Магчыма, разам з пытаньнем пра падаўжэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў на плебісцыт будзе вынесенае пытаньне аб інтэграцыі Беларусі ў Эўразьвяз. Такі варыянт перастаў быць неймаверным з таго моманту, як стаў ясны правал гульняў з «канстытуцыйным актам саюзнай дзяржавы». Хоць улада мае неабмежаваную колькасьць сцэнараў кіраваньня сытуацыяй, у доўгатэрміновай пэрспэктыве Беларусь непазьбежна чакае эпізод палітычнай і сацыяльнай нестабільнасьці, нават хаосу, бо цяперашняя сыстэма не гарантуе перадачы ўлады пераемніку і зьмены пакаленьняў.

Віталь Сіліцкі — палітоляг. Дацэнт катэдры эканомікі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. У 2001 г. працаваў дарадцам місіі АБСЭ ў Беларусі.

Хоць выбары пры аўтарытарных рэжымах часьцяком праводзяцца ва ўмовах шматпартыйнай сыстэмы і на альтэрнатыўнай аснове, іх нельга назваць мэханізмам, празь які адбываецца ратацыя ўлады. Гэта хутчэй сродак наданьня легітымнасьці існай уладзе і дэмаралізацыі апазыцыі шляхам перакананьня грамадзтва ў значнай перавазе рэжыму над яго апанэнтамі. Выключэньне складаюць так званыя «шокавыя выбары», празь якія апазыцыя альбо прыходзіць да ўлады, альбо набывае палітычную вагу і зьмяняе расклад сілаў унутры рэжыму. Неабходны чыньнік посьпеху — здольнасьць апазыцыі абараніць вынікі выбараў шляхам вулічных акцыяў.

Адметнасьць шокавых выбараў — іх нечаканасьць як для рэжыму, так часта і для грамадзтва. Да іх прыводзіць самаўпэўненасьць дыктатарскіх уладаў, якія не дапускаюць нават магчымасьці паразы. Аднак вонкавая рэвалюцыйнасьць такіх выбараў — насамрэч вынік доўгай сацыяльнай і палітычнай эвалюцыі грамадзтва, што прыводзіць да карэннай зьмены раскладу сілаў. Галасаваньне толькі робіць гэтыя зьмены відавочнымі.

Мясцовыя выбары ў сакавіку 2003 г. ня сталі шокавымі. Іх вынік ня ўнёс істотных зьменаў у палітычны статус-кво. Дый тактыка кожнага з бакоў не была нечаканаю для назіральнікаў. Выбары ўскосна пацьвердзілі факт паступовага размываньня сацыяльнай базы рэжыму і ў той жа час адлюстравалі ўзмацненьне яго рэпрэсіўных магчымасьцяў. Яны — чарговы крок у эвалюцыі беларускай палітычнай сцэны. Каб вызначыць вэктар далейшага палітычнага разьвіцьця краіны, неабходна адзначыць зьмены, што адбыліся ў стане і статусе асноўных палітычных гульцоў.

Улады: заканчэньне раману з электаратам

Выбары-2003 былі адносна пасьпяховыя для існага рэжыму. Улады запабеглі стварэньню «сыстэмнай апазыцыі» ў мясцовых саветах. Апазыцыя забясьпечыла сабе хіба дэкаратыўны ўдзел у дэкаратыўных органах улады. Зрэшты, яны ў беларускіх умовах граюць такую фармальную ролю, што нават шырокае прадстаўніцтва апазыцыі ў саветах не наблізіла б яе да рычагоў уплыву на палітычныя працэсы. Але трыюмфу апазыцыі нельга было чакаць нават пры «найчысьцейшым» падліку галасоў, бо ў 90% акругаў выбары былі безальтэрнатыўнымі, а ўдзел у кампаніі палітычных партыяў — мізэрны.

Перамога на мясцовых выбарах магла б надаць апанэнтам рэжыму псыхалягічную перавагу ў наступных кампаніях і падвысіць ступень даверу да іх з боку грамадзтва і замежных гульцоў. Вынік барацьбы ў тых некалькіх сотнях акругаў, дзе выбары можна было назваць выбарамі, мусіў высьветліць, ці можна ўвогуле ў беларускіх умовах зьвязваць з галасаваньнем спадзеў на перамены. На выбарах-2003 быў прадэманстраваны альгарытм паводзінаў улады ва ўмовах паступовага размываньня яе сацыяльнай базы (і зьнікненьня квазідэмакратычнай легітымнасьці) ды трансфармацыі палітычнага рэжыму ў выразна султанісцкі.

