Ужываньне нецэнзурнай лексыкі не залежыць ні ад веку, ні ад адукацыйнага ўзроўню, ні ад партыйнай прыналежнасьці. Кожны робіць выбар самастойна. Таму «НН» і вырашыла правесьці апытаньне на тэму: «Ці ўжываеце вы нецэнзурную лексыку?»

Лілія Коваль, віцэ-прэзыдэнтка Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў: Ні ў якім разе не ўжываю сама і не ўхваляю ў сваім атачэньні. У нас дастаткова прыгожых словаў, каб выказаць свае думкі.

Тацяна Сапач, паэтка: Не ўжываю. Хаця ў пераходным ад дзяцінства пэрыядзе (недзе клясе ў 6-й) карысталася.

Павал Севярынец, лідэр незарэгістраванага «Маладога фронту»: Не, але ў дзяцінстве (у 3-й і 4-й клясе) карыстаўся досыць актыўна. Потым перастаў. Мяне вельмі дзівіць, што сёньня ў нацыянальным руху лічыцца шыкам мацюкнуцца. Пытаешся ў людзей: «Чаму?» Адказваюць: «Калі ўжо па-расейску, дык толькі матам».

Ігар Катляроў, дэпутат палаты прадстаўнікоў: Не карыстаюся і ніколі не карыстаўся.

Сяргей Калякін, лідэр Партыі камуністаў беларускай: Скрайне рэдка і толькі ў экстрэмальных сытуацыях — калі простай мовы, каб выказаць свае эмоцыі, недастаткова.

Генадзь Фядыніч, лідэр Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці: На працы — не, гэта выключана. Ужываю хіба што ў кампаніі зь сябрамі, дый тое вельмі рэдка — мо раз на месяц.

Віктар Шалкевіч, актор і бард: З найвялікшай прыемнасьцю, толькі — у адпаведных месцах і з адпаведнымі людзьмі. Бывае такі стан духу, што варта ўжыць адно, ці другое, ці трэцяе слова. Аднойчы я ляцеў у Нямеччыну і перад палётам купіў дзьве бутэлькі страшэнна дарагой беларускай гарэлкі «Ўсяслаў Чарадзей». Ішоў зь імі па вуліцы і ўпаў. Але нейкім чынам я ўпаў так, што яны ў мяне не пабіліся. І вось, устаючы, я сказаў слова, якое акрэсьлівала мой душэўны стан на той час. А што каб я іх разьбіў!..

Апытваў АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0