6 ліпеня 1253 г. вялікі князь літоўскі Міндоўг атрымаў карону ад Папы Інакенція IV. Сьвята, вартае называньня калі ня Днём Рэспублікі (якая ж рэспубліка пры каралю?), дык прынамсі Днём Каранацыі. Уся Вільня была сёлета завешаная плякатамі і расьцяжкамі, прысьвечанымі юбілею Міндоўгавай Karunavimo. У Беларусі нічога падобнага не назіралася — ні ў Менску, ні ў Наваградку. Юбілей прайшоў ціха.

Прамінулі яго сваёй увагай рыцарскія клюбы, якія сёлета чамусьці выправіліся ў Нясьвіж. Дэманстрацыйна «не заўважылі» даты дзяржаўныя органы. Ані юбілейнай манэты ад Нацбанку, ані адмысловай паштоўкі ды маркі з капэртай ад Мінсувязі мы сёлета ня ўбачым. Паводле словаў намесьніка старшыні аргкамітэту мастака Міколы Купавы, «кульмінацыяй сьвяткаваньня стала адкрыцьцё мастацкай выставы 5 ліпеня». Як для юбілею, ня надта ўражвае такі «размах».

Выстава «Каранцыя Міндоўга» атрымалася вартая. Асабліва хочацца адзначыць графічныя працы Арлена Кашкурэвіча, невялічкую і амаль незаўважную між іншых вялікіх палотнаў «Купалінку» Ўладзімера Сіўчыкава. Зьдзіўляе, што праект коннага помніка Міндоўгу прэзэнтаваны на выставе… фатаздымкам, а ня зьменшанай копіяй скульптуры. Дый сам помнік да болю нагадвае вядомую конную постаць Карла Вялікага.

Менавіта на выставе ўладныя органы прадэманстравалі, што яны не зусім ужо забыліся на юбілей каранацыі. Увага дзяржавы да падзеі выявілася ў арышце карціны Аляксея Марачкіна «Сьляза Міндоўга».

Але гэта хіба адзінае, што прыцягнула да сябе ўвагу. Бо «паседжаньне грамадзкасьці» і сьвяточны канцэрт у Доме літаратара прайшлі без імпэту, з удзелам паўсотні чалавек, што пераконвалі адзін аднаго ў велічы ўласнае гісторыі. Прыемную ноту сьвята ўнесла старадаўняя музыка, якую граў квартэт «Літус», раней вядомы як «Кантраданс». (Калектыў страціў назву і званьне «народнага» пасьля таго, як музыкі адмовіліся ўдзельнічаць у «Дажынках».) Нягучную барокавую музыку ўвесь час перабівалі воклічы «горка!» і расейская папса з фае Дому літаратара — у кавярні «Белорусское бистро» ладзілася вясельле...

Арганізатары наракалі на ўлады, якія «не падтрымалі». Наракалі на дэмакратычную прэсу, якая «не паведаміла». Аднак сябе за адсутнасьць якой бы там ні было «рэклямнае кампаніі» не дакаралі. Эфэмэрным выглядае і спадзеў сяброў грамадзкага аргкамітэту на аднаўленьне пастаноўкі опэры «Князь Наваградзкі» ў новым тэатральным сэзоне. Зрэшты, яны й самі гэта разумеюць. «Мы пісалі ў Міністэрства культуры, але зьвяртацца туды — што з вадой размаўляць», — адзначыў М.Купава.

А якая ўсё ж такі дата!..

Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0