Па-першае, улады былі зусім абыякавыя да забесьпячэньня сваёй легітымнасьці як за мяжой, так і ў краіне. Улады ня сталі рызыкаваць, не дазволіўшы нават абмежаванай рэальнай канкурэнтнасьці выбараў, «зафіксаваўшы» іх вынікі яшчэ на этапе рэгістрацыі кандыдатаў.

Па-другое, жорстка блякавалася рэальная канкурэнцыя ў буйных гарадох, у першую чаргу ў Менску. Паказальны факт: каб заблякаваць кандыдата «ад улады» па адзінай акрузе ў сталіцы, спатрэбілася ўмяшальніцтва адразу трох дэпутатаў парлямэнту ў якасьці назіральнікаў. Прычым абраньне альтэрнатыўнага кандыдата было таксама заблякаванае, бо 600 галасоў згубіліся па дарозе з участковых камісій у акруговую. У буйных гарадох старанна мацуюцца асяродкі адміністрацыйнай рэакцыі.

Па-трэцяе, рэзка вырас адсотак фальсыфікацыі выбараў, які дасягаў максымуму ў Менску. Калі ў папярэдніх кампаніях доля сфальсыфікаваных галасоў, паводле незалежных ацэнак, складала 15—20%, дык гэтым разам павялічылася ці не ўдвая. Так, у акрузе №8 у Менску, дзе балятаваліся незалежны кандыдат Сяргей Казлоўскі і камандзір аддзелу САХР Сяргей Хаменка, на двух участках вынікі былі адпаведна 688 на 487 і 874 на 271 голас на карысьць Казлоўскага (па галасаваньні 2 сакавіка) і 56 на 685 ды 54 на 570 на карысьць Хаменкі (па папярэднім галасаваньні). Згодна з падлікамі НІСЭПД, рэальная колькасьць выбарцаў, што ўзялі ўдзел у першым туры галасаваньня, меншая за афіцыйную лічбу на 7,2% (65,8% супраць 73%), амаль на столькі сама меншы і працэнт тых, хто ўзяў удзел у датэрміновым галасаваньні (12,5% супраць 20%, заяўленых уладамі). Толькі 21,6% апытаных заявілі, што галасавалі за кандыдатаў ад улады. Праўладныя кандыдаты зьбіралі галасы пераважна коштам свайго беспартыйнага статусу (больш за палову выбарцаў ня мелі дастатковай інфармацыі аб тым, за каго яны галасуюць).

Па-чацьвертае, зьмянілася тактыка кааптацыі мясцовых элітаў. Апрача ўласнай намэнклятуры, на выбарах-2003 улады зрабілі стаўку выключна на настаўнікаў і дактароў, чыя ляяльнасьць гарантуецца залежнасьцю ад дзяржавы. У гэтым мясцовыя выбары кантрастуюць з парлямэнцкімі выбарамі-2000, калі быў даволі высокі працэнт прадстаўнікоў «вольных» прафэсіяў (прадпрымальнікі складаюць каля 10% цяперашняй палаты прадстаўнікоў).

Нарэшце, сябры выбаркамаў канчаткова пераўтварыліся ў апарат дасягненьня неабходнага палітычнага выніку, што мацавала іх ляяльнасьць да дзяржаўнага апарату, паколькі тым самым павышаецца імавернасьць іх перасьледу ў выпадку зьмяненьня рэжыму.

Іншая прычына, што дазваляе разглядаць мясцовыя выбары як пасьпяховую для ўладаў кампанію, гэта канчатковае спыненьне «ўнутрырэжымнага плюралізму», якім вызначаліся, напрыклад, выбары ў ПП 2000 г. Гэтым разам улада дамаглася таго, каб на адну выбарчую акругу амаль паўсюдна прыпадаў адзін кандыдат ад улады. Ва ўнутраным плюралізьме, нават калі яго наступствы абмяжоўваюцца актывізацыяй лабісцкай дзейнасьці асобных груповак, улады бачылі патэнцыйную небясьпеку, як і ў пэрспэктыве прасоўваньня «пазасыстэмнай» апазыцыі ў інстытуты ўлады.

Нарэшце, трэба вызначыць і посьпех улады ў стварэньні атмасфэры сацыяльнай апатыі і абыякавасьці грамадзтва да палітычных працэсаў увогуле і выбараў у прыватнасьці. Гэтаму паспрыяла фактычнае замоўчваньне перадвыбарнай тэматыкі афіцыйнымі СМІ ды ўжо традыцыйныя абмежаваньні на выкарыстаньне мэдыяў кандыдатамі дзеля перадвыбарнай агітацыі.

«Прадказальнасьць» вынікаў выбараў зьніжае да мінімуму грамадзкія спадзяваньні на тое, што ў іх выніку нешта зьменіцца. Выбары ператвараюцца для выбарцаў у рытуал, што нагадвае працэдуры савецкіх часоў.

