На замову «Нашай Нівы» сацыялягічная служба агенцыі БелаПАН «Люстра» правяла дасьледаваньне грамадзкае думкі менчукоў. Было апытана 500 чалавек. Пытаньне гучала так: «Вы падтрымліваеце або не падтрымліваеце ваенныя дзеяньні ЗША супраць Іраку?» Як выявілася, 80,8% жыхароў сталіцы не падтрымліваюць ваеннага ўмяшаньня ЗША ў Іраку. Яшчэ 9,6% менчукоў «хутчэй не падтрымліваюць, чым падтрымліваюць». Дзеяньні амэрыканцаў падтрымліваюць 3% апытаных. Яшчэ 2,6% апытаных «хутчэй падтрымліваюць, чым не падтрымліваюць» дзеяньні ЗША. Такім чынам, усяго 5,6% беларусаў ухваляюць рашэньне амэрыканцаў пра збройнае ўмяшаньне на Блізкім Усходзе. 4% ня маюць пазыцыі па гэтым пытаньні.

Цікава, што адначасова толькі 7% лічаць, што Беларусі варта было б даць палітычны прытулак Садаму Хусэйну. 80% супраць гэтага. Вось жа, беларусы асуджаюць вайну не дзеля сымпатый да Садама.

Апытаньне «НН»

Беларусь і сьвет пасьля Іраку

ЗША, Вялікабрытанія, Гішпанія і краіны «Новай Эўропы» — супраць Іраку; Францыя, Нямеччына, Расея і Кітай — супраць вайны. Масхадаў падтрымлівае амэрыканцаў, а Лукашэнка вінаваціць Расею ў здрадзе саюзьнікам. ААН імкліва губляе вагу на міжнароднай арэне, Эўразьвяз паралізаваны. Якімі будуць наступствы вайны для міжнароднай палітыкі? Што зьменіцца ў сьвеце і для Беларусі ў выніку Ірацкае вайны?

Віталь Сіліцкі, дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту: Выклікае моцны сумнеў думка, якую часта выказваюць аналітыкі: маўляў, разьбяруцца з Іракам — возьмуцца за нас. Гэта нерэальна.

Пасьля вайны Лукашэнку будзе значна лягчэй атрымаць падтрымку Крамля для трэцяга тэрміну свайго прэзыдэнцтва. Калі Пуцін і пачне пратэставаць, дык Лукашэнка зможа заявіць, што той скача пад амэрыканскую дудку.

Андрэй Фёдараў, экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў: На Беларусь гэтая вайна можа паўплываць толькі ў двух пытаньнях. Па-першае, цэны на нафту. Па-другое, калі знойдзецца «сьлед» беларускага гандлю з Іракам у абыход санкцыяў ААН.

Мікола Крукоўскі, доктар філязофскіх навук, прафэсар: Ісламская культура знаходзіцца на ўздыме, перажывае сваё адраджэньне. У гэтым яны блізкія і нам. Гэты канфлікт прымусіць і беларусаў глянуць глыбей на сваю лінію паводзінаў. Раней існавала дзьве лініі: альбо мы ідзём у Расею, альбо — на Захад. Але выяўляецца, што і на Эўропу трэба глядзець уважліва — на гэтай глебе мы свайго Адраджэньня ня зробім. Гледзячы на тое, што адбываецца ў Іраку, мы набяромся больш досьведу, карыснага і для нашага Адраджэньня. Бо ў такія крытычныя моманты, калі стаіць пытаньне «быць ці ня быць», апраўдана ўсё.

Андрэй Ляховіч, палітоляг: З гэтай тройкай — Ірак, Іран, Сырыя — даўно трэба было разабрацца. Вынікі вайны будуць неспрыяльнымі для расейскай палітыкі, бо аслабяць уплыў Расеі на той рэгіён. Палітычная ж вага ЗША павялічыцца, што карысна і для Беларусі: Крэмль будзе мець менш рычагоў для ўплыву на нашу палітыку.

Валер Булгакаў, галоўны рэдактар часопісу «Аrche»: ЗША паказалі, што цяпер яны маюць шырокі інструмэнтар сродкаў для захаваньня дэмакратыі. З другога боку, выявілася, што ў краінах Захаду няма ўнутранае згоды. Сьвет будзе ўваходзіць у новыя часы моцна мабілізаваны гэткім досьведам. І не ў апошнюю чаргу, мабілізаваны абазначанымі лініямі разлому.

Пра наступствы вайны ў кароткачасовай пэрспэктыве казаць цяжка. Для амэрыканскае эканомікі яны будуць пазытыўнымі.

У расейскай — наадварот, выклічуць ускладненьні, бо яна ўся трымаецца на экспарце сыравіны.

Вайна паказала, што Лукашэнка троху баіцца падзеяў: антыамэрыканская рыторыка спалучалася з прызначэньнем Мартынава на пасаду міністра замежных справаў. Пры гэтым адзначалася, што ягонае прызначэньне павінна ўмацаваць заходні вэктар замежнай палітыкі.

Аднак вайна Беларусь моцна не закране. На нас можа адбіцца толькі расейскі эканамічны крызыс. Тады магчымы спад заробкаў і сытуацыя, падобная да той, што склалася падчас расейскага дэфолту ў жніўні 1998 г., калі нацыянальная валюта ў кароткі час стала таньнейшай амаль удвая.

Ігар Бабкоў, філёзаф: Сьвет пасьля гэтай вайны ня стане лепшым — больш гуманным, больш свабодным, больш справядлівым. Як бы яна ні скончылася.

Сьвет стане больш рэзкім, больш кантрасным. Ідэі лібэральнай дэмакратыі больш ня будуць асацыявацца выключна з свабодай і дабрабытам. Ад іх будзе пахнуць нафтай і бомбамі. А слова «Захад» ніколі ўжо ня вымавіцца так салодка, як на пачатку 90-х.

У сьвет вернецца гісторыя. Мы зразумеем, што самі адказныя за сваю сучаснасьць і сваю будучыню. Будзе так, як мы зробім, а ня так, як напісана ў Гаека альбо Леніна. Мы пачнём цаніць сваю «неімпэрыялістычную» гісторыю. І зразумеем, што ў сьвеце штодня тысячы паміраюць ад голаду, а ня толькі купляюць «форды» й «фальксвагены» ды запраўляюць найлепшым пральным парашком сваю пральную машыну. Як пра гэта гаворыць тэлевізар.

У гісторыю вернецца альтэрнатыва. Правыя паправеюць, левыя палявеюць. Стане крыху менш ідэалягічных зомбі і проста ідыётаў. А студэнты, як у 80-х гадох — забароненага Ніцшэ, будуць перадаваць адзін аднаму зачытаны ксэракс «Імпэрыялізм як найвышэйшая стадыя (глябальнага) капіталізму».

Пасьля вайны мы ўсе будзем жыць у «Асьвенцыме»… Гэта такая кампутарная гульня для выбраных. У ёй пілёт зь бясьпечнай вышыні націскае на гашэтку, і далей ракета сама шукае сваю ахвяру. Пілёт вяртаецца на базу. «Ці ня чуецеся вы вінаватым, — пытаецца журналіст, — ці вы адчуваеце, што там загінулі людзі?» — «Якія людзі, я ня бачыў ніякіх людзей», — дзівіцца пілёт. У яго блакітныя вочы і чыстая дзіцячая ўсьмешка. Як у апошняга чалавека.

Апытваў Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0