Адстаўку Навіцкага, зьяўленьне Сідорскага, падрыхтоўку ўлады да новай палітычнай кампаніі камэнтуе былы міністар замежных справаў Пятро Краўчанка.

«НН»: Што ж рыхтуе гэтая зьмена прэм’ера?

Пятро Краўчанка: Рыхтуюцца сур’ёзныя палітычныя акцыі. Не выключаю, што гэта будзе рэфэрэндум. Я валодаю інфармацыяй пра падрыхтоўку закрыцьця практычна ўсіх апазыцыйных газэтаў. Лукашэнка, па сутнасьці, праводзіць тактыку «выпаленай зямлі».

«НН»: Чаму ён так упэўнена пачуваецца ў сёньняшняй сытуацыі?

П.К.: Лукашэнка ня зьвязаны ніякімі маральнымі абавязкамі на Захадзе, а цяпер і на Ўсходзе. Беларусь пакінута сама сабе. Таму Лукашэнка вырашыў проста гуляць ва-банк: утрымаць уладу любым спосабам, нягледзячы ні на якія акалічнасьці і складанасьці.

«НН»: Адстаўка прэм’ера Навіцкага і іншыя зьмены ва ўрадзе выкліканыя падрыхтоўкай палітычнай акцыі ці існуюць нейкія іншыя прычыны?

П.К.: Тое, што адбываецца, — гэта чарговы палітычны спэктакль. Такіх прэм’ер-міністраў, якія ёсьць у нас, можна мяняць у любы час і на любым этапе. У Беларусі рэальны кіраўнік ураду — прэзыдэнт. Таму каманда прэм’ера — гэта хлопчыкі для біцьця, якія рэальна ні за што не адказваюць і нічога не вызначаюць. Пасьля выбараў 1994 г. Кебіч запытаўся ў Лукашэнкі: «Саша, як ты будзеш кіраваць? Ты ж ня зможаш кіраваць краінай!» Той адказаў: «Нічога, я штогод буду мяняць прэм’ера».

Цяпер у Лукашэнкі няма часу для манэўру, ды ягоныя рэзэрвы не такія моцныя, як здаецца. Цэнтралізацыя дасягнула свайго апагею. І калі аб’ектыўна ацэньваць вынікі дзейнасьці ўраду Навіцкага, то яны не адпавядаюць надзеям людзей. Вось цяпер, перад важнымі палітычнымі акцыямі, Лукашэнка пойдзе на варыянт з чалавекам больш жорсткім, рашучым. На мой погляд, хутчэй за ўсё, прэм’ер-міністрам будзе Сяргей Сідорскі.

«НН»: Як бы Вы ацанілі палітычныя пэрспэктывы Сідорскага?

П.К.: Сідорскі — гэта чалавек, які ня мае ніякіх маральных падставаў узначальваць урад. У яго няма досьведу, ён не прайшоў усіх намэнклятурных прыступак, пакіраваў толькі Гомельскай свабоднай эканамічнай зонай. Гэта грубы, жорсткі, бестактоўны чалавек, які ніколі ня будзе задумвацца над тым, выконваць пэўнае даручэньне ці не выконваць. Такім чынам, на зьмену дастаткова лібэральнаму і мяккаму Навіцкаму прыходзіць упраўленец, які стылем найбольш адпавядае поглядам, падыходам Лукашэнкі. Але «жорсткі і рашучы» зусім не азначае «больш кваліфікаваны і прафэсійны».

Я ведаю, як Сідорскі распраўляўся з многімі людзьмі ў апараце Савету міністраў. Аднаго вядучага кіраўніка ўпраўленьня ён выкінуў на пэнсію літаральна за месяц да таго, як яму споўнілася 60 гадоў. Менавіта з падачы Сідорскага здымаліся некалькі міністраў летась у красавіку, літаральна на паседжаньні прэзыдыюму ўраду. Але, колькі б ні ламаў лёсаў Сідорскі, у краіне нічога не мяняецца. Таму што трэба ламаць сыстэму. Трэба мяняць падыходы. Неабходна зрабіць так, каб людзі былі зацікаўленыя ў стваральнай працы.

З усіх прэм’ераў найбольш падрыхтаваным і кваліфікаваным быў Уладзімер Ярмошын. А тыя людзі, якія прыходзяць цяпер, — гэта нават не другі эшалён, а трэці.

«НН»: Ці існуюць сёньня намэнклятурныя кланы, якія стаяць у прынцыповай апазыцыі?

П.К.: Такія кланы, павязаныя сваяцкімі, рэгіянальнымі і іншымі сувязямі, існуюць. Але яны чакаюць разьвіцьця падзеяў і не прадпрымаюць актыўнай дзейнасьці.

«НН»: Вельмі пэсымістычную карціну малюеце. Ці значыць гэта, што Вы ўжо расчараваліся ў магчымасьці палітычнай барацьбы за ўладу ў Беларусі?

П.К.: Абсалютна не. Я добра ўсьведамляў, што ў 2003—2004 гадах будуць «закручвацца гайкі», што парлямэнт ня будзе адыгрываць ніякай значнай ролі. Урэшце, усё вызначае фінішная стадыя.

«НН»: Варта чакаць новай хвалі рэпрэсіяў?

П.К.: Калі рукі ў чалавека разьвязаныя і супрацьстаяць яму няма каму, вядома, тут могуць быць розныя абставіны. Але я спадзяюся, што на рэпрэсіўныя дзеяньні, якія былі ў 1999—2000 гадах, Лукашэнка ня пойдзе.

«НН»: У апошні месяц зьяўлялася інфармацыя, што рэжым імкнецца знайсьці паразуменьне на Захадзе, у прыватнасьці ў ЗША…

П.К.: Гэта піяраўская кампанія ўладных структураў, якія запусьцілі плётку ў друк. Яна ня мае нічога супольнага зь беларуска-амэрыканскімі адносінамі. Я ў гэтым перакананы. Пэўныя спробы весьці палітычны зандаж робіць Мартынаў. Але на Захадзе добра разумеюць, што адзіны міністар замежных справаў Беларусі — гэта Лукашэнка.

Запісаў Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0