Кожны дзень на станцыі мэтро «Плошча Незалежнасьці» менчукам і гасьцям сталіцы паказваюць на вялікім экране мультфільмы амэрыканскай вытворчасьці: «Том і Джэры», «Шрэк», «Ледавіковы пэрыяд». Ідуць мульты бяз гуку й безь перапынку. Дзясяткі дарослых і дзяцей, што чакаюць цягніка, задраўшы галаву, глядзяць з усьмешкаю, як кот ганяе мышаня зь сякерай у лапе альбо як зялёны дурнаваты гоблін чысьціць сарцір. Весела!

Абмінаючы застыглых разявак, я прыгадваю артыкул Сяргея Дубаўца «Дзяцінства нацыі», надрукаваны ў «НН». Беларусы іншым разам нагадваюць маленькіх дзяцей. Такіх сабе капрызных шкоднікаў, якія паводзяць сябе цалкам непрадказальна. Сёньня амаль аднагалосна выступаюць супраць амэрыканскай агрэсіі ў Іраку, а заўтра — валяць сем’ямі ў «Макдональдз», сёньня гнеўна абураюцца беларускімі ўладамі, а заўтра, у самы адказны для краіны дзень, — едуць капаць бульбу замест таго, каб запоўніць альбо пакамечыць бюлетэнь для галасаваньня.

На гэным велічэзным экране маглі б паказваць фільмы з Чарлі Чапліным альбо выкшталцоную рэкляму — «Канскіх ільвоў», напрыклад. Нямое кіно і рэклямныя ролікі такога кшталту ёсьць сапраўдным мастацтвам, адначасова разьлічаным на масавага спажыўца. І адсутнасьць гуку тут не праблема. Дык чаму нам іх не паказваюць, а толькі мульты? І вось тут прыходзіць разуменьне: у беларускім мэтро пры гэтай уладзе ніколі ня будуць паказваць фільм з Чапліным. Бо героі чаплінаўскіх фільмаў — такія ж небаракі зь нерэалізаванымі марамі і ідэямі, самотныя летуценьнікі ў вялікім сьвеце, як і беларусы, а высокапрафэсійная заходняя рэкляма, дзе дэманструюць якасныя рэчы і шчасьлівых, прыгожых людзей, здольных іх набыць, можа выклікаць у нас раздражненьне і пратэст. А дзяцей нэрваваць ня трэба.

Павал Абрамовіч, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0