Пераўтварэньне выбараў у тэатралізаванае дзеяньне з загадзя вядомым вынікам пераходзіць у абыякавасьць да самой працэдуры. У адрозьненьне ад папярэдніх часоў, калі перамога на выбарах ці рэфэрэндуме падвышала рэйтынг улады на 8—15%, мясцовыя выбары сталі першай буйной палітычнай кампаніяй, пасьля якой Лукашэнка страціў прыхільнікаў у грамадзтве. Яго рэйтынг зьнізіўся з 30,5% (сьнежань 2002 г.) да 26,2%, што ёсьць рэкордна нізкім паказьнікам за ўсе часы прэзыдэнцтва.

Яшчэ больш уражвае імклівасьць фармаваньня антылукашэнкаўскай сацыяльнай бальшыні. Ажно 64% выбарцаў жадалі ў красавіку 2003 г. абраньня новага прэзыдэнта, і толькі 23% згодныя абраць Лукашэнку яшчэ на адзін тэрмін. (А яшчэ два гады таму суадносіны тых, хто жадаў і не жадаў абраньня Лукашэнкі на другі тэрмін, былі 36% на 41%!). Значыць, колькасьць сацыяльных апанэнтаў рэжыму павялічвалася з хуткасьцю 1% за месяц, а сярэдняя хуткасьць скарачэньня базы яго паплечнікаў складала прыкладна 0,5% у месяц. Можна меркаваць, што фармаваньне антылукашэнкаўскай бальшыні адбываецца ў першую чаргу за кошт г.зв. «балота», ці выбарцаў, якія дагэтуль ня вызначыліся. Размываньне балота, у сваю чаргу, азначае абмежаваньне магчымасьцяў для аднаўленьня сацыяльнай базы рэжыму.

Такое падзеньне папулярнасьці падштурхоўвае ўладу да пошуку больш жорсткіх мэтадаў кантролю за грамадзтвам. Гэта і было прадэманстравана кампаніяй па выпрацоўцы новай «дзяржаўнай ідэалёгіі». Дарма што аўтарытарны рэжым паводле сваёй прыроды ня здольны легітымізаваць самога сябе ідэалягічнымі сродкамі, дадзеная кампанія заслугоўвае ўвагі. Падчас яе асаблівы націск робіцца на калектывізм, традыцыяналізм і нават (амаль згодна з канонамі чучхе) імкненьне да самаізаляцыі, мэсіянскае вызначэньне ролі беларусаў як «духоўных лідэраў» Усходняй Эўропы. У ранг дзяржаўнага ідэалу ўзводзяцца таталітарныя вартасьці, якія апраўдваюць неабмежаванае выкарыстаньне рэпрэсіўнага апарату. Аднак гэта тыя вартасьці, што губляюць глебу ў палітычнай культуры грамадзтва. Трэба адзначыць, што сам Лукашэнка ў пэўнай ступені разгублены, ён усьведамляе штучнасьць уласных ідэалягічных пошукаў. У прамове перад нацыянальным сходам 16 красавіка ён прызнаўся, што сам ня мае ўяўленьня аб тым, якой павінна быць новая дзяржаўная дактрына. Кволыя спробы паднавіць мэханізм «прамываньня мазгоў» сьведчаць толькі аб тым, што раман Лукашэнкі з электаратам амаль вычарпаўся. Выжываньне рэжыму залежыць ад здольнасьці падтрымліваць адзінства ўладнага апарату ды апэратыўна вынішчаць палітычныя альтэрнатывы. Але рабіць апошняе зь цягам часу будзе ўсё цяжэй.

Апазыцыя: вяртаньне надзеі

Выбары адбываліся ў значна больш спрыяльным для дэмакратаў сацыяльным кантэксьце, чым прэзыдэнцкія пазалетась. Паводле дадзеных аксіямэтрычнай лябараторыі «Новак» за лістапад 2002 г., упершыню з 1994 г. перавага была на баку тых, што хацеў бы прагаласаваць на мясцовых выбарах за кандыдата-супраціўніка Лукашэнкі. Згодна з дадзенымі «Новака», найбольшыя электаральныя сымпатыі мелі незалежныя кандыдаты — 27% па ўсёй краіне і 28% у Менску, за імі ішлі кандыдаты ад улады — адпаведна 21 і 24%; потым — кандыдаты ад шырокага блёку грамадзянскіх сілаў (калі б такі ўзьнік) — 17 і 19%; нарэшце — кандыдаты ад палітычнай апазыцыі — 9% і 10%.

Чаго ж рэальна магла дамагчыся апазыцыя на гэтых выбарах, калі адміністрацыйны рэсурс быў цалкам манапалізаваны ўладамі?

