Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве стала традыцыяй не толькі кожны месяц праводзіць мерапрыемствы, але і кожны год ладзіць пазнавальныя падарожжы па мясьцінах продкаў. На радзе ТБК распрацоўваюцца спецыяльныя тэматычныя праграмы, якія прымяркоўваюцца да гадавін значных гістарычных падзей, ці выдатных людзей, а часам і чальцы рады распрацоўваюць свой маршрут на этнічную радзіму. Так атрымалася гэтым разам. Яшчэ ў сакавіку Валера Місюк — даўні сябар і актыўны чалец таварыства прапанаваў распрацаваны свой маршрут па азёрнай мядзельшчыне: Вільня - Камарова - Канстанцінава - Нарач - Мядзял - Пількаўшчына - Вільня.

Сонечнай раніцай на трох машынах выехалі зь Вільні, праехалі мяжу, праехалі гістарычныя Міхалішкі, і першы прыпынак зрабілі ў маляўнічых ваколіцах Страчы. Далей наш маршрут пралягаў праз Камарова, Канстанцінава, тут у нас была запланаваная сустрэча зь вядомым краязнаўцам Нарачанскага краю Янкам Драўніцкім, чалавекам‑легендай. Паўдня мы былі зачараваныя аповедам краязнаўцы. Янка Драўніцкі ў час нашага прыезду працаваў у летнікуз сваімі вучнямі. Для яго, настаўніка, захаваньне гісторыі роднага краю‑ гэта абавязак перад Беларуссю, яе народам, бо выхоўваючы любоў і павагу ў дзяцей да гісторыі роднага краю, можна сьмела глядзець у будучыню. А зь якім ён гонарам гаварыў пра сваіх вучняў! Разам зь яго выхаванцамі мы наведалі касьцёл маці Божай Нястомнай Дапамогі ў вёсцы Шэметава, понік класіцызму, пабудаваны ў форме крыжа, асабліва ўразілі вітражы, якім больш за сто гадоў, выключнай мастацкай вартасьці, якіх мала ёсьць не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, рдкі амвон. Пра каштоўнасьць касьцёла і рэшткі гістарычных помнікаў Баляслава Скірмунта гаварыў ксёндз Пётр. Да яго было шмат пытаньняў.

Далей наш маршрут пралягаў праз вёску Засвір, тут агледзілі ваколіцы, касьцёл кармелітаў‑ помнік 18 стагодзьдзя, пабудаваны ў стылі барока. У Засвіры працаваў ксяндзом Казімір Сваяк, добра вядомы беларусам Вільні, бываў мастак Язэп Драздовіч. У Засвіры працаваў дырэктарам школы і Янка Драўніцкі, мясьціны сотні разоў ходжаныя і дасканала вывучаныя.Так ён цікава распавёў пра вёску Сьвір, возера Сьвір, Мікалаеўскі касьцёл, асабліва нам спадабалася вёска Камарова, у якой захаваліся забудовы канца 19 пачатку 20 ст., будынак школы‑ архітэктурны помнік 40‑х гадоў мінулаха ст. пабудаваны палякамі, такіх будынкаў на сучаснай тэрыторыі Беларусі захавалася мала ў першапачатковым выглядзе. Сёньня ставіцца праблема аб яго захаваньні для нашчадкаў, як архітэктурны помнік драўлянага дойлідства. Я. Драўніцкі паказаў пантэон на мясцовых могілках, расказаў легенды, гісторыі , зьвязаныя з родам Хамінскіх. Разьвіталіся мы з краяведам у ягоным гасьцінным доме, падаравалі на памяць кнігі, выдадзеныя ў розныя гады ў таварыстве. Па выніках уласных дасьледаваньняў Янка Драўніцкі напісаў сотні артыкулаў па краязнаўству. У маім архіве ёсьць матэр’ялы пра Клюшчаны, надрукаваныя ў «Астравецкай праўдзе», з гэтай газэты я даведалася, што Я.Драўніцкі ўвесну адзначыў юбілей, таму для нас было вельмі важна зь ім сустрэцца, бо ён легенда, прыклад для моладзі. Краявед для ТБК і асабіста для старшыні Хведара Нюнькі, пра якога шмат чуў, але не быў блізка знаёмы, падараваў сваю кнігу.

Маршрут першага дня закончыўся ў вёсцы Радкі, тут вандроўнікаў чакала бабуля В.Місюка, распалілі вогнішча, сьпявалі беларускія песьні, слухалі бардаўскія Зьміцера Бартосіка, а таксама песьні на словы Уладзімера Пецюкевіча, нават моцная навальніца ўвечары не сапсавала настрой. Кожны гаварыў пажаданьні, абмяркоўваліся пляны, дзяліліся ўражаньнямі дня. Усім было ўтульна, цёпла, цікава, сабралася кола аднадумцаў. У гэты вечар было прапанавана ў пачатку жніўня зьдзейсьніць яшчэ адну вандроўку на азёрную браслаўшчыну, ініцыятар сябра ТБК, журналіст Алесь Адамковіч.

