Дзень Незалежнасьці 27 Ліпеня да 1996 году быў дзяржаўным сьвятам. Пасьля яго абхаялі ўлады, узурпавала апазыцыя. Былі дэманстрацыі, для пары дзясяткаў чалавек гэты дзень запомніўся адседкамі на Акрэсьціна. Але нешта не прыпомніцца, каб цэрбэры рэжыму надта лютавалі ў гэты дзень. Ну, сьвята ж новае, ад сьпякоты трохі млявае. Не Вялікдзень і ня Дзень Волі, адным словам. Але цікавае каляндарнай блізкасьцю з галоўнымі нацыянальнымі сьвятамі шэрагу буйных нацый. У ЗША 4 ліпеня, у Францыі 14 ліпеня, ва Ўкраіне 24 жніўня.

У любым разе гэты дзень у нацыянальнай гісторыі застанецца, хоць яго ніколі не сьвяткавалі як сьлед. Як-ніяк, а Рэспубліка Беларусь заявіла пра незалежнасьць. Гэта не Каляды, але ж і які-небудзь Макавей мае свой «фармат» сьвяткаваньня. А які фармат магло б мець сьвята 27 Ліпеня? Як яго адзначаюць у беларускіх асяродках?

А таксама: пра што думаў Станіслаў Шушкевіч, калі праводзіў Дэклярацыю аб сувэрэнітэце праз калгасна-вэтэранскі Вярхоўны Савет? — гутарка зь першым кіраўніком незалежнае Беларусі. Ад каго і чаго цяпер незалежная Беларусь? — артыкулы Віталя Сіліцкага й Паўла Севярынца. Маленькае апавяданьне Евы Вежнавец з нагоды невялікага сьвята ды верш Андрэя Хадановіча з тае самае нагоды.

Хроніка сьвяткаваньня 27 ліпеня

Упершыню Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня адзначалі ў 1992-м, праз год пасьля абвяшчэньня самастойнасьці. Напярэдадні сьвята вандалы зьнішчылі мэмарыяльны знак у Курапатах, але ён быў адноўлены і 27 ліпеня яго асьвячаў а.Ян Матусэвіч. Адбыліся таксама афіцыйныя мерапрыемствы з удзелам кіраўнікоў дзяржавы, шэсьце па пр.Скарыны ад плошчы Незалежнасьці да сквэру Янкі Купалы, зладжанае дэмакратычнымі партыямі. Сьвяткаваньне праходзіла пад дзяржаўнай бел-чырвона-белай сымболікай, але менскія вуліцы чамусьці былі ўпрыгожаныя чырвонымі сьцягамі.

27 ліпеня 1993 году ў менскай штаб-кватэры БНФ адбылася сустрэча кіраўнікоў Фронту з журналістамі, прымеркаваная да Дня Незалежнасьці. Зянон Пазьняк гаварыў, што, «калі б не Народны Фронт, ніякай незалежнасьці, ніякай Дэклярацыі аб сувэрэнітэце і ніякага сьвята не было б». Паводле ягоных словаў, пасьля зьмены ўлады ў краіне Дзень Незалежнасьці будзе сьвяткавацца 25 сакавіка, але і пра 27 ліпеня не забудуцца, бо гэтая дата таксама ўвайшла ў гісторыю.

У 1994 годзе ў Дзень Незалежнасьці БНФ зладзіў невялікае шэсьце ад плошчы Незалежнасьці да сквэру Янкі Купалы, дзе адбыўся мітынг. Прэзыдэнт А.Лукашэнка разам зь сьпікерам парлямэнту М.Грыбам ускладаў вянок да манумэнту Перамогі. Увечары 27 ліпеня некалькі соцень прадстаўнікоў розных нацыяналістычных арганізацый і партый зладзілі шэсьце з паходнямі па праспэкце Скарыны. Яны прайшлі калёнай ад плошчы Незалежнасьці да плошчы Перамогі.

Разважаючы пра даты, якія прэтэндуюць на статус сьвята Незалежнасьці, журналіст «Звязды» Валянцін Жданко пісаў: «Зрэшты, час усё расставіць па сваіх месцах — нашчадкі з вышыні гадоў разьбяруцца, якія дні ўшаноўваць і якім асобам аддаваць даніну павагі».