Любая выбарчая кампанія нават пры такіх варунках пашырае базу падтрымкі палітычнай контрэліты, што ў пэрспэктыве паспрыяе пераходу да дэмакратыі. Стратэгічная мэта апазыцыі (забесьпячэньне ўласнага ўплыву ў «сыстэмнай» палітыцы) не была дасягнута. Аднак можна вызначыць некалькі тактычных посьпехаў, пераважна псыхалягічнага пляну. Па-першае, апазыцыя пачала пазбаўляцца комплексу ўласнай непаўнавартасьці, што ствараўся раней існай перавагай сымпатыяў электарату на карысьць Лукашэнкі. Многія апазыцыйныя кандыдаты выдатна «адпрацавалі» кампанію, здолелі стварыць пра сябе пазытыўнае меркаваньне сярод выбарцаў, і, калі б фальсыфікацыя вынікаў не была настолькі нахабнай, шмат хто прайшоў бы. Там, дзе апазыцыя ўсё ж трапіла ў выбарчыя бюлетэні, за яе прагаласавала пераважная большасьць выбарцаў!

Па-другое, выбары выявілі адсутнасьць адмоўнага ўспрыняцьця партыйных брэндаў. Плыні нэгатыўнай, часам скандальнай інфармацыі аб дзейнасьці апазыцыі мелі абмежаваны ўплыў на грамадзкую думку. Партыі атрымалі магчымасьць «ляпіць» сваё сацыяльнае аблічча з чыстага аркуша. Нарэшце, мясцовыя выбары паказалі наяўнасьць сацыяльнай базы для апазыцыі на пэрыфэрыі і нават у вёсцы, аб чым сьведчаць асобныя пераканаўчыя перамогі яе прадстаўнікоў там, дзе адміністрацыйны рэсурс усё ж такі ўдалося «зламаць». Напрыклад, Алесь Міхалевіч з партыі БНФ, які стаў дэпутатам Пухавіцкай раённай рады з вынікам больш за 70% галасоў, зазначыў, што яго перамога стала магчымай дзякуючы пэрыяду «міжуладзьдзя» ў раёне, калі наноўпрызначаны старшыня адміністрацыі яшчэ не пасьпеў адрэгуляваць адміністрацыйнай машыны.

Апазыцыя зрабіла істотны крок для выхаду з сацыяльнай ізаляцыі. Аднак каб прарваць ізаляцыю палітычную, у беларускіх варунках мала проста заваяваць сымпатыі выбарцаў. Апазыцыя пакуль няздольная бараніць палітычныя посьпехі неінстытуцыйнымі сродкамі. Дый грамадзтва не імкнецца да абароны ўласнай волі, выказанай праз выбарчыя бюлетэні, на вуліцах.

Мабілізацыя грамадзтва на абарону вынікаў выбараў патрабуе ад апазыцыі іншага стылю перадвыбарнай кампаніі. Такая кампанія павінна не нагадваць руцінную акцыю, якая тычыцца толькі асобных кандыдатаў, а прыцягваць да сябе ўвагу ўсяго грамадзтва. Яна мусіць весьціся ня толькі ад імя адзінай сілы, зь якой грамадзтва магло б сябе атаясаміць. У адваротным выпадку, апазыцыйная кампанія ператвараецца ў «конкурс прыгажосьці» з удзелам асобных кандыдатаў. Таксама, каб на што-небудзь разьлічваць у гарадох, трэ было ствараць вялізарную перавагу ў дзясяткі адсоткаў над кандыдатамі ад улады.

Асноўная слабасьць палітычнай стратэгіі апазыцыі падчас выбарчай кампаніі — гэта праца партый у аўтаномным рэжыме. Сытуацыя ж патрабуе аб’яднаньня ўсіх дэмакратычных сілаў вакол супольнай ідэі і адзінага сцэнару. Прамоцыя партыйных брэндаў не ўраўнаважвалася прамоцыяй брэнду дэмакратычнай апазыцыі.

Гэтыя два недахопы і стварылі сытуацыю, пры якой у кампаніі адсутнічаў агульнанацыянальны элемэнт, а значыць, нягледзячы на ўдзел асобных кандыдатаў, апазыцыя, як палітычны фактар, была слаба ў ёй прадстаўленая. Гэта не дазваляла апазыцыі прыцягнуць увагу да атакаў улады на яе, рабіла мабілізацыю грамадзтва на супрацьстаяньне парушэньням загадзя немагчымай. Да таго ж, апазыцыя зацыклілася на буйных гарадох і не «апрацоўвала» сельскага электарату, на чым можна было б дасягнуць больш спрыяльнага для яе выніку.

