Немагчымае здарылася. У Вашынгтоне адбыліся сакрэтныя беларуска-амэрыканскія перамовы. Вёў іх ад імя афіцыйнага Менску Міхаіл Мясьніковіч. Кантакты на дыпляматычным узроўні працягваюцца як у Менску, так і ў Вашынгтоне. Такую інфармацыю, з спасылкаю на дыпляматычныя крыніцы, падаюць расейскія і амэрыканскія СМІ.11 чэрвеня маскоўская «Независимая газета» надрукавала артыкул свайго менскага карэспандэнта Рамана Якаўлеўскага «Пасланьнік Лукашэнкі ў ролі генэрала Вольфа».

Місія Мясьніковіча, на думку Якаўлеўскага, была задуманая афіцыйным Менскам у процівагу «сур’ёзнаму псыхалягічнаму ціску на прэзыдэнта Лукашэнку». Таму, пры таямнічым антуражы, былі арганізаваныя «акуратныя ўцечкі інфармацыі», якія мусілі дайсьці да адрасата. «Менск хоча стварыць у Крамля ілюзію «сэпаратных перамоваў» з ЗША», — падводзіць рысу «НГ».

16 чэрвеня, напярэдадні ўрадавай нарады па пытаньні аб грашовым саюзе з Расеяй, амэрыканскае аналітычнае выданьне «Stratfor Strategic Forecasting» зьмясьціла падрабязны аналіз вынікаў нядаўняй «сакрэтнай місіі Міхаіла Мясьніковіча», як назвала яе. Паводле гэтай публікацыі, Мясьніковіч знаходзіўся ў Вашынгтоне 7—10 чэрвеня. Ён нібыта меў там сустрэчы з супрацоўнікамі Дзярждэпартамэнту (дыпляматычныя пытаньні), Міністэрства гандлю (інвэстыцыі ў беларускую прамысловасьць), а таксама Рады нацыянальнай бясьпекі (пытаньні стратэгічнае бясьпекі й супрацы). Паведамляецца, што Менск прапанаваў шэраг саступак (адмова ад гандлю зброяй з «праблемнымі краінамі», спыненьне рэпрэсій супраць мірнай апазыцыі, стварэньне спрыяльных умоваў для амэрыканскіх інвэстыцыяў), але прасіў амэрыканцаў за гэта зьмяніць стаўленьне да беларускага рэжыму ды адмовіцца ад падтрымкі апазыцыі.

«Кантакты між беларускімі і амэрыканскімі навуковымі цэнтрамі»

Дык езьдзіў М.Мясьніковіч у Вашынгтон ці не? Амэрыканскі бок ніяк не камэнтуе гэтай сытуацыі. У аддзеле інфармацыі пасольства ЗША ў Менску нам паведамілі, што яны пакуль «не гатовыя» нешта сказаць наконт гэтага.

Андрэй Савіных, начальнік упраўленьня інфармацыі і прэс-службы беларускага Міністэрства замежных справаў, лічыць тыя публікацыі «інсінуацыямі, якія ня маюць нічога супольнага з рэчаіснасьцю». Таму іх нельга разглядаць як «сур’ёзную публіцыстыку», гаворыць Савіных.

Яшчэ больш заблытвае сытуацыю тлумачэньне прэсавай сакратаркі Мясьніковіча Тацяны Арэшкі. Паводле яе словаў, візыт кіраўніка Акадэміі навук у ЗША адбываўся 26 красавіка — 5 траўня сёлета, але ніяк не 7—10 чэрвеня, і справаздача пра яго зьявілася тады ў афіцыйных СМІ. «Так што ніякай інфармацыйнай блякады адносна візыту не было», — заключыла Арэшка.

Сапраўды, 20 траўня БелТА распаўсюдзіла справаздачу пра візыт М.Мясьніковіча ў ЗША. Паводле яе, галоўная мэта паездкі — усталяваньне наўпроставых кантактаў паміж беларускімі і амэрыканскімі навуковымі цэнтрамі. Былі падпісаныя мэмарандумы аб супрацоўніцтве, у тым ліку і з Каледжам харчаваньня, сельскай гаспадаркі і навук аб навакольным асяродзьдзі. Пра наведаньне Мясьніковічам Вашынгтону нічога не паведамлялася. Затое адзначалася, што на працягу 2003—2004 г. у Беларусь прыедуць для ўсталяваньня дзелавых сувязяў амэрыканскія навукоўцы.

