2000». Пад уплывам тае эўфарыі, відэаклюб вырашыў зрабіць беларускую вэрсію фільму.

Шмат часу пайшло на аналіз перакладаў і кампіляваньне зь іх тэксту, адпаведнага фільму. На беларускую мову «Пана Тадэвуша» перакладалі Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Семяжон ды Пятро Бітэль. Тэкст Тарашкевіча розьніўся ад арыгіналу памерам вершу, да таго ж у ім адсутнічаў эпілёг. Ня надта суадносіўся з кінакарцінкай і пераклад Семяжона. Таму за аснову быў узяты тэкст Бітэля — ён найбольш адпавядаў задуме Вайды. Бралі й урыўкі з двух іншых перакладаў, калі асобныя месцы больш адпавядалі «карцінцы».

Ад дубляваньня фільму адмовіліся адразу — бракавала прафэсійнай тэхнікі, ад тытраваньня таксама — арганізатары трымаліся думкі, што мову трэба ўспрымаць на слых. Агучваць фільм запрасілі актораў Аляксандра Ждановіча і Сьвятлану Тарасенку. Голас Ждановіча шмат каму будзе знаёмы — колькі гадоў ім «гаворыць» адзін з пэрсанажаў «Калыханкі» Маляваныч. Сьвятлану Тарасенку памятаюць прыхільнікі тэатру «Вольная сцэна».

Удзельнікі праекту былі нібыта й задаволеныя вынікамі працы. Праслухаўшы канчатковую вэрсію, ніхто й не заўважыў, што на пачатку фільму беларускі тэкст гучыць вельмі неразборліва, зьліваецца з польскім «арыгіналам». А праз колькі тыдняў пасыпаліся нараканьні на гук. Станішэўскі кажа, што відэаклюб імкнуўся зэканоміць, бо грошай на выданьне было вобмаль — 300 даляраў. Бюджэт «Тадэвушу» — найвялікшы, калі параўнаць з выдаткамі на іншыя фільмы, перакладзеныя відэаклюбам (найлепей зь іх прадаецца «Адважнае сэрца»).

Відэаклюб вырашыў перамантажаваць гукавыя дарожкі, каб тэкст быў больш разборлівым. У сярэдзіне сакавіка беларускі «Пан Тадэвуш» мае выйсьці паўторна. Як сумленны выдавец, «Беларускі відэаклюб» абяцае замяніць касэту на больш якасную ўсім тым, хто яе ўжо набыў. А такіх на сёньня чалавек пяцьдзясят.

Сяргей Будкін, Мікола Бянько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0