77% палякаў прагаласавалі за ўступленьне сваёй краіны ў Эўразьвяз. Як польскія экспэрты глядзяць сёньня на пройдзеныя этапы інтэграцыі з аб’яднанай Эўропай? Карэспандэнты «НН» гутараць з Альжбетай Скатніцкай-Ільляшэвіч, заснавальніцай Польскай рады Эўрапейскага руху і фундацыі «Польшча ў Эўропе», і Якубам Канецкім, экспэртам Эўрапейскага сакратарыяту, спэцыялістам па справах эканамічнай інтэграцыі Польшчы з Эўразьвязам.

«НН»: Хто ініцыяваў інтэграцыю Польшчы з Эўразьвязам?

А.С.-І.: Сілаю, што з самага пачатку выступала за вяртаньне Польшчы да заходняй цывілізацыі, была некамуністычная апазыцыя. Гэтая ідэя нарадзілася ў апазыцыйных асяродках у 80-я, выношвалася ў Грамадзянскім камітэце, далей — у Радзе і ўрэшце — у Уніі Вольнасьці. Ідэя інтэграцыі набыла рэальныя абрысы пасьля падпісаньня Дамовы аб партнэрстве Польшчы з Эўразьвязам. У ёй, дзякуючы колішняму прадстаўніку краіны ў Брусэлі Яну Калакоўскаму, было запісана, што партнэрства Польшчы з Эўразьвязам мае на мэце ўступленьне краіны ў ЭЗ.

«НН»: Як Польшча ішла да ўступленьня?

А.С.-І.: У красавіку 1994 г. Польшча падала заяву ў ЭЗ. У сьнежні 1997 г. была створаная т.зв. «Люксэмбурская група» з шасьці краінаў-кандыдатак — Польшчы, Вугоршчыны, Эстоніі, Славеніі, Мальты, Кіпру. Яны атрымалі пры канцы сакавіка 1998 г. запрашэньне рыхтавацца да сяброўства. І пачаліся перамовы па канкрэтных пытаньнях, што патрабавалі ўзгадненьня. Яны цягнуліся з 1999 г. аж да 18 сьнежня 2002 г.

Памятаю, Шырак сказаў: «Так-так, Польшча будзе ў ЭЗ у 2000 г.». Гэта было нерэальным, але такі ціск дазволіў перасунуць дату ўступленьня бліжэй, і сышліся ўрэшце на 1 траўня 2004 г. Тагачасны міністар эўрапейскіх справаў лічыў вызначэньне даты надзвычай моцным мабілізацыйным чыньнікам.

«НН»: Дзе пройдуць урэшце межы Эўразьвязу? Як трэба разумець заклікі некаторых эўрапейскіх палітыкаў «спыніцца»?

Я.К.: «Старыя» сябры Зьвязу баяцца, што з павелічэньнем ЭЗ зьмяншаецца іх роля ў арганізацыі.

А.С.-І: А я мяркую, што гэта вынікае з адсутнасьці ўяўленьня. Ці можна ўявіць сабе канчатковае завяршэньне эўрапейскага будаўніцтва? Па-мойму, немагчыма і ня варта.

«НН»: Чаму?

Я.К.: ЭЗ як ідэальная дэмакратыя — у прынцыпе немагчымая рэч. Але мы імкнёмся да яе, выпраўляючы і ўдасканальваючы дзяржаўную сыстэму. Няма ніякага ідэальнага Эўразьвязу. Калі нехта вырашыць, што Эўропа збудаваная, зацьвердзіць дасягнутае — загубіць канцэпцыю.

А.С.-І.: Уявім сабе, што Зьвяз застаўся хаўрусам шасьці краінаў, што былі ў ім ад пачатку. Якой бы тады была роля ЭЗ у сьвеце? Мэта ЭЗ — пашырэньне прасторы бясьпекі на нашым кантынэнце, бясьпекі палітычнай, эканамічнай, экалягічнай і г.д. Каб людзі спакойна плянавалі сваё жыцьцё і мелі пэўнасьць.

«НН»: Ці можа Беларусь увайсьці ў аб’яднаную Эўропу?

А.С.-І.: Існуюць Капэнгагенскія крытэры — палітычныя, эканамічныя. Любая краіна, што выканае іх і пагодзіцца трымацца эўрапейскіх прававых нормаў, можа прэтэндаваць на ўступленьне ў ЭЗ.

Я.К.: Аднак ЭЗ — арганізацыя сярэдніх і малых краінаў, што ня могуць забясьпечыць сябе сыравінай. Таму Расея, нават калі выканае ўсе Капэнгагенскія крытэры, ня можа быць прынятай у ЭЗ. Бо забясьпечвае сябе сыравінай і не зьяўляецца ні малой, ні сярэдняй краінай.

А.С.-І.: Існуюць чатыры прынцыповыя крытэры «эўрапейскасьці», якім трэба адпавядаць, каб далучыцца да будаўніцтва Супольнай Эўропы: геаграфічнае разьмяшчэньне краіны, трывалая дэмакратыя, наяўнасьць вольнага рынку і пачуцьцё прыналежнасьці да гэтага цывілізацыйнага абшару. Вялікая праблема, якую я назіраю ў вашай краіне, — няясна, ці беларусы адчуваюць сябе больш зьвязанымі з заходняй, ці з усходняй цывілізацыяй. Гэта пытаньне саматоеснасьці і ідэнтычнасьці, якое вы павінны вырашыць. Ня ваш прэзыдэнт будзе яго вырашаць, а вы самі — кожны грамадзянін.

Вы пакуль ня можаце стварыць адукацыйную сыстэму, што спрыяла б умацаваньню саматоеснасьці, вырашыць моўную праблему. І толькі калі гэта будзе зроблена, грамадзтва ўбачыць, дзе і на якім этапе разьвіцьця яно знаходзіцца. Пакуль вы ня ведаеце, якое месца займае «Беларусь» у Беларусі, да таго часу мы ня зможам адказаць на пытаньне, якое месца займае Беларусь у Эўропе.

«НН»: Ці будуць польскія прадстаўнікі ў Брусэлі падтрымліваць спробы Беларусі далучыцца да ЭЗ?

А.С.-І.: Бясспрэчна. Польшча зацікаўленая ў найлепшых стасунках зь Беларусяй, бо ў гэтым зацікаўленыя польскія грамадзяне. Усходнія вобласьці Польшчы занепакоеныя зьмяненьнямі ў рэжыме мяжы, бо маюць інтарэсы ў Беларусі й Украіне. Да таго ж, у Беларусі, Украіне і Літве жыве шмат людзей, што маюць сваякоў у Польшчы.

Я.К.: Больш таго — Польшча зацікаўленая ў паляпшэньні становішча беларусаў. Бо гэта ўтрымае іх ад нелегальных трансгранічных справаў. Па-другое, калі тут будзе добра, усе нелегальныя мігранты застануцца вам — ня пойдуць далей, у Польшчу. Таму мы не дазволім французам вызначаць усходнюю палітыку ЭЗ.

Гутарылі ЯЗ і АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0