Міністар энэргетыкі Ўладзімер Сямашка й дырэктар Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч выступілі за пабудову АЭС. Але Аляксандар Лукашэнка іх не падтрымаў.

Міністэрства энэргетыкі прапанавала ўраду камэрцыялізаваць вытворчасьць і продаж электраэнэргіі. Адзіную энэргасыстэму краіны падзеляць на тры сэктары паводле функцыяў: генэравальны (выпрацоўка энэргіі), перадавальны ды разьмеркавальны. Прадпрыемствы розных сэктараў ня будуць, як цяпер, дзяліць прыбыткі ды выдаткі. Вытворчасьцю электрычнасьці зоймуцца некалькі дзяржаўных кампаніяў-канкурэнтак. Калі ўрад пойдзе на тое, каб за лініі электраперадачаў ды разьмеркаваньне энэргіі паміж спажыўцамі таксама адказваў не манапаліст, а незалежныя структуры, будзе створаны сапраўдны рынак электрычнасьці.

Як гэта можа выглядаць, відаць на прыкладзе Нямеччыны. Тамтэйшыя канцэрны, што гандлююць электрычнасьцю, разгортваюць сапраўдныя рэклямныя войны за кліентаў. Электраэнэргія — тавар, цяжкі для прасоўваньня на рынак. Яна ня можа быць лепшай ці горшай — электрычнасьць аднолькавая ва ўсіх канкурэнтаў. Розьніцца толькі цана, прычым вельмі нязначна. Таму гандляры энэргіяй ідуць на маркетынгавыя хітрыкі. Гэтак, канцэрн «Yellow Strom» прыдумаў, што ягоная электрычнасьць мае жоўты колер. Менавіта гэтая, на першы погляд, бязглузьдзіца прыцягнула ўвагу шараговых спажыўцоў.

Аднак спадзявацца на поўную лібэралізацыю энэргетычнага рынку ў нашай краіне зарана. Назіраць за цэнаўтварэньнем ды выдаваць ліцэнзіі будзе новая дзяржаўная структура — Нацыянальная энэргетычная камісія, дужа падобная да расейскай Фэдэральнай энэргетычнай камісіі. Ніводнай з трох частак энэргакомплексу не закране прыватызацыя. Акцыянуюць хіба некаторыя арганізацыі, што займаюцца выпрацоўкай энэргіі ці будаўніцтвам аб’ектаў энэргетычнай інфраструктуры. Пачнецца рэформа з таго, што тры галоўныя электрастанцыі (Лукомская ды Бярозаўская ГРЭС, а таксама Менская ЦЭЦ-5), якія падпарадкоўваюцца абласным энэргааб’яднаньням, атрымаюць адзінага кіраўніка — «Белэнэрга».

Падрыхтоўка праекту рэформы Міністэрствам энэргетыкі пачалася пасьля таго, як Лукашэнка запатрабаваў да 1 ліпеня рэарганізаваць гэтую ўстанову. Падчас нарады ў Мінэнэргетыкі выцягнулі былі з шуфляды пляны пабудовы беларускай атамнай электрастанцыі. Галоўнымі яе лабістамі былі Ўладзімер Сямашка і Міхаіл Мясьніковіч. Іх апанэнты, якіх ачольвае Леў Дубовік, старшыня Камітэту па энэргаэфэктыўнасьці пры Саўміне, лічаць, што варта больш рацыянальна выкарыстоўваць унутраныя энэргарэсурсы. Лукашэнка пагадзіўся з апошнімі ды загадаў разьвіваць альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі.

Аднак галоўная крыніца — не электраветракі ці сонечныя батарэі, а адмыслоўцы-прафэсіяналы, здольныя перабудаваць прадпрыемствы такім чынам, каб спажывалася менш энэргіі. Паводле разьлікаў ведамства Л.Дубовіка, да 2020 г. Беларусі будзе патрэбна на 41 млрд. кВт/г электрычнасьці больш, чым цяпер. За кошт энэргазьберажэньня можна зэканоміць каля 45 млрд. кВт/г. Таму вырашана, што бязь мірнага атаму можна будзе абысьціся.

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0