Выкарыстаньне выбараў дзеля вырашэньня вузкапартыйных, карпаратыўных ці пэрсанальных задачаў у Беларусі беспэрспэктыўнае. Барацьба пры той тактыцы, якую абрала ўлада (а яна была цалкам прадказальная) — паводле прынцыпу «кожны сам за сябе», — была абсалютна бессэнсоўная. Безумоўна, магчымасьці дзеля пасьпяховай рэалізацыі іншай тактыкі існуюць. У адрозьненьне ад часоў трох-чатырохгадовай даўніны, калі само азначэньне «апазыцыя» было блага прадавальным палітычным брэндам, беларускае грамадзтва паступова пазбаўляецца ад нэгатыўных стэрэатыпаў што да яе. Так, у красавіку 2003 г. сукупны рэйтынг сямі асноўных апазыцыйных партыяў (ПКБ, АГП, БСДГ, БНФ, КХП-БНФ, БСДП, Партыя працы) упершыню перавысіў рэйтынг самога Лукашэнкі, падняўшыся да адзнакі ў 27%. Аднак той факт, што рэйтынг аніводнай з гэтых партыяў не перавышае ўзроўню статыстычнай памылкі, сьведчыць аб тым, што посьпеху можна будзе дасягнуць толькі пры адзінстве дзеяньняў.

Трэцяя сіла: больш міт, чым рэчаіснасьць

Размовы аб магчымасьці зьяўленьня новых суб’ектаў палітычнага працэсу ў альтэрнатыўным афіцыйнаму палітычным лягеры (пераважна з былых знакавых асобаў рэжыму, што перайшлі да больш незалежнага вызначэньня ўласнай палітычнай ролі) пачаліся яшчэ некалькі гадоў таму. Унутраны крызыс апазыцыі пасьля паразы 2001 г. толькі стымуляваў пошук такіх фігураў. «Традыцыйная» апазыцыя бачыла ў «трэцяй сіле» хіба што «пятую калёну» ўладаў ва ўласным лягеры. Аднак «нажніцы» паміж патэнцыйным і рэальным апазыцыйным электаратам у грамадзтве стваралі для яе ўзьнікненьня спрыяльную глебу. Абсалютным лідэрам у прэтэнзіях на стварэньне «трэцяй сілы» стала дэпутацкая група «Рэспубліка» ў палаце прадстаўнікоў, якая зь цягам часу ператвараецца ва ўсё больш заўважнага крытыка ўладаў.

Меркаваньні, што «трэцяя сіла» можа ператварыцца ў пятую калёну ўладаў, былі абвергнутыя дзеяньнямі апошніх падчас мясцовых выбараў. Выціскаліся незалежныя кандыдаты, але ня менш рэзалі і патэнцыйную «фронду» — карпаратыўных лабістаў, прадпрымальнікаў, вылучэнцаў найбольш лібэральных дэпутатаў ПП. Так, не былі зарэгістраваныя кандыдатамі памочнікі дэпутатаў Кірылы Халопіка, Васіля Хрола, Аляксея Ваганава. Ня трапілі ў сьпіс прэтэндэнтаў у Менгарсавет Зьміцер Вус і Юры Данькоў — найбольш энэргічныя дэпутаты ранейшага скліканьня. Улады ўзброіліся тактыкай «Хто ня з намі (дакладней, не ад нас) — той супраць нас». У выніку ў Менску з 55 акругаў у 37 прысутнічаў толькі адзін беспартыйны кандыдат, і магчымасьць прасунуць патэнцыйна альтэрнатыўнага палітычнага гульца была зьведзеная на нішто. Выбарчыя камісіі атрымалі выразную ўстаноўку наконт таго, хто менавіта з кандыдатаў ішоў «ад улады». Гэткім чынам прэзыдэнцкая адміністрацыя імкнулася забясьпечыць фармальную легітымнасьць выбараў, разьлічваючы на высокі ўзровень грамадзкай антыпатыі да палітычных партыяў акурат у сталіцы, дзе 81% рэспандэнтаў дэкляравалі імкненьне прагаласаваць менавіта за беспартыйнага кандыдата, у адрозьненьне ад 73% па краіне.

