Пры канцы траўня нават у вэтэранаў спрацоўвае біялягічны гадзіньнік: ну ўсё, апошні званок, яшчэ год адвучыліся. Наперадзе — некалькі тыдняў сонца і сьвежага паветра. Глядзіш на шчасьлівых вольных падлеткаў — і адольвае, апроч характэрных сантымэнтаў, адно нацыянальнае пытаньне: ці гэта яна, новая Беларусь?

За дзевяць гадоў Лукашэнкі — час ад дзіцячага садка да ПТВ — школьнікі пасьпелі пабачыць і старыя савецкія кніжкі, і падручнікі з «Пагоняй», і партрэты Аляксандра Рыгоравіча ў дырэктарскім кабінэце. Сярэднестатыстычны вучань засвоіў, што Расея — наша старэйшая сястра, але ўжо ня мама, што былі такія ВКЛ і БНР, што Касьцюшка зь Міцкевічам — беларусы, а Будны, Каліноўскі, Ленін ды Машэраў змагаліся за тое, каб мы жылі сёньня ў рынкавым сацыялізьме. У выніку 14-гадовыя хлопчыкі зрываюць разьвешаныя на Дзень Перамогі чырвона-зялёныя сьцягі, ходзяць зь імі на футбол і равуць «Вперёд, Беларусь!», а такія ж дзяўчаты мараць стаць поп-зоркамі ня горш за маскоўскіх і шукаюць па крамах касмэтыку, каб «краски» былі такія ж «блестящие», як у гурту «Сливки». Расьце пераходнае пакаленьне, зь якога беларускія ўнівэрсытэты з роўным посьпехам могуць зрабіць і генэрацыю эўрапейцаў, і шэрую правінцыю.

Такая школа.

Мы ўсе, шаноўнае спадарства, пакуль што ў школе Лукашэнкі. У дзявятай клясе. За партыямі замест партаў, з адсоткамі рэйтынгаў замест балаў, з «Народнай воляй» у ролі дзёньніка. Хочам мы таго ці не, але менавіта Лукашэнка сёньня вучыць усю краіну гісторыі, геаграфіі, мове, сельскай гаспадарцы і дэмакратыі. І мы дагэтуль інфантыльна чакаем, што аднойчы, пры канцы траўня, празьвініць апошні званок. Абвесьцяць дзень выбараў, мы ўздыхнём з палёгкай. Атрымаем на рукі атэстат — вынікі галасаваньня, разьвітаемся з школьнымі сябрамі — і вось яно, вольнае жыцьцё.

Мы пакуль сапраўды яшчэ дзеці: нацыянальнаму руху ўсяго 15 гадоў. Можа быць, нас насамрэч дастала гэтае нуднае паўтарэньне, нарматывы па адцісканьні й урокі пачатковае вайсковае падрыхтоўкі. Але такое ўражаньне, што давучыцца ўсё ж давядзецца. У школе Лукашэнкі, як і ў любой іншай, пры канцы — выпускныя іспыты.

Павал Севярынец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0