«Дынамічна разьвівалася нашае эканамічнае супрацоўніцтва», — казаў пра Ірак Лукашэнка ў сваім тэлезвароце. І праўда: у гутарках пра ранейшыя гаспадарчыя адносіны Іраку і Беларусі цяпер больш выпадае карыстацца дзеясловамі мінулага часу. Неўзабаве ў Багдадзе зьявяцца новыя гаспадары. Як гэта адаб’ецца на беларускай гаспадарцы?

Цяпер ва ўладзе ў ЗША знаходзіцца геаэканамічная каманда, што прыйшла зь вялікага карпаратыўнага бізнэсу. Генэральны віцэ-прэзыдэнт Дзік Чэйні з 1995 г. узначальваў адну з найбуйнейшых кампаніяў ЗША «Halliburton» (абсталяваньне для нафта- і газаздабычы, інтарэсы ў ВПК); міністар фінансаў Пол О’Ніл кіруе самым буйным у сьвеце вытворцам алюмінію «Alcoa Inc» (30% сусьветнай вытворчасьці); міністар абароны Дональд Рамсфэльд цягам 23 гадоў узначальваў буйныя кампаніі ў сфэры фармацэўтыкі і тэлеіндустрыі; дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Кандаліза Райс мае досьвед працы ў сфэры стратэгічнага ядравага плянаваньня і інтарэсы ў нафтавых кампаніях; дзяржсакратар Колін Паўэл — генэрал, адзін з стваральнікаў пляцдарму для абароны энэргетычных інтарэсаў ЗША ў Пэрсыдзкай затоцы.

Амэрыканская замежная палітыка знаходзіцца ў руках карпаратыўных інтарэсаў. ЗША зробяць усё, каб павялічыць прыбыткі, якія яны атрымаюць па сканчэньні вайны, ды зьменшыць выдаткі. Дж.Буш ужо падаў у Кангрэс абгрунтаваньне на выдаткі ў памеры 75 млрд. даляраў. Значыцца, будзе зроблена ўсё, каб паменшыць магчымасьці іншых краінаў атрымаць эканамічныя выгоды як на нафтавым рынку, так і ў пастаўках прадукцыі на пасьляваеннае аднаўленьне Іраку.

Экспарт

Эканамічны ўплыў вайны ў Іраку на Беларусь можна разглядаць у трох галоўных кірунках. Па-першае, лёс экспартных кантрактаў (як ужо падпісаных, так і новых, зьвязаных з паваенным аднаўленьнем Іраку). Па-другое, сытуацыя на паваенным нафтавым рынку. І па-трэцяе, прыцягненьне раней абяцаных інвэстыцыяў з арабскіх фондаў.

Беларускі экспарт у Ірак нязначны, але ён даволі дынамічна разьвіваўся. Так, у 1995—97 г. яго не было наагул, у 1998 г. ён склаў 5,5 млн. даляраў, у 2000 г. — 7,8 млн. даляраў, у 2002 г. — каля 32 млн. даляраў. Асноўныя яго артыкулы — прадукцыя машынабудаваньня: трактары (1500 штук за 2000—2002 г.), шасі і прычэпы (400—500 у 2001—2002 г.), рухавікі (450 летась). Разьвіцьцё экспарту стрымліваюць санкцыі ААН, якія не дазваляюць рэалізаваць падпісаныя між Беларусяй ды Іракам кантракты на 300 млн. даляраў. А гэта 3,7% леташняга экспарту Беларусі. Рэалізацыя гэтага патэнцыялу малаверагодная. Цяжка спадзявацца і на экспарт, напрыклад, беларускіх будаўнічых матэрыялаў, бо ЗША будуць намагацца аднаасобна выкарыстаць пасьляваенны рост попыту на абсталяваньне для нафтаздабычы, на будматэрыялы, сродкі транспарту і г.д.

Нафтавы рынак

Беларусь нафту імпартуе па сусьветных цэнах, не зацікаўленая ў іх падвышэньні і залежыць ад стабільнасьці на энэргарынках. З пачатку 2002 г. і да пачатку вайны сярэдняя цана на нафту вырасла да 38 даляраў за барэль. Але ў першыя дні яна паменшала да 27 даляраў. Для эканомікі ЗША выгадна, калі нафта каштуе каля 25 даляраў за барэль. Гэта значыць, што цэны стабілізуюцца блізка каля гэтага ўзроўню, інакш вайна для ЗША будзе фінансава неапраўданай. Іншае пытаньне, колькі часу спатрэбіцца для стабілізацыі цэнаў.

Першая вайна ў Пэрсыдзкай затоцы сьведчыць, што на аднаўленьне сьвідравінаў спатрэбілася 1,5—2 гады. Гэтулькі ж, максымум, спатрэбіцца і гэтым разам. Таму, пакуль здабыча нафты ня выйдзе на даваенны ўзровень, краіны OPEK будуць павялічваць яе экспарт. Расея ўжо дамовілася з OPEK аб павелічэньні здабычы на 0,5 млн. барэляў у суткі (гэта чвэрць ад таго, што здабываў Ірак перад вайною). Але магутнасьці Расеі па транзыце дадатковага экспарту абмежаваныя. Таму павялічыцца загрузка беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў з мэтай экспарту прадуктаў нетрубаправодным транспартам. Гэта можа актывізаваць прыватызацыю двух беларускіх НПЗ, тым больш што прыкладна 40% акцыяў Мазырскага заводу знаходзіцца ва ўласнасьці расейцаў. Дадатковы струмень нафтадаляраў у Расею можа справакаваць пашырэньне попыту на беларускія тавары.

Інвэстыцыі

Сытуацыя з арабскімі інвэстыцыямі ў Беларусь (напрыклад, дамоўленасьць з Кувэйцкім фондам аб інвэстыцыях у электраэнэргетыку і хімічную прамысловасьць) будзе залежаць ад ступені разбурэньняў на Арабійскім паўвостраве падчас вайны. Калі дамоўленасьці аб інвэстыцыях і застануцца ў тых жа памерах, то, прынамсі, верагоднае іх запаволеньне.

Такім чынам, у эканамічным пляне ўплыў вайны ў Іраку на Беларусь будзе хутчэй адмоўным. Гэта будзе вызначацца тым рэжымам, які прыйдзе пасьля вайны. Але афіцыйная пазыцыя Беларусі ў адносінах да вайны ў Іраку дае магчымасьць атрымаць пэўныя палітычныя дывідэнды на эўрапейскай прасторы. І гэтыя дывідэнды могуць ператварыцца ў эканамічныя плюсы.

Уладзімер Валетка, эканаміст

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0