Дэпутатам, што прэтэндавалі на незалежнасьць ад уладаў, было паказана, які сцэнар можа быць рэалізаваны да іх на парлямэнцкіх выбарах налета, калі яны ня выкажуць ляяльнасьці. Наступным крокам іх дэмаралізацыі стала распаўсюджваньне чутак аб тым, што на наступныя выбары рыхтуецца стоадсоткавая замена складу палаты. Дэпутаты-«франдзёры» сталі перад выбарам: ці адмовіцца ад незалежнай ролі, ці нейкім чынам арганізавацца і ўступіць у палітычную гульню. «Рэспубліка» апошнім часам ідзе па другім шляху. Яе збліжэньню з палітычнымі партыямі спрыяла правядзеньне круглага стала зь іх удзелам у сьценах палаты прадстаўнікоў у лютым 2003 г. Сама тэма, «Незалежная Беларусь яднае нас», сьведчыць аб імкненьні да пошуку пэўнага палітычнага мінімуму, які б стаў асновай для мацаваньня кансэнсусу паміж усімі дэмакратычнымі і незалежніцкімі сіламі краіны. Збліжэньне сьветапогляду зародкаў сыстэмнай і існай пазасыстэмнай апазыцыі відавочнае. Нарэшце, група «Рэспубліка» ў красавіку 2003 г. выступіла і з ініцыятывай аб стварэньні новай апазыцыйнай партыі.

Але ці значыць гэта, што на базе «фронды» ў ПП і ў мясцовых саветах узьнікае новая сыстэмная апазыцыя? Такі сцэнар разьвіцьця падзеяў выглядае малаімаверным зь некалькіх прычынаў.

«Фронда» ад апазыцыі розьніцца тым, што яна арыентаваная на рашэньне дробных праблем, а не на глябальнае зьмяненьне статус-кво. Яна можа сутыкнуцца зь яшчэ вастрэйшай праблемай адсутнасьці ўласнай палітычнай стратэгіі, чым «традыцыйная» апазыцыя. Па-другое, у «фрондзе» будзе пераважаць намэнклятура, якая ў беларускіх умовах адрозьніваецца асьцярожнасьцю, што мяжуе зь бяззубасьцю. Яе пераход у стан апазыцыі немагчымы, пакуль ня здарыцца заўважнага аслабленьня пазыцыяў улады. Каб стаць рэальнай палітычнай сілай, ёй спатрэбяцца палітычныя структуры і пэўная ідэалёгія, якія яна можа пазычыць толькі ў дзейнай пазасыстэмнай апазыцыі. Аднак у ідэалягічным пляне існая беларуская апазыцыя выразна структурызаваная, што робіць узьнікненьне новага брэнду малаімаверным (аб чым ускосна кажа і папярэдняя назва партыі, якую плянуюць утварыць дэпутаты групы «Рэспубліка», — «За лепшае жыцьцё»). У апазыцыі прысутнічаюць усе магчымыя палітычныя плыні (кансэрватары, лібэралы, сацыял-дэмакраты, нават камуністы). Узьнікненьне новай сілы будзе азначаць пачатак барацьбы за існыя палітычныя брэнды. Дый чалавечы патэнцыял апазыцыйнага асяродзьдзя і няўрадавага сэктару выключна абмежаваны. Таму фармаваньне новых структураў можа вырасьці і ў канкурэнцыю за чалавечыя рэсурсы. Што тычыцца пэрспэктываў зьліцьця сыстэмнай і пазасыстэмнай апазыцыі, то гэтаму працэсу можа быць выстаўлены жорсткі супраціў сёньняшніх партыйных лідэраў у выпадку, калі ён будзе пагражаць зьменай улады ў палітычных партыях.

Нарэшце, паступовае размываньне сацыяльнага «балота» пазбаўляе патэнцыйную «трэцюю сілу» электаральных рэсурсаў, бо ўзьніклай антылукашэнкаўскай электаральнай бальшыні занадта «мяккая» апазыцыя можа быць чужая. А выбары-2003 паказалі, што і інсайдэрскія рэсурсы ўнутранай «фронды» былі перабольшаныя — гэтаксама, як два гады таму перабольшваліся рэсурсы «намэнклятуры».

Таму найбольш рэальны шлях узмацненьня апазыцыі — гэта кааліцыйная праца і яе якаснае ўмацаваньне ў рамках існых структураў (магчыма, з абнаўленьнем складу галоўных палітычных актораў у іх шэрагах), а не стварэньне новых, якія, дарэчы, могуць быць проста зьліквідаваныя «ў зародку» — яшчэ на этапе іх рэгістрацыі. Але ўзмацненьне апазыцыі немагчымае без пашырэньня яе кадравага складу і выпрацоўкі трывалых прынцыпаў ды мэханізмаў каардынацыі і аб’яднаньня замест тых, што не перажылі палітычнага сэзону-2001.

