Сьмяротна небясьпечны від інфэкцыйнай пнэўманіі імкліва распаўсюджваецца з Азіі па ўсім сьвеце. Загадкавая інфэкцыйная хвароба, якая атрымала назву «востры рэсьпіраторны сындром», ужо забрала жыцьці 17 чалавек, а колькасьць носьбітаў інфэкцыі імкліва расьце. Хваробу правакуе раней невядомы мікраарганізм, падобны да вірусаў адру й заўшніцы. Пакуль ня знойдзена ані антывірусных лекаў, ані антыбіётыкаў, якія б узьдзейнічалі на яго. Хаця дактары вырашылі, што гэта род запаленьня лёгкіх, першыя праявы хутчэй нагадваюць грып. Але чым бы ні была гэтая хвароба — у эпоху самалётаў яна разьнеслася па сьвеце вокамгненна. Мы знаходзімся перад пагрозай сусьветнай эпідэміі, накшталт грыпу 1918 г., гэтак званай «гішпанкі» — непакояцца прадстаўнікі Сусьветнай асацыяцыі аховы здароўя.

Хвароба пачала распаўсюджвацца з паўднёвага Кітаю ды Віетнаму і хутка дабралася да Амэрыкі. Людзі з падазрэньнем на гэтую хваробу зарэгістраваныя і ў эўрапейскіх больніцах. У Швайцарыі, Італіі, Брытаніі, Славеніі, Аўстрыі, Нямеччыне іх ужо за два дзясяткі.

У суботу СААЗ зьвярнулася да падарожных, што зьдзяйсьняюць міжкантынэнтальныя пералёты, каб яны чуйнавалі і зьвярталіся да дактароў, як толькі заўважаць у сябе праявы, што хоць трохі нагадваюць прастуду, грып ці запаленьне лёгкіх, — а менавіта кашаль, гарачку, галаўны боль, страту апэтыту, ламоту ў мускулах, цяжкасьці з дыханьнем, часам таксама сып і панос. На думку навукоўцаў, хвароба перадаецца толькі праз блізкі кантакт хворых з здаровымі. Ад заражэньня да першых яе праяваў праходзіць ад двух да сямі дзён. Бясьпечней будзе адкласьці заплянаваныя падарожжы, асабліва ў краіны Паўднёва-Ўсходняе Азіі.

Пакуль дактары да канца ня ведаюць, з чым маюць справу. Каб здабыць матэрыялы для вывучэньня, амэрыканскія эпідэміёлягі на мінулым тыдні выехалі ў Віетнам. Туды ж накіроўваюцца францускія і японскія дактары.

У краінах, што мяжуюць зь Беларусяй, праяваў гэтай хваробы пакуль не зарэгістравана. Але ў беларускіх аэрапортах узмоцнены эпідэміялягічны кантроль.

Апошні раз буйная эпідэмія грыпу была зарэгістравана ўзімку 1999—2000 г., калі ў Беларусі па мэдычную дапамогу зьвярнуліся каля 500 тысяч чалавек (5,14% насельніцтва).

Сёлетні грып упершыню праявіўся пры канцы 2002 г. у паўднёвым паўшар’і. Хвароба прыходзіць туды, калі там зіма — у чэрвені—верасьні. За чэрвень—жнівень на Мадагаскары захварэлі 22 тысячы чалавек, зь іх памерла 671 асоба. Сёлетнюю мадагаскарскую заразу абсьледавалі навукоўцы з Інстытуту Пастэра ў Парыжы. Быў вылучаны штам вірусу тыпу A H3N2. Сьмяротнасьць ад яго ўзьнялася вышэй за 3% і была ў пяць разоў большай, чым пры пандэміі «гішпанкі» ў 1918—1919 годзе, што забіла 40—50 мільёнаў чалавек.

Абсьледаваўшы нядаўна тканкі двух замерзлых жаўнераў і кабеты на Алясцы, навукоўцы высьветлілі, што вірус «гішпанкі» кружляў па сьвеце некалькі гадоў, перад тым як пачаць сьмяротную касьбу. Прадказаць, калі пачнецца новы выбух, практычна немагчыма.

Пандэмія (г.зн. сусьветная эпідэмія) грыпу выбухае звычайна праз кожныя 20—40 гадоў. Цяпер прайшло ўжо больш за 30 гадоў ад апошняй, трэцяй за ХХ ст. Яна мела назву «ганконгаўскай» і адбылася ў 1968 г. Тады памерла 700 тысяч чалавек. Папярэдняя, «азіяцкая» пандэмія лютавала ў 1957 г. і зьнішчыла каля мільёна чалавек. Падобныя выбухі грыпу адбываліся й у ХІХ ст. — у 1873 і 1889 г.

Вірус грыпу — хваробы, вядомай з старажытнасьці — толькі ў 1932 г. быў адкрыты амэрыканцам Рычардам Скоўпам. Цяпер вядома, што вірус грыпу здольны да фантастычных генэтычных мутацыяў. Гэта й прыводзіць да зьяўленьня штораз новых штамаў. Таму супраць гэтай хваробы не выпрацоўваецца імунітэт і немагчыма стварыць унівэрсальную прышчэпку.

«За некалькі месяцаў у сьвеце захварэюць каля мільярда чалавек. Празь некалькі гадзін пасьля заражэньня ў некалькіх мільёнаў пачнецца хуткацечнае запаленьне бронхаў і лёгкіх. Удушша і крывахарканьне. Лекары здолеюць выратаваць толькі адзінак. У шпіталях ня будзе хапаць месцаў, хворыя будуць паміраць у хаце, на вуліцы». Такі сцэнар малююць эпідэміёлягі. На думку некаторых зь іх, некалі ён непазьбежна зьдзейсьніцца.

«Магчымае нават вяртаньне «гішпанкі», — сьцьвярджае Райнгард Курт, дырэктар Інстытуту Робэрта ў Бэрліне. Чаму менавіта той, «гішпанскі грып» быў такім агрэсіўным, дагэтуль невядома. Тады паміралі ня толькі хранічна хворыя, дзеці ці старыя, але й моцныя, здаровыя асобы. Сьмерць надыходзіла часам празь некалькі гадзін пасьля заражэньня. Некаторыя навукоўцы ўжо сьпяшаюцца назваць сёлетнія загадкавыя выпадкі грыпапнэўманіі пачаткам новай пандэміі.

Руслан Равяка

Статыстыка захворваньняў на грып і сьмяротнасьці ў год у сярэднім

краіна Колькасьць Перахворваюць Колькасьць Колькасьць

жыхароў (млн.) на грып шпіталізаваных сьмяротных

выпадкаў

ЗША 250 15 млн.—30 млн. 175 тыс.—4 млн. 12500—37500

Аўстрыя 8 480 тыс.–960 тыс. 5600—12800 400—1200

Бэльгія 10 600 тыс.—1,2 млн. 7000—16000 500—1500

Партугалія 10 60 тыс.—120 тыс. 7000—16000 500—1500

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0