Краіна стамілася ад нестабільнасьці

Рубель працягвае абясцэньвацца, за даляр даюць ужо 2000 наяўных. Адначасова Міністэрства ўнутраных справаў паведаміла, што за тры месяцы гэтага году колькасьць злачынстваў вырасла на 22%. Да інфляцыі беларусы неяк звыклі. А вось з крыміналам — сапраўдны абвал. Мы на пятым месцы ў сьвеце па колькасьці зьняволеных на тысячу насельніцтва, і ўсё адно множацца рабункі, крадзяжы.

Дзьве гэтыя лічбы маюць тое супольнае, што і інфляцыя, і крыміналізацыя цесна зьвязаныя зь «беларускім эканамічным цудам». Інфляцыя, права сілы, адчужанасьць людзей ад уласнасьці, апека дзяржавы — нарожныя камяні беларускай эканамічнай мадэлі. А людзі жывуць ва ўмовах псыхалягічнае нестабільнасьці. Ні грошай не адкладзеш, ні ад хаты не ад’едзеш: абакрадуць, прападзе.

Апошнім часам не прынята гаварыць пра адказнасьць хвалёнай «вэртыкалі» за такі стан справаў. Між тым гэта яна ня ўмее, ня здольная кіраваць эфэктыўна. Таленавітых прафэсіяналаў сыстэма топіць толькі таму, што такія людзі «занадта самастойныя». Зьмена эканамічнай мадэлі і зацугляньне злачыннасьці «вэртыкалі» проста не па плячы.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0