Піва — самы капрызны з алькагольных напояў. Яно самае смачнае, калі жывое-непастэрызаванае і нефільтраванае, без кансэрвантаў, з рэшткамі жывых дрожджаў. Таму піва рэдка возяць далёка. Сярэдні бэльгійскі ці канадзкі спажывец на 90% наталяе смагу півам, звараным у родным горадзе. Яшчэ 3-4 гады таму так было і ў Беларусі. Цяпер жа беларускае піва выціскаецца расейскім прадуктам. Наша піва трымаецца ў асноўным дзякуючы нізкай цане — мала хто лічыць яго самым смачным.

Дый адкуль узяцца ў нас якаснаму піву? Беларускі ячмень найбольш прыдатны на фураж, бо зьмяшчае шмат бялку, а для піваварства патрэбны ячмень з высокім утрыманьнем цукроў. Калгасы даўно развучыліся такі вырошчваць. Півавары ж блытаюць горкія і араматычныя гатункі хмелю ды купляюць любы, які трапіцца, часам ня грэбуючы пратэрмінаваным. Хмеляводзтва, экспартная галіна за часамі Вялікага Княства, у 1985-м зьнішчанае дарэшты. Сёньня на ўсю Беларусь засталіся два хмельнікі, якія спрабуюць аднавіць энтузіясты-іншаземцы.

Але дрэнныя часы, здаецца, мінаюць. Нас чакае бум інвэстыцый і мора тутэйшага піва. Капіталісты з усяго сьвету сталі ў чаргу па ганаровае права рэканструяваць айчынныя бровары. Якім жа будзе новае беларускае піва?

Ёсьць некалькі варыянтаў разьвіцьця падзеяў. Новыя гаспадары могуць «пагнаць вал» — масава вырабляць сьветлыя легеры пльзеньскага кшталту. А добра было б, каб зьявілася ў нас і белае (пшанічнае) піва, і eis bier, і іншыя спэцыяльныя гатункі, якія ўжо масава вараць нашыя суседзі.

Піўны рынак могуць падзяліць між сабою некалькі бровараў-гігантаў. А варта, каб засталося месца і для ініцыятыўных мікрабровараў, здольных прапанаваць спажыўцу штосьці адмысловае.

Варта, бо піва — частка беларускай культуры. На сучасным рынку прадаецца і спажываецца ня столькі пэўнае спалучэньне вугляводаў, фарбавальнікаў, фэрмэнтаў і кансэрвантаў, якія складаюць той ці іншы прадукт, колькі ўяўленьне пра гэты прадукт, сыстэма вобразаў, якую ён выклікае, ягоная легенда. Тут беларускім піваварам ёсьць да чаго апэляваць.

Спажываньне піва ў Беларусі складае каля 20 літраў на чалавека штогод. Гэтая лічба нязьменная з ХVIII ст. Дык чаму ж не адрадзіцца «гарохаваму», «ярычнаму», «расходнаму», «марцоваму», «дубальтоваму», «граматцы», «вязынскаму портэру»? «Вехам на піва» — тычкам з пукамі саломы, прымацаваным да даху корчмаў, што здалёк паведамлялі падарожным: піва ёсьць! Піўным фэстам — з паўгарцавымі шкляніцамі на тры абручыкі, з бочкамі піва ў комінах? Беларускае піва — гэта не каламутная вадкасьць невядомага паходжаньня, а напой годных людзей. Веру, што хутка зноў будзе так.

Алесь Белы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0