Перайменаваньне станцыі мэтро «Ракаўскай» у «Спартовую» яшчэ не набыло законнае моцы.

Як паведаміла «НН» Натальля Старыкава, супрацоўніца камісіі Менгарвыканкаму па справах культуры, рашэньне знаходзіцца «на ўзгадненьні». Адмысловага паседжаньня па перайменаваньні станцыі праводзіцца ня будзе: усё вырашыцца «ў рабочым парадку».

Матывы тлумачацца цьмяна. Н.Старыкава зазначыла: «Вуліца Ракаўская знаходзіцца ў раёне Нямігі, далёка ад той станцыі мэтро… А лепш папытайце ў кіраўніцтве мэтрапалітэну — гэта іхная прапанова».

Галоўны інжынэр Менскага мэтрапалітэну Мікалай Андрэеў ад датычнасьці свайго ведамства да аўтарства назвы адмовіўся: «Што нам турбавацца: гэта яшчэ ня нашая япархія. У нас спыталіся толькі, ці мы ня будзем супраць такой назвы. Мы ня супраць. А наконт аўтарства пытайцеся ў «Мэтрабудзе» ці «Мэтрапраекце» — гэта яны вырашалі». Галоўны інжынэр «Менскмэтрабуду» Эдуард Жукаў: «Гэта вырашалася на гарадзкім узроўні».

Такім чынам, адказных за перайменаваньне няма. Затое хваля абурэньня накрыла сайт Менгарвыканкаму. Прыхільнікаў перайменаваньня мала. Дый сярод тых назву «Спартовая» падтрымліваюць ня ўсе: хтось прапануе «агульнагістарычную» — імя Эўфрасіньні Полацкай, хтось — «мясцова-тапанімічную»: «Цівалі». Так называлася вёсачка, якая стаяла непадалёк. Але большасьць удзельнікаў грамадзкага абмеркаваньня стаяць за «Ракаўскую». Галяндзкія беларусы пішуць, што шукалі таго фантомнага Міхаіла Майсеевіча, ініцыятара перайменаваньня, але не знайшлі.

Хацелася б верыць, што гарадзкія ўлады выявяць дастаткова разважлівасьці, каб зноў зьвярнуцца да адмыслоўцаў і не пераназываць станцыю цапу-лапу.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0