26 траўня ў Менску на нэўтральнай тэрыторыі, па-за судовай заляй, сустрэліся прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі і няўрадавых арганізацыяў. Тэма арганізаваных імі Грамадзкіх слуханьняў — ліквідацыя шэрагу ГА, распачатая Мінюстам. Абмеркаваньне было эмацыйнае. Ня ў прыклад выніковай рэзалюцыі.

Мінюст знайшоў парушэньні ў дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў «Ратуша» (Горадня), «Грамадзянскія ініцыятывы» (Гомель), «Варута» (Баранавічы) і «Моладзевы хрысьціянска-сацыяльны саюз». У траўні суды пачалі разглядаць справы па іх ліквідацыі (акрамя МХСС, дата суда якога яшчэ ня вызначана), ды ўсе былі паадкладаныя. У часе «перадышкі» ініцыятыва «Наша салідарнасьць» і правяла Грамадзкія слуханьні, каб наладзіць дыялёг паміж Мінюстам ды «трэцім сэктарам» і ўратаваць ад ліквідацыі найбуйнейшыя грамадзкія аб’яднаньні Беларусі.

Дыялёг той вёўся ў асноўным па-расейску. «Другой дзяржаўнай» гаварыла Алена Танкачова, старшынька праўленьня ГА «Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў», што вяла слуханьні. Ня ў прыклад ёй, начальнік упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Мінюсту Міхал Сухінін на беларускамоўныя пытаньні адказваў па-беларуску. Зьяўленьне гэтага ўрадоўцы падвысіла статус мерапрыемства і дадало яму жывасьці. Астатнія запрошаныя чыноўнікі слуханьні праігнаравалі.

Сухінін спрабаваў пераканаць прысутных, што дзеяньні адразу супраць чатырох грамадзкіх аб’яднаньняў — «гэта зьбег абставінаў». Чыноўнік прыводзіў пераканаўчы аргумэнт: «Вы ведаеце мяне не адзін год, і ніхто ня можа мяне абвінаваціць у хлусьні». Толькі большасьць слухачоў у шчырасьць М.Сухініна не паверылі. Кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі тлумачыў сёлетнюю «зачыстку» жаданьнем дзяржавы «ўзяць пад кантроль гэты грамадзкі сэктар жыцьця», паслабіць або раскалоць яго напярэдадні прыняцьця Кангрэсам ЗША Акту пра дэмакратыю ў Беларусі.

«Пэўныя таварышы бачаць у нас крыважэрнага зьвера, які нікому ў рэспубліцы не дае жыць», — крыўдаваў М.Сухінін. Паводле ягоных словаў, Мінюст дасьць грамадзкім аб’яднаньням палёгку падчас рэгістрацыі, а замест ліквідацыі пачне практыкавацца прыпыненьне дзейнасьці арганізацыі — зноў жа праз суд. Але калі тое будзе — невядома. А пакуль Мінюст не шкадуе пісьмовых папярэджаньняў і сёлета зрабіў іх аж 33.

Тым ня менш, аптымісты з ініцыятывы «Наша салідарнасьць» разглядаюць Грамадзкія слуханьні як «першы публічны крок да дыялёгу з уладамі». Імкненьне да «сталага дыялёгу паміж няўрадавымі арганізацыямі і дзяржаўнымі органамі» было адлюстравана і ў прынятай рэзалюцыі.

Алег Тачоны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0