У дзень выхаду гэтага нумару «НН» мусіла адбыцца сэлектарная нарада. Аднак, як паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі, ні ў чацьвер, ні ў пятніцу яе ня будзе. Нечаканы сьнег дэактуалізаваў галоўнае пытаньне нарады — ход пасяўной. У інтэрвію «НН» погляд апазыцыі на шляхі разьвіцьця сельскай гаспадаркі прэзэнтуе Васіль Лявонаў, былы міністар сельскай гаспадаркі краіны.

«НН»: Калі б на прэзыдэнцкіх выбарах перамог Ганчарык, якім чынам яго каманда фармавала б адносіны ўласнасьці ў вёсцы?

Васіль Лявонаў: Усё, што на сёньня яшчэ не праелі, — аддаць сялянам. Трэба было аддаць ва ўласнасьць зямлю, бо больш аддаваць фактычна няма чаго.

«НН»: Ці варта захаваць калгасы як форму ўласнасьці?

В.Л.: Калгас можна захаваць цалкам, можна — разьбіць на драбнейшыя гаспадаркі. А хто хоча — няхай выходзіць зь яго і бярэ зямлю. Але мы ня маем ніякага права казаць: вось мы табе далі зямлю, але ты застанешся ў калгасе. Зямля ва ўласнасьці — гэта свабода.

«НН»: Што рабіць з буйнымі жывёлагадоўчымі комплексамі?

В.Л.: Таксама аддаць сялянам. Найлепшы варыянт — арэнда з правам выкупу.

«НН»: Як вы ставіцеся да магчымасьці прыходу інвэстыцыяў з Расеі? На Пружаншчыне ўжо створаная «Белавеская харчовая кампанія» з удзелам расейскага капіталу.

В.Л.: Тое, што ёсьць на Пружаншчыне, — гэта, так бы мовіць, асобныя зьявы. А ўвогуле інвэстыцыі сюды ня прыйдуць, бо няма свабоды.

«НН»: У апошнія свае гады савецкая ўлада пачала будаваць заводы, якія мусілі вырабляць бялкова-вітамінныя дабаўкі. Што зь імі рабіць?

В.Л.: Гадоў пяць-шэсьць таму іх яшчэ можна было ўратаваць. Была ў свой час вельмі цікавая і выгадная распрацоўка БДУ. Гутарка ішла пра тое, каб вырабляць бялкі ня з нафты, а з жыта ды іншых багатых на крухмал прадуктаў. Бялок можна было б нават прадаваць за кардон, быў на яго попыт. Цяпер тыя заводы разваліліся, ужо няма аб чым весьці гаворку.

«НН»: Нядаўна пастанавілі зьмяніць спэцыялізацыю агракомплексу ў чарнобыльскіх раёнах, бо там не ўдаецца вырошчваць чыстую прадукцыю. Ці магчыма гэта ўвогуле на забруджаных землях?

В.Л.: Зьмена спэцыялізацыі — вынік таго, што няма грошай на калійныя ды фосфарныя ўгнаеньні. Калі няма калію ды фосфару, расьліны цягнуць з глебы стронцый з цэзіем. Зноў справа ў грашах.

«НН»: Сёлета заплянавана сабраць 27—30 цэнтнэраў з гектару. Ці гэта рэальна?

В.Л.: Летась па Менскай вобласьці пятая частка гаспадарак «атрымала» па 30 цэнтнэраў. Дзе гэтыя цэнтнэры? Які Лукашэнка аддасьць загад, столькі і напішуць. Я лічу, сёлета будзе 15—17 цэнтнэраў з гектару, ня больш. Я праехаў па рэспубліцы, бачыў, якой збажына выйшла з-пад зімы. А дзе яшчэ тры дні паляжыць сьнег, там усё задохне.

Гутарыў АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0