Пэрспэктывы разьвіцьця палітычнай сытуацыі

Ва ўмовах страты папулярнасьці ўладам не застаецца іншага выйсьця, як пераўтварыць і парлямэнцкія, і прэзыдэнцкія выбары ў рытуальную працэдуру з запраграмаваным вынікам. Вельмі імаверна, што гэта адбудзецца па ўжо вядомым сцэнары: адсячэньне найбольш рэальных кандыдатаў і палітычных структураў на стадыі рэгістрацыі і давяршэньне справы падчас галасаваньня сродкамі абсалютнага кантролю над выбарчымі камісіямі і падлікам галасоў. Абсалютная манапалізацыя кантролю за выбарчым працэсам пакуль што робіць пэрспэктыву шокавых выбараў у Беларусі малаімавернай. Як трапна заўважыў Валер Карбалевіч, апазыцыя можа ніколі не даведацца аб уласнай перамозе. У той жа час, калі працягнецца заўважнае апошнія паўтара году зьмяненьне балянсу сілаў паміж прыхільнікамі і апанэнтамі рэжыму на карысьць апошніх, будзе расьці і імавернасьць таго, што мэханізмы адміністрацыйнага рэсурсу рана ці позна не спрацуюць. Застаецца толькі даведацца, адбудзецца гэта да ці пасьля 2006 г.

Пэрспэктывы палітычнага разьвіцьця краіны, таксама і як ход найбліжэйшых выбарчых кампаній, вызначацца пасьля таго, як вырашыцца галоўнае ў 2003 г. палітычнае пытаньне: ці адбудзецца рэфэрэндум па працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў?

Стварыўшы пэрсаналізаваную сыстэму ўлады, у якой адзін чалавек увасабляе ўвесь палітычны рэжым, Лукашэнка фактычна ня можа дазволіць сабе мець пераемніка. Пераемнік выконвае дзьве функцыі. Першая — гэта захаваньне ўсталяваных правілаў палітычнай гульні. Другая — гэта захаваньне балянсу сілаў, які склаўся ў рамах папярэдняга кіраваньня. Парадокс беларускай сытуацыі, дзе прэзыдэнт — аднаасобны ўладар дзяржавы, у тым, што акурат кансэрвацыя правілаў гульні, іншымі словамі, палітычных інстытутаў, пры любым новым прэзыдэнту карэнным чынам зьмяняе палітычны расклад. Калі Лукашэнка перадае пераемнiку нічым не абмежаваную ўладу, ён сам і яго атачэньне робяцца бездапаможнымi перад гэтай уладай. Нельга выключаць, што «пераемнік» не ўтрымаецца перад спакусай выкарыстаць былога прэзыдэнта як «ахвярнага казла» за тыя цяжкасьці, зь якімі сутыкнецца краіна ў постлукашэнкаўскую эпоху.

Вынік рэфэрэндуму, калі ён усё ж адбудзецца, ня можа выклікаць ілюзіяў, нягледзячы нават на непрыманьне гэтай ідэі беларускім грамадзтвам. У беларускіх умовах галоўны чыньнік перамогі на выбарах і рэфэрэндумах — не галасаваньне, а падлік галасоў. Пры любым выніку рэфэрэндуму (і гэтым ён адрозьніваецца ад выбараў) кіраўнік дзяржавы застаецца на сваёй пасадзе пасьля яго правядзеньня як мінімум да канца свайго тэрміну паўнамоцтваў. А значыць, што на любога прадстаўніка ўлады, які не забясьпечыў спадзяванага выніку, з боку прэзыдэнцкіх структур адразу абрынуцца рэпрэсіі. Таму фармат магчымага рэфэрэндуму-2003 ня будзе кардынальна розьніцца ад усенароднага галасаваньня ў лістападзе 1996 г.

Гіпатэтычна перашкодзіць правядзеньню рэфэрэндуму могуць наступныя акалічнасьці. Першая — гэта рэзкі рост сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве. Малапапулярная палітычная кампанія можа справакаваць пераўтварэньне пасіўнай, падсподнай сацыяльнай апазыцыі ў актыўную і яўную. Але вельмі малаімаверна, што чыньнікі для такога разьвіцьця падзеяў складуцца за кароткі адрэзак часу. Больш імаверным уяўляецца сцэнар, пры якім Лукашэнка не рызыкне пайсьці на рэфэрэндум, калі ня здолее атрымаць замежнай палітычнай і фінансавай падтрымкі, у першую чаргу — з боку Расеі.

Аднак нават і без блаславеньня расейскай палітычнай эліты Лукашэнка ўсё ж можа наважыцца правесьці рэфэрэндум. Ідучы на гэта ўва ўмовах ужо поўнай ізаляцыі, ён сур’ёзна рызыкуе. Тры гады могуць аказацца дастатковым тэрмінам, каб змабілізаваць намаганьні ўнутранай апазыцыі і замежных гульцоў, зацікаўленых у зьмене палітычнага рэжыму ў Беларусі. Таму ня выключаны і варыянт датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў пасьля рэфэрэндуму, шанцы прайграць якія ў Лукашэнкі мінімальныя. Бо апазыцыю і замежных актораў такое разьвіцьцё падзеяў можа засьпець зьнянацку. Калі ажыцьцявіцца гэты сцэнар, канфрантацыя паміж прыхільнікамі і апанэнтамі існага рэжыму надоўга пяройдзе ў поле пазасыстэмнай палітыкі.

