Абсалютным пераможцам 35-й Мiжнароднай хiмiчнай алiмпiяды сярод школьнiкаў, што прайшла ў Афінах, стаў вiцебскi дзесяцiклясьнiк Аляксей Путаў. Тры астатнiя спаборнікi — Вячаслаў Бернат, Аляксей Лушчынскi i Аляксандар Жданко — узнагароджаныя срэбнымi мэдалямi.

У Алімпіядзе бралі ўдзел школьнiкi з 59 краiн. Аляксей Путаў здолеў заняць месца, якое ў апошнiя гады традыцыйна належала кiтайскiм удзельнiкам. Нашая сыстэма адукацыi, насуперак безграшоўю, дае добрыя веды (тым, хто хоча iх атрымаць). Дый шматузроўневая сыстэма школьных, раённых, абласных, рэспублiканскiх алiмпiядаў дазваляе знайсьцi гэтыя таленты ды падтрымаць iх маральна (каб яшчэ i матэрыяльна...)

Амаль дзесяць гадоў мэтадычным кiраўнiком хiмiчных алiмпiядаў абласнога i нацыянальнага ўзроўняў зьяўляецца дацэнт катэдры агульнай хiмii i мэтодыкi выкладаньня хiмii БДУ Вiктар Хвалюк. Гэта ён распрацаваў праграму перадалiмпiяднае падрыхтоўкi, якая прывяла нацыянальную каманду да перамогi. Нялiшне дадаць, што ў Лiцэi БДУ В.Хвалюк — настаўнiк усiх трох сёлетнiх срэбных прызёраў.

АР

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0