Высьветліць, дзе знаходзіўся 7—10 чэрвеня М.Мясьніковіч, не ўдалося. Вядома, што 5 чэрвеня ён браў удзел у прэзэнтацыі кнігі «Нацыянальны атлас Беларусі», а ўжо 10 чэрвеня прысутнічаў на паседжаньні прэзыдыюму Саўміну па пытаньнях разьвіцьця геалёгіі. Зрэшты, сама дата візыту Мясьніковіча ў ЗША не такая важная. Важна, што афіцыйны Менск гатовы шукаць інвэстыцый у ЗША. Або (гэта ўжо якая інтэрпрэтацыя каму даспадобы) адзін з эмісараў Лукашэнкі абвёў Вашынгтон вакол пальца.

Дэмакратычна настроены інтэлектуал

Былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў бачыць прычыну актыўнасьці беларускіх уладаў у абмеркаваньні Кангрэсам ЗША Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. «Яны нават спрабавалі пагражаць спыненьнем адносінаў з ЗША», — кажа Саньнікаў. Ён лічыць, што беларускія ўлады нічога не маглі прапанаваць амэрыканскаму боку, а кангрэсмэны і сэнатары «ніколі ня пойдуць на перамовы і паляпшэньне адносінаў з рэжымам Лукашэнкі» без істотных зьменаў сытуацыі з станам правоў чалавека і дэмакратыі ў нашай краіне. Тэза, дарэчы, спрэчная. А.Саньнікаў высунуў вэрсію, што калі перамовы сапраўды мелі месца, то тэмай іх магло быць «незадавальненьне сытуацыяй значнай часткі беларускай намэнклятуры». Але падаецца малаверагодным, каб Мясьніковіч у перапынках паміж чытаньнем лекцый і падпісаньнем мэмарандумаў вёў ад імя намэнклятуры перамовы з амэрыканцамі. «Уцечкі інфармацыі» гавораць, што ягоныя сустрэчы з афіцыйнымі амэрыканскімі асобамі маглі адбыцца толькі з санкцыі Лукашэнкі. І ў якасьці пасланца — добры выбар. Чалавек безь вялікай пасады, асабістых кар’ерных амбіцый, канал сувязі зь беларускай намэнклятурай. Да таго ж, як выказваецца аналітык «Стрэтфару», «дэмакратычна настроены інтэлектуал».

Высновы «Стрэтфару» досыць пэсымістычныя для Беларусі, а аналіз нібыта пісаўся расейскай рукой. А вось факты — беспрэцэдэнтныя і ў пэўным сэнсе супярэчаць высновам.

Пробны шар

Калі пададзеная вышэй інфармацыя адпавядае рэчаіснасьці, дык беларускія ўлады вырашылі забіць двух зайцоў: паспрабаваць прадухіліць інфармацыйную атаку на рэжым з боку ЗША, паабяцаўшы шэраг саступак у пытаньнях гандлю зброяй ды правоў чалавека, і паказаць Маскве, што ў выпадку далейшага ціску Менск можа павярнуцца тварам на Захад. Паводле «Stratfor-Strategic Forecasting», і амэрыканскі, і беларускі бакі мусілі трымаць у сакрэце факт перамоваў як самастойнай гульні Лукашэнкі, які апынуўся пад жорсткім прэсынгам Масквы і змушаны зрабіць жэст «добрай волі» ў бок Захаду.

Варта адзначыць, што названыя публікацыі зьявіліся ў двух спэцыфічных выданьнях. «НГ» набліжаная да колаў паліттэхнолягаў, якія абслугоўваюць Крэмль і маюць доступ да інфармацыі спэцслужбаў. «Strategic Forecasting» («Стрэтфар») — гэта адна з найбуйнейшых сусьветных прыватных выведных кампаніяў, якая пастаўляе сваёй кліентуры зьвесткі геапалітычных аналізаў.

Падобна на тое, што публікацыі пра перамовы Мясьніковіча — нягледзячы на супярэчлівасьць выкла-дзеных зьвестак — гэта не дэзынфармацыя. Цалкам магчыма, што мы сталіся сьведкамі, як мінімум, распрацоўкі новай стратэгіі стаўленьня ЗША да Беларусі. І ня важна, з чыёй ініцыятывы адбылася ўцечка інфармацыі — Менску, які хоча шантажаваць Маскву, Вашынгтону, які хоча сапсаваць адносіны Беларусі й Расеі, ці Масквы, якая хоча прадэманстраваць, што яна ў курсе падзеяў. Важна, што ЗША пагадзіліся на гэты візыт, на перамовы, якія раней былі проста немагчымыя, а беларускія ўлады пайшлі на крок, які яшчэ нядаўна здаваўся таксама немагчымым.

Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0