Калі ж абмежаваньне тэрмінаў прэзыдэнцтва ня будзе скасавана, Лукашэнку не застанецца нічога іншага, як прызначыць умоўнага пераемніка і дачакаць канца ўласных паўнамоцтваў у 2006 г. Тады Беларусь найхутчэй чакае палітычная стагнацыя, пры якой сыстэма ўлады перажыве толькі касмэтычныя зьмяненьні, а базавы расклад сілаў паміж дзяржбюракратыяй з аднаго боку і дэмакратычнай апазыцыяй ды грамадзтвам зь іншага застанецца нязьмененым. Улада пяройдзе да лукашэнкаўскай намэнклятуры.

Дарма што прыход да ўлады апазыцыі найбольш імаверны акурат у выбарах «без Лукашэнкі», якраз такія выбары найхутчэй справакуюць імкненьне асобных плыняў у яе лягеры да выкананьня вузкапартыйнага мінімуму. Вырашыўшы, што галоўная мэта (скіданьне Лукашэнкі) ужо дасягнутая, апазыцыя можа адразу ж дэзінтэгравацца, спрабуючы прыстасавацца з максымальнай выгадай да новых палітычных рэаліяў. Замест барацьбы за ўладу — зоймуцца барацьбой за ўдзел у ёй. Максымум, што тады чакае Беларусь, — яшчэ больш звыродлівая вэрсія расейскай ці ўкраінскай «кіраванай дэмакратыі».

Нарэшце, выбары з удзелам Лукашэнкі ў 2006 г. — найдраматычнейшы сцэнар разьвіцьця падзеяў. У ім ня будзе месца намэнклятуры: як паказалі выбары-2001, любы апаратчык, які насьмеліцца кінуць выклік галоўнаму і адзінаму кандыдату ад улады, аўтаматычна пераходзіць у шэраг былых. Удзел у выбарах адзінак, якія спрабуюць замяніць сваімі амбіцыямі адсутнасьць палітычных і арганізацыйных рэсурсаў, беспэрспэктыўны, і гэта, як і ўлетку 2001 г., хутчэй за ўсё скончыцца ўжо на стадыі рэгістрацыі кандыдатаў. А значыць, такія выбары найхутчэй пройдуць па мадэлі супрацьстаяньня «ўлада—апазыцыя». Барацьба пойдзе на выжываньне, а стаўкай будзе не прэзыдэнцкі фатэль, а лёс палітычнага рэжыму.

Ці абгрунтаваныя спадзевы, што выбары ў фармаце «Лукашэнка супраць апазыцыі» прывядуць да кардынальнай зьмены палітычнага раскладу ў краіне? У сацыяльным кантэксьце, што складаецца ў Беларусі, такое разьвіцьцё падзеяў цалкам магчыма. Аднак такая магчымасьць будзе рэалізаваная толькі тады, калі апанэнты ўлады канчаткова зразумеюць: выбары, што адбываюцца пад патранажам рэжыму, не выконваюць ролі рэкрутаваньня і зьмены палітычных элітаў, што пазбаўляе сэнсу вузкапартыйны ці пэрсанальны фармат удзелу ў іх.

Апазыцыя можа дзейсна выкарыстаць выбары паводле лукашэнкаўскіх правілаў толькі ў двух выпадках: калі падчас удзелу ў іх робіцца акцэнт на інфармацыйнай кампаніі дзеля пашырэньня ўплыву ў грамадзтве або калі выбары выкарыстоўваюцца як першапачатковая стадыя мабілізацыі грамадзтва дзеля актыўнага вулічнага палітычнага ўзьдзеяньня (як у Сэрбіі ў 2000 г.). Апанэнты ўладаў ня здолеюць дасягнуць ніводнай мэты кампаніі ў выпадку, калі іх удзел у выбарах будзе суправаджацца ўнутрыапазыцыйнай канкурэнцыяй. На жаль, кіраўніцтва асобных партыяў пакуль схіляецца акурат да такога фармату ўдзелу ў будучых парлямэнцкіх ды прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта нясе пагрозу таго, што і наступныя выбарчыя кампаніі стануць чарговым практыкаваньнем правінцыйнага аўтарытарызму, якому апанэнты ўлады ня здолеюць супрацьстаяць. Альтэрнатывай такому самагубнаму для апазыцыі варыянту паводзінаў можа быць толькі рэанімацыя брэнду «дэмакратычная апазыцыя» як увасабленьня рэальнай альтэрнатывы аўтарытарнай уладзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0