Генэральны пракурор Віктар Шэйман з 19 да 23 траўня знаходзіўся з афіцыйным візытам у Баўгарыі. Адзін з самых уплывовых людзей рэжыму наведаў краіну, якая ўступае ў NАТО і Эўразьвяз. Апошнім часам кантакты між прадстаўнікамі беларускай адміністрацыі і краінамі Захаду пачасьціліся.

Шэймана запрасіў у Сафію баўгарскі калега Мікола Філчаў. Досьвед Шэймана, відаць, уразіў гаспадароў. Як піша «Пари», адразу ж пасьля перамоваў у баўгарскай пракуратуры пачаліся пераўтварэньні «на беларускі ўзор». Там зьявіўся новы аддзел, што мае займацца выключна карупцыяй сярод вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў. Аддзел барацьбы з карупцыяй існаваў у пракуратуры і раней, але яго «кліентамі» былі ўсе грамадзяне краіны, а ня толькі ўладцы. «Віктар Шэйман падвёў свайго калегу да гэтай ідэі. Беларуская пракуратура даўно стварыла такі аддзел. Летась быў арыштаваны дэпутат, што быў адначасова міністрам чыгуначнага транспарту. Сёлета распачатыя крымінальныя справы супраць двух дэпутатаў, распавёў Шэйман. Генэральны пракурор Беларусі мае права санкцыяваць арышт народных дэпутатаў, нават не зьвяртаючыся да парлямэнту», — адзначае інтэрнэт-выданьне «Сэга».

Стварэньнем аддзелу баўгарскі пракурор не абмежаваўся. М.Філчаў прапанаваў унесьці зьмены ў судовае заканадаўства Баўгарыі, якія б пашырылі паўнамоцтвы пракуратуры дзеля «барацьбы са злачыннасьцю» і «інфармаваньня грамадзкасьці пра дзейнасьць пракуратуры». Баўгарская прэса і ў гэтым бачыць беларускі сьлед. «Гэта ў каго ж мы вучымся дэмакратыі!!!» — лямантуе камэнтатарка тыднёвіка «Cтрума». У адказ у інтэрнэт-гасьцёўні тыднёвіка нейкі чытач адзначае: а што хацець ад Філчава і кампаніі, таварышамі якіх зьяўляюцца «сherveni drugari i lainari» ўсяго сьвету.

Сяргей Радштэйн

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0