Рэжысэр Гас ван Сант — фігура непрыемная ва ўсіх адносінах. Невялікага росту, з пабітым воспай тварам і запаленымі, заўжды пачырванелымі вачыма. Сваім ардынарным выглядам ён меней за ўсё падобны да галівудзкай знакамітасьці, героя шматлікіх плётак і чутак, якія малююць яго то ўсьмешлівым маўклівым Будам, то загадкавым Сьфінксам, то каварным Мэфістофэлем, але заўсёды — спакусьнікам і распусьнікам.

Жанчынам рэжысэр не пагражае, затое ўяўляе небясьпеку для маладых прыгожанькіх актораў: ужо больш за дзесяць гадоў ван Сант застаецца адзіным «адкрытым» геем у «вялікім» амэрыканскім кіно.

Тэмы яго фільмаў ад пачатку і да сёньня — складаныя падлеткі, каханьне й сэкс паміж любымі істотамі, прастытуткі, панкі, крымінал, наркотыкі. Першыя самастойныя творы ван Санта — кароткамэтражныя стужкі — зьнятыя ў сярэдзіне 80-х. Напрыклад, троххвілінны ролік «Мой новы сябра», дзе ван Сант зь фінгалам пад вокам паказвае гледачам фотку голага падлетка й распавядае пра тое, пры якіх абставінах ён атрымаў фінгал. Бюджэты гэтых стужак зрэдку перавышалі 50 баксаў, а рэжысэр толькі марыў пра тое, як будзе атрымліваць грошы за тое, што здымае. І мары спраўдзіліся.

Пропускам ван Санта ў сьвет вялікага кіно стаўся чорна-белы фільм «Mala Noche» («Жудасныя ночы» ў перакладзе з гішпанскай) — гісторыя складаных узаемаадносінаў цынічнага амэрыканца Ўолта і двух маладых нелегальных эмігрантаў з Мэксыкі. Карціна сталася гітом сярод артыстычнай элітарнай моладзі і зрабіла ван Санта адным з герояў альтэрнатыўнай культуры. Фільм, дзякуючы якому рэжысэра заўважылі галівудзкія кінакампаніі, ніколі ня бачыў вялікага экрану.

Слава і скандалы напаткалі Гаса пасьля выхаду ў 1991-м фільму «Маё пэрсанальнае Айдаха», трагічнай love story прынца і жабрака. Спачатку пляткарылі пра тое, што рэжысэр меў сэкс з выканаўцамі галоўных роляў Кіяну Рыўзам і Рывэрам Фэніксам. Потым ван Санта вінавацілі ў трагічнай сьмерці Фэнікса ад перадазаваньня ў кастрычніку 1993 г. Маўляў, рэжысэр быў для актора некім кшталту духоўнага бацькі, ведаў пра ягоныя праблемы з наркотыкамі, але нічога не зрабіў, каб выратаваць яго.

Падзеі вакол «Айдаха» выклікалі крызыс, які ван Сант здолеў перамагчы толькі ў 1996-м, выпусьціўшы фільм «Памерці за...». Творы ван Санта канца 1990-х («Разумнік Уіл Хантынг», «У пошуках Форэстэра») сталіся падзеямі ў сусьветным кіно й нават атрымалі пару «Оскараў». Але «Джэры», першы фільм Гаса ў новым тысячагодзьдзі, атрымаўся зусім непадобным да ранейшых працаў.

Мэт Дэйман і Кейсі Эфлек (гэтая акторская парачка склалася нядаўна, раней Дэйман аддаваў перавагу старэйшаму з братоў Эфлекаў — Бэну) граюць крыху звар’яцелых сяброў, якія зьбягаюць у пустэльню, каб выпрабаваць на трываласьць адзін аднаго і свае адносіны. Дарэчы, здагадайцеся, якой аднолькавай мянушкай яны называюць адзін аднаго. Спачатку незвычайнае падарожжа падаецца ім цікавай гульнёй, але хутка добры настрой пакідае іх. Хлопцы адчуваюць рызыкоўнасьць сваёй задумы. Яны разумеюць, што пустэльня, такая ж прыгожая, як і небясьпечная, паглынае іх.

Прыкладна так на пачатку 2001 г. аўтары сцэнару (тройца Дэйман, Эфлек і ван Сант) выклалі задуму фільму кіраўніцтву студыі «FilmFour». Там зьдзівіліся, але грошай на стужку далі. У Галівудзе яшчэ добра памятаюць пра паўімправізацыйную карціну ван Санта «Разумнік Уіл Хантынг», якая ў 1998-м атрымала «Оскар» за сцэнар, што складаўся на здымачнай пляцоўцы.

Здымкі пачаліся ў чэрвені 2001-га ў Аргентыне, а скончыліся праз два месяцы ў Даліне Сьмерці. Прэм’ера ў ЗША адбылася ў лютым 2002 г. «Джэры» пратрымаўся ў амэрыканскім кінапракаце 8 тыдняў, сабраўшы ўсяго 236,3 тыс. даляраў. Няўдачы трэба было чакаць: накіраваўшыся імправізаваць у пустэльню, ван Сант надта далёка адышоў ад мэйнстрыму. Да таго ж, магчымасьці паглядзець «Джэры» была пазбаўленая значная частка аўдыторыі — падлеткі да 17 гадоў. Не падумайце чаго, гэта праз абмежаваньні па лексыцы.

Ня трэба казаць, што «Джэры» не набыў сусьветнай вядомасьці. Толькі на пачатку трэцяй дэкады красавіка, больш чым праз год пасьля прэм’еры, фільм трапіў у расейскі кінапракат. У Беларусі ж перадапошні твор ван Санта (бо ёсьць ужо й наступны — «Слон») знайсьці складана нават на відэакасэтах.

Павал Сьвярдлоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0