Будаваць катэджы ў Курапатах — занадта раскошна. Там трэба ставіць 5—7-павярховыя шматкватэрныя дамы, мяркуе галоўны архітэктар Менску Аляксандар Чадовіч. Летась ТДА «Вігэўрабуд» атрымала дазвол Менскага райвыканкаму на 10-гадовую арэнду тэрыторыі плошчай 26 га для будаўніцтва «жылога раёну катэджавай забудовы ў раёне ўрочышча Курапаты — Лагойскі тракт» (рашэньне райвыканкаму №1358 ад 31 жніўня 2002 г.). Агулам мяркуецца паставіць 160 катэджаў. За арэнду зямлі кампанія абавязалася пералічыць у бюджэт Менскага раёну 30% ад кошту аб’екту. Як прызнаўся генэральны дырэктар «Вігэўрабуду» Ўладзімер Асіповіч, гэта блізу мільярду рублёў (амаль 500 тысячаў даляраў).

Аднак будаўніцтва забараніў Дэпартамэнт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У часе праектаваньня пасёлку «Вігэўрабуд» забыўся на ахоўную зону вакол Курапатаў, якія лічацца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю Беларусі. Як кажа намесьнік дырэктара Дэпартамэнту Ігар Чарняўскі, аблпракуратура на пачатку сакавіка загадала «Вігэўрабуду» спыніць усе працы, пакуль ня будуць зробленыя праекты ахоўнай зоны.

Свае прэтэнзіі да «катэджавага пасёлку» мае і галоўны архітэктар Менску Аляксандар Чадовіч: «Мы адмовілі ва ўзгадненьні праекту будаўніцтва катэджаў. Бо пад створаную інфраструктуру — гандлёвыя памяшканьні і транспартныя комплексы, якія разьвіваюцца побач, — шчыльнасьць насельніцтва мае быць вышэйшай. Занадта раскошна будзе ставіць там катэджы. Трэба будаваць 5—7-павярховыя шматкватэрныя дамы».

Калі «Вігэўрабуд» атрымаў папярэджаньне ад пракуратуры, рэкляма будаўніцтва пайшла пад іншай маркай. У менскай прэсе (газэта «Ва-банк») і ў Інтэрнэце (сайт www.tut.by) зьявіліся прапановы ўкладаць грошы ў катэджы пасёлку «Сонечны» пад Менскам, якія будуе беларуска-нямецкая фірма «Гарнбахер і Боль». Прыблізны кошт квадрату плошчы жытла там — 500 у.а.

Беларускім партнэрам «Гарнбахеру» зьяўляецца турыстычная кампанія «Сакуб». Во як характарызуецца нямецкі кампаньён на яе інтэрнэт-сайце: «Кампанія ўжо шмат гадоў працуе на будаўнічым рынку Нямеччыны і за гэты час пасьпела добра зарэкамэндаваць сябе».

Дзіўна, аднак, што будаўнічая фірма «Hornbacher+Boll» ня мае сваёй інтэрнэт-старонкі ды не сустракаецца ў пошукавых сэрвэрах. І ў такую эфэмэрыду прапануюць укладаць немалыя грошы: фірма прапануе ўчасткі па 8, 10, 15 і 20 сотак. Кошт соткі — 1500 у.а.

І.Чарняўскага гэтая рэкляма зьдзівіла: «Мы вынесьлі папярэджаньне «Вігэўрабуду», а тут зьявілася зусім іншая фірма». А.Чадовіч зазначае, што рэклямныя публікацыі наконт забудовы тэрыторыі незаконныя.

Зрэшты, ані ў А.Чадовіча, ані ў «Сакубу» маральных згрызотаў будаўніцтва каля Курапатаў не выклікае. Дарма што пасьля пабудовы жылога пасёлку ўрочышча, якое й сёньня ня ў лепшым стане, мае шанцы канчаткова ператварыцца ў «шашлычню». Без гаспадара ды без ахоўнае зоны 30-гектарная тэрыторыя Курапацкага лесу будзе дарэшты спляжаная аматарамі «адпачынку на сьвежым паветры». Тым больш дзіўна гучаць аргумэнты А.Чадовіча: «Калі кажуць, што да гэтых 30 га трэба яшчэ сотню гектараў зрабіць ахоўнай зонай, дык гэта абсалютна неабгрунтавана і нерэальна. Жыцьцё ёсьць жыцьцё». Ён зазначае, што «старыя могілкі заўжды ідуць пад знос».

Аднак давайце паспрабуем сказаць заміж «Курапаты» — «Хатынь». Што, і тут жыцьцё ёсьць жыцьцё?

Вырашаць лёс Курапатаў хутка будзе ўжо не раённы, а Менскі гарадзкі савет. Тэрыторыя перададзеная яму. Раней у гарадзкой юрысдыкцыі была толькі невялікая частка лесу да кальцавой дарогі. Галоўны архітэктар кажа, што працэс перадачы гораду гэтай тэрыторыі ўжо ідзе. «Гэта трэба, каб, па-першае, стварыць юрыдычную асобу, якая будзе абслугоўваць тэрыторыю. Па-другое, каб у будучым сфармаваць бюджэт мэмарыялу і нешта зь ім зрабіць. Бо сёньня мы бачым і вандалізм, і непаважлівае стаўленьне да гэтага журботнага месца», — гаворыць А.Чадовіч.

Аб’яднаньне Курапатаў пад «адной страхой» дазволіць іхным абаронцам зь меншымі высілкамі вырашаць канкрэтныя пытаньні, зьвязаныя з мэмарыялам. Пішу «абаронцам», бо сёньня Курапатам яшчэ далёка да ператварэньня ў просты мэмарыял — гэты лес па-ранейшаму застаецца месцам змаганьня. Праўда, пакуль для абароны Курапатаў ня трэба зноў выходзіць пад бульдозэры. Пакуль яшчэ ёсьць шанец на мірную абарону. Затое, як паказвае досьвед 2001—2002 г., калі пойдуць бульдозэры, зрабіць нешта будзе ўжо позна.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0