На другі дзень мы наведалі Нарач (да 1964 году Кабыльнікі), ў гэтай вёсцы нарадзіўся прафесар Чэслаў Кудаба, ён мне некалі пісаў рэкамендацыю для паступленьня ва універсітэт, ён разам з Хведарам Нюнькам, Лявонам Луцкевічам і іншымі адраджаў беларускае жыцьцё ў Вільні ў канцы 80‑х гадоў мінулага стагодзьдзя, як памяць пра сябе ён аставіў кнігу «Па Віліі», якую мы ўзялі ў падарожжа. Далей мы паехалі на возера Нарач, якое вельмі ўразіла, некаторыя тут былі ўпершыню, і адчуваньне, што пабывалі на моры. У Мядзелі нас чакала мастачка Хрысьціна Балаховіч, яна, як знаўца свайго горада правяла па экалягічных сьцяжынках парку вако возера Мястра, Баторына. У нашых плянах было абавязковае наведваньне выставы вядомага мастака суполкі «Пагоня» Алеся Цыркунова ў краязнаўчым музеі ў Мядзелі. Калі гіне мова,зьнішчаецца гісторыя, то Алесь Цыркуноў яе апантаны адраджэнец і захавальнік у сваіх мастацкіх творах.На выстаыве партрэты Я.Драўніцкага, Ф.Скарыны, Янкі Быліны, М.Танка, жыцьцё і творчая дзейнасьць, якіх зьвязана зь Вільняй. Засталіся мы вельмі задаавлёныя ад выставы, што музей быў у нядзелю адчынены.

Мэты нашай вандроўкі‑ сустрэча з краязнаўцам Я.Драўніцкім, выстава Алеся Цыркунова і Пількаўшчына‑ радзіма Максіма Танка. Пількаўшчына‑ апошняя кропка нашага падарожжа. Вось тут мы былі непрыемна расчараваны, замест таго каб атрымаць асалоду. Доўга шукалі дарогу, ніякіх указальнікаў няма, хоць мясьціны добра вядомыя для кожнага сьвядомага беларуса, хто чытае кнігі беларускіх пісьменьнікаў. Дом, дзе нарадзіўся Максім Танк, Народны Паэт Беларусі ў заняпадзе, страха з адарваным шыферам хутка пацячэ, на доме ніякай шыльды, якая б хоць як сьведчыла б аб паэце, а ў дом нас нават не пусьцілі, групу з пятнаццаці чалавек. І не віна ў гэтым хворага, пажылога брата Максіма Танка, зь якім мы сустрэліся і ён тое сёе распавёў. А мы мэтанакіравана прыехалі з другой краіны, у якой паэт жыў, тварыў, за беларускую дзейнасьць сядзеў у Лукішскай турме. На магіле таксама даўно ніхто не быў, ляжалі выцвеўшыя ад часу штучныя кветкі, дротам прывязаны крыжык на магіле дзеда паэта. А тут павінен быць акропаль. Дзе ж вы патрыёты? Можа ў мясцовай школе не вывучаюць беларускую мову, не ведаюць хто тут нарадзіўся і знайшоў вечны спачын, праславіў на ўвесь сьвет гэты куточак мядзельшчыны? Як нам было сорамна перад літоўкай сп.Яніцей, у яе ва ўласнай бібліятэцы ёсьць зборнік вершаў Максіма Танка з аўтографам аўтара, якія яна атрымала на кніжнай ярмарцы ў 1975 годзе ў Менску, і як шануюць сваіх творцаў у Летуве. Вярталіся з Пількаўшчыны вельмі сумныя, пэўны час ехалі моўчкі, слоў для камэнтарыяў не было. Толькі з гэтае нагоды ўспомніліся радкі верша Юры Весялоўскага:

Патрыятызм для некаторых
Як панацэя для тых хворых,
Што хочуць многа гаварыць,
Але нічога не рабіці.

Вярталіся ў Вільню поўныя прыемных ўражаньняў ад цікавых сустрэчаў, суразмоўцаў, пахадзілі сьцежкамі дзяцінства Максіма Танка, уражаны чысьцінёй баларускіх гарадоў і мястэчак, трава скошана, кветкі цьвітуць, абапал дарог чыста.

Пабывалі на возеры Нарач, Мядзел, Мястра, Баторына, Кузьмічы, Свір,Швакшты, зрабілі шмат фотаздымкаў.

Ну і доўга ж будзе сьніцца нам азёрная Мядзельшчына!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?