Птушкамі лёгка маніпуляваць з дапамогай мэтадаў, якія прымяняюцца ў супэрмаркетах.

Правільнае разьмяшчэньне прадуктаў у крамах лічыцца сапраўднай навукай. Адна з тактыкаў, якія там выкарыстоўваеюцца, — разьмяшчэньне кідкага «спакусьлівага» прадукту проста побач з тымі рэчамі, якія трэба прадаць. Такім чынам падвышаецца прыцягальнасьць патрэбнага брэнду, і ўзровень продажаў падвышаецца.

Каманда дасьледчыкаў з унівэрсытэту Ньюкаслу (Вялікабрытанія) назірала за паводзінамі дванаццаці птушак калібры, што жывуць у канадзкіх Скалістых гарах. Птушкі харчуюцца нэктарам з кветак у сваёй даліне й мусяць рабіць гэта амаль безь перапынку з прычыны хуткага абмену рэчываў. Звычайна яны прылятаюць у адно й тое ж месца.

Дасьледчыкі зрабілі клюмбу з штучных кветак, якія ўтрымлівалі цукровую рошчыну рознай канцэнтрацыі, і пасадзілі туды спэцыяльную «спакушальную» кветку, якая прыцягвала калібры. У звычайных абставінах птушкі б скіраваліся туды, дзе больш нэктару, але яны пачалі піць з усіх кветак вакол «спакусьніцы», незалежна ад колькасьці цукровага раствору ў іх.

Гэты досьвед можа выкарыстоўвацца дзеля захаваньня й абароны пэўных відаў расьлінаў. Калібры адыгрываюць важную ролю ў апыленьні, таму прымяненьне адмысловых «спакусьлівых» відаў можа падвысіць прыцягальнасьць патрэбных кветак і дапамагчы іх захаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0