Кары Тапіёла зь Міжнароднай арганізацыі працы падчас візіту ў Менск на пальцах патлумачыў, чаго яны дамагаюцца ад нашага ўраду. Квінтэсэнцыя ў тым, каб працоўныя маглі вольна ствараць свае аб'яднаньні. Гэта цьвік сакрамэнтальных 12 патрабаваньняў МАП. А для айчынных уладаў — загваздка. Кара нябесная ад Кары Тапіёлы :-))

Самі разумееце, што пры нашай сыстэме вырашыць пытаньне можна было б адным росчыркам пяра, адным словам нават. Але згоды няма, хоць атрыманая дзяржавай глябальная "чорная метка" пагражае ў пэрспэктыве значнымі стратамі, і ня толькі грашовымі.

Страшна выпусьціць джына з пляшкі. Бо свабода асацыяцыяў — падмурак дэмакратычных зьменаў. Славутая стабільнасьць трымаецца на татальнай забароне самаарганізацыі (псэўдаініцыятывы кшталту "Белае Русі", натуральна, выносім за дужкі).

Тут толькі пакажы слабіну. Заўтра насядуць з новай сілай. А чым горшы рух "За свабоду"? Ці "Малады фронт"? Чаму не рэгіструеце незалежныя мэдыі? Памятаеце, наконт рэгістрацыі мэдыяў прагучала пытаньне на красавіцкай сустрэчы Лукашэнкі з рэдактарамі. Адказ быў бяз хітрыкаў: вырашаем залежна ад ляяльнасьці!

Колькі б ні гучала прапагандысцкіх казак пра маналітнае адзінства, наверсе добра ведаюць: грамадзтва расколатае. Груба кажучы, траціна супраць цяперашняй палітыкі. І вось гэтая траціна, фармальная меншасьць, складаецца, як сьведчыць сацыялёгія, з болей адукаваных, дынамічных, нацэленых на перамены і гатовых да дзеяньня індывідаў. Разьвяжы ім рукі — у прыватнасьці праз свабоду самаарганізацыі — горы зьвернуць!

Калі рэзюмаваць, то ўлада баіцца, што пачнуць утварацца асяродкі крышталізацыі грамадзянскае супольнасьці. Заўважце: зашмальцавалі "патрыятызм", але як чорт крыжа баяцца слова "грамадзянскасьць"! Бо патрыёта трактуюць як марыянэтку, як дзяржаўнага зомбі. Грамадзянін жа — птушка іншага палёту. Грамадзянін выразна разумее, што дзяржава — не сьвятарная карова, гэта проста плойма чыноўнікаў, зь якіх трэба спаганяць па поўнай праграме. І каб лепей было спаганяць, варта гуртавацца ў розныя суполкі, прафсаюзы, партыі.

Такія вось няўрымсьлівыя індывіды нашаму начальству не патрэбныя. Гуд бай, пан Тапіёла!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?