У ліпені 1995-га, з нагоды чарговае гадавіны Незалежнасьці, газэта «Свабода» апытвала палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. Васіль Быкаў, адказваючы на пытаньне «Ці задавальняе Вас тое, як праходзіць сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці?», адказаў: «Ня толькі незадаволены! Гэта было б нават сьмешна, калі б не было гэтак сумна. Такое «сьвяткаваньне» магчымае толькі ў краіне з таталітарным рэжымам». Генадзь Карпенка падкрэсьліў, што «фактычна Дзень Незалежнасьці ня стаў нацыянальным сьвятам, і гэта сумна. Сумная гэтая дэманстратыўная абыякавасьць».

У ліпені 1996 г. з зваротам да беларускага народу выступіў Нацыянальны аргкамітэт сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці Рэспублікі Беларусі. «Няма ў сучаснай гісторыі Беларусі больш значнай і лёсавызначальнай падзеі. Спраўдзіліся мары многіх пакаленьняў нашых продкаў аб стварэньні самастойнай беларускай дзяржавы... Таму мы ўпэўненыя, што зь цягам часу 27 ліпеня стане нашым найвялікшым сьвятам», — гаворыцца ў дакумэнце, пад якім паставілі подпісы В.Быкаў, С.Багданкевіч, З.Пазьняк, С. Шушкевіч ды інш. Напярэдадні сьвяткаваньня з скандальнай заявай выступіў старшыня камітэту па нацыянальнай бясьпецы Дзярждумы Расеі Віктар Ілюхін, які агучыў «плян змовы ЦРУ супраць Беларусі». Сярод іншага ў плянах «змоўшчыкаў» нібыта была арганізацыя шматтысячнага апазыцыйнага шэсьця. Нягледзячы на гэтую правакацыю, 27 ліпеня ў Менску прайшло самае масавае сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці за ўсю яго гісторыю. У шэсьці і мітынгу ўзялі ўдзел ад 20 да 30 тысячаў чалавек.

Праз год, у 1997-м, такое самае шэсьце і мітынг у Менску сабралі ўсяго пяць тысячаў чалавек. Яшчэ да пачатку сьвяточных мерапрыемстваў міліцыянты зрабілі ператрус у офісе БНФ. Шукалі халодную зброю, але не знайшлі, задаволіліся канфіскацыяй чатырох транспарантаў і некалькіх дрэўкаў да сьцягоў. У Опэрным тэатры нечакана была адключаная электрычнасьць, у выніку чаго мітынг на плошчы Парыскай камуны праводзіўся пры мэгафоне, а рок-канцэрт быў адменены. Легендарны Мірон у ноч з 25 на 26 ліпеня вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на 40-мэтровай мачце электралініі напругай у 110 тыс. вольт.

З 1997-га Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня перасталі адзначаць улады — гэта было наступства рэфэрэндуму 1996 г., у адпаведнасьці зь якім сьвята перанесьлі на 3 ліпеня (дзень вызваленьня Менску ад нямецкіх акупантаў у 1944 г.).

27 ліпеня 1998-га дэмакратычныя партыі ладзілі шэсьце ад кінатэатру «Кастрычнік» да Опэрнага. На праспэкце Скарыны адбылася сутычка дэманстрантаў з групай скінхедаў, якіх пасьля затрымала міліцыя. У 1999 г. акцыю ў Дзень Незалежнасьці наладзіла Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада). Пасьля яе лідэра Міколу Статкевіча арыштавалі і судзілі за арганізацыю сутыкненьняў паміж дэманстрантамі і міліцыянтамі падчас Маршу свабоды і Дня Незалежнасьці.

У 2000 г. сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці праходзіла ў менскім парку Дружбы народаў у форме канцэрту. У гэты ж дзень Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня правёў «круглы стол» на тэму «Дзесяць гадоў незалежнасьці: перамогі і паразы».

Самую гучную акцыю на Дзень Незалежнасьці ў 2001 г. зладзіў незарэгістраваны рух «Зубр». Некалькі сотняў «зуброў» сабраліся на плошчы Перамогі і ўсклалі да манумэнта бел-чырвона-белы вянок і кветкі. Тут адбыўся і прыём у шэрагі «Зубра» новых сяброў, якія складалі прысягу на вернасьць Беларусі. Арганізаванае рухам шэсьце ў бок Кастрычніцкай плошчы было спыненае супрацоўнікамі праваахоўных органаў, а яго ўдзельнікі былі расьсеяны.

27 ліпеня 2002 г. на Кастрычніцкай плошчы сталіцы актывісты незарэгістраванага «Маладога фронту» і Беларускай асацыяцыі журналістаў арганізавалі жывы ланцуг. У руках яны трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і незалежныя газэты.

Падрыхтаваў Алег Тачоны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0