Беларусь — адзіная з краінаў СНД, што ўваходзіць у групу высокаразьвітых. Але гады кіраваньня Лукашэнкі паглыбілі наша адставаньне ад Польшчы й Літвы. Гэта вынікае з «Дакладу аб разьвіцьці чалавека», падрыхтаванага ААН.

Гэты даклад штогод рыхтуецца незалежнымі экспэртамі на замову Праграмы ААН па разьвіцьці. Дзеля маруднасьці апрацоўкі зьвестак, сёлетні грунтуецца на статыстыцы за 2000—2001 г. Індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу — гэта сярэдні паказчык, які адлюстроўвае даўжыню жыцьця і здароўе, ступень распаўсюджанасьці ведаў і пісьменнасьці, узровень жыцьця людзей.

Першае месца ў рэйтынгу займае Нарвэгія, апошняе — Сьера-Леонэ. Беларусь узьнялася, проці мінулага году, з 56-й на 53-ю пазыцыю. ЗША займаюць сёмы радок, Польшча — 35-ы, Літва — 45-ы, Латвія — 50-ы, Расея — 63-і, Украіна — 75-ы.

Першыя 55 краінаў сьпісу, з індэксам, вышэйшым за 0,800 (на шкале ад 0 да 1), аднесеныя да шэрагу высокаразьвітых. Цікава, што ў гэтую групу ня трапілі такія кандыдаты на ўступленьне ў Эўразьвяз, як Румынія й Баўгарыя.

Расея адстае

У параўнаньні з папярэднім дакладам, павялічыўся разрыў у якасьці жыцьця між Расеяй і Беларусяй.

У Расеі нарастае галеча найбяднейшых слаёў насельніцтва і няроўнасьць паміж рэгіёнамі. Калі індэкс чалавечага разьвіцьця Масквы, Татарстану, Цюменскай вобласьці роўны чэскаму ці вугорскаму, дык у Чыцінскай вобласьці й Туве ён на ўзроўні Габону. У суседніх зь Беларусяй абласьцях Расеі рэйтынг вагаецца паміж кітайскім і туркмэнскім узроўнямі (0,720—0,750). Для параўнаньня: у Беларусі — 0,804; у Чэхіі — 0,861; у Нарвэгіі, якая ўзначальвае сьпіс, — 0,944. Акрамя таго, доля бедных у вясковых раёнах Расеі перавышае 50%, а ў гарадах — 40%. Асабліва нэгатыўны ў нашых суседзяў «дыяпазон няроўнасьці». Сярэдні даход 10% найбагацейшых жыхароў большы за даход 10% найбяднейшых у 20,3 разу. Для параўнаньня: у Нарвэгіі — 5,3; у Польшчы — 7,8; у Беларусі — 6,9; ва Ўкраіне — 6,4. Суадносіны аплаты працы мужчынаў і жанчынаў у Расеі таксама працягвалі пагаршацца. Калі на пачатку 1999 г. сярэдняя жанчына ў Расеі зарабляла 56% ад заробку сярэдняга мужчыны, дык у 2000 г. гэтая лічба ўпала ніжэй за 50%. Да таго ж, доля насельніцтва ў рэпрадуктыўным веку, заражанага ВІЧ-інфэкцыяй, дасягнула 0,9% (Беларусь — 0,27). Ступень пранікненьня высокіх тэхналёгій у Беларусі, паводле ацэнак ААН, таксама вышэйшая, чым у Расеі. Так, у 2001 г. Інтэрнэтам у Беларусі карысталіся 4,2% насельніцтва проці 2,9% у «саюзьнікаў». Дый у пераразьліку на пакупніцкую здольнасьць памер ВУП на душу насельніцтва ў Беларусі большы: 7620 даляраў проці 7100 у Расеі.

Польшча й Літва абганяюць

Затое адставаньне Беларусі ад сваіх заходніх суседак за 1995—2001 г. паглыбілася. Прычым гэта адбылося як па эканамічных парамэтрах (пераразьлічаны ВУП на душу насельніцтва дасягнуў у Польшчы 9450 даляраў, у Літве — 8470 даляраў), так і па доступе да тэхналёгій: на 1000 чалавек у Беларусі прыпадала 302 тэлефоны, тады як у Літве — 590, а ў Польшчы — 554. Калі ў 1995 г. па гэтым паказчыку Беларусь стаяла на параўнальных з суседкамі пазыцыях, дык яе пазьнейшая самаізаляцыя прывяла да запазьненьня з прыходам новых, мабільных тэхналёгій. Дзіцячая сьмяротнасьць у Беларусі ўдвая вышэйшая за паказчыкі ў заходніх суседзяў.

Трэба адзначыць, што розьніца між узроўнем ВУП па парытэтнай пакупніцкай здольнасьці і рэальным ВУП у Беларусі — адна з найбольшых у сьвеце. Таму па меры збліжэньня ўнутрыбеларускіх цэнаў зь сярэднесусьветнымі паказчык «узроўню жыцьця» будзе падаць, а зь ім — і месца Беларусі ў сусьветным рэйтынгу.

Больш падрабязна пра сьвет у люстэрку статыстыкі — у наступных нумарах «НН».

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0