У аўторак у Менску зьявіўся новы нумар тыднёвіка «Салідарнасць» зь дзьвюхмоўнай шапкай: «Салідарнасць с Белорусской деловой газетой». У сераду выйшаў нумар «БДГ» пад шапкай новага тыднёвіка «Эхо». Чытачы знаходзілі выданьне, выхад якога быў прыпынены на тры месяцы Міністэрствам інфармацыі, у прыватных распаўсюднікаў. У чацьвер меўся выйсьці такі ж праект з «Предпринимательской газетой», а ў пятніцу — зь «Belarus Today». Аднак у сераду стала вядома пра звальненьне дырэктара друкарні «Чырвоная зорка», дзе публікаваліся газэты, якія былі далі часовую «шапку» «Белорусской Деловой».

Таксама «Предпринимательской» паведамілі, што «ў сувязі зь нездавальняльным станам друкарскай машыны» нумар надрукаваны ня будзе, а дамовы з «Предпринимательской газетой» і «Эхом» разрываюцца.

У якія дні газэце ўдасца выходзіць надалей, покі няясна. Выдавец «БДГ» разглядае магчымасьць друку за мяжой, дакуль ня вырашыцца канфлікт з урадам. Вышэйшы гаспадарчы суд будзе разглядаць справу папярэджаньняў «БДГ» 10 і 16 чэрвеня.

Пытайцеся «БДГ» у прыватных распаўсюднікаў.

Ніўскі

P.S. Прыпынены на тры месяцы і выхад газэты «Навінкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0