18 Красавіка
Воршы стала болей
У адпаведнасьці з указам прэзыдэнта, да Воршы далучаныя зямельныя ўчасткі агульнай плошчай 581,3 га. Гэта зямля, якой ужо некалькі гадоў карыстаюцца жыхары Воршы. У склад гораду ўвайшло і т.зв. «царскае сяло» — новая шыкоўная катэджная забудова па вуліцы Дубровенскай. Сталі гараджанамі жыхары вёсак Малыя Ліпкі, Ярашэвічы, шматпавярховак вёскі Андрэеўшчына. Яны палепшаць статыстыку, бо колькасьць насельніцтва Воршы апошнім часам зьніжаецца.
Сьцяг бяз зайца
Зацьверджаныя герб і сьцяг гарадзкога пасёлку Копысь (Аршаншчына). Мястэчка ўпершыню згадваецца ў летапісе пад 1059 г. Герб, атрыманы ў 1781 г., — у зялёным полі чорны заяц. Эталён сьцягу зроблены менскімі геральдыстамі. Ён уяўляе сабой прастакутнае палотнішча з гарызантальнымі палосамі белага, зялёнага і чорнага колераў. Як тлумачаць аўтары, колеры сымбалізуюць прыналежнасьць Копысі да Беларусі, надзею, радасьць, багацьце і мудрасьць. Заяц з гербу на сьцяг чамусьці ня трапіў, як даўно няма яго ні ў навакольных лясах, ні нават у Чырвонай Кнізе. Набыцьцё геральдычных сымбаляў — адно зь мерапрыемстваў па адраджэньні старажытнага мястэчка, месца нараджэньня прэзыдэнта Беларусі.
Цуды ў манастырах
Адразу чатыры абразы пачалі міраточыць у Ільінскай царкве Аршанскага Сьвята-Ўсьпенскага жаночага манастыру. Сярод іх зусім новы абраз Пачаеўскай Божай маці. Паводле словаў манашкі Сергіі, якая гандлюе ў царкоўным шапіку, гэты абраз пажадала набыць адна прыхаджанка. Але калі манашка паспрабавала зьняць яго з паліцы, ён нібы прыліп да сьцяны, а празь некаторы час на ім зьявіліся кропелькі міра, што ператварыліся потым у струменьчыкі. І хоць экспэртыза абразоў не праводзілася, падзівіцца на іх могуць усе ахвотныя. Мясцовае тэлебачаньне паведамляе аб гэтым «бягучым» рэклямным радком. Адначасова ў Воршы назіраецца сапраўднае паломніцтва ў Куцеінскі Богаяўленскі мужчынскі манастыр. Сюды з Масквы прывезьлі часткі мошчаў сьвятога Панцеляймона. Дакрануцца да іх едуць і ідуць вернікі з розных куткоў Беларусі.
Шалёная лісіца
Летась на Віцебшчыне было зарэгістравана 306 выпадкаў шаленства жывёл, а таксама адзін выпадак захворваньня на шаленства чалавека — жыхара Воршы. Нядаўна ў вёсцы Рагазіна Аршанскага раёну была застрэленая шалёная лісіца. І хоць ніводны вясковец па мэдычную дапамогу не зьвярнуўся, райвыканкам абвесьціў у вёсцы каранцін.
Віктар Лютынскі, Ворша
Шалёная лісіца і пад Берасьцем
Наш аднавясковец Іван Карнялюк у сябе ў хляве засьпеў лісу. Паводзіла яна сябе ненармальна, не ўцякала. Ён забіў яе вілкамі і здаў на аналіз. Выявілася — шалёная. Летась увосень ліса пакусала сабакі на суседняй чыгуначнай будцы. Вакцынаваная аўчарка выжыла, невакцынаваны цуцык здох. Старыя людзі кажуць, што шаленства заўжды праяўляецца ўвесну. На маёй памяці такой паморкі яшчэ не было. Цікава, ці ўлады цяпер дадуць рады бадзяжным сабакам і катам, якіх разьвялося да халеры на вакольных дачах.
А.Карнялюк, Заказанка (Берасьцейскі раён)
Ня йдуць у лазьню
За мінулы год местачковую лазьню, якая належыць жылкамгасу, наведалі ўсяго 20 тыс. чалавек. Асноўныя прычыны нізкай папулярнасьці гэтай карыснай і патрэбнай для здароўя ўстановы — высокая цана ўваходнага квітка і вельмі нізкая культура абслугоўваньня.
Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы