У панядзелак генэральны пракурор Беларусі Пятро Міклашэвіч даў прэс‑канфэрэнцыю з нагоды з нагоды 85‑годзьдзя пракуратуры, якое адзначаецца 26 чэрвеня.

На ёй гэнпракурор паведаміў, што ў дачыненьні да былога кіраўніка «Белнафтахіму» Аляксандра Бароўскага заведзена ў суме тры крымінальныя справы: па артыкуле 210 «Крадзеж шляхам злоўжываньня займаемай пасадай» і 424 «Злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі». Апроч гэтага, вядзецца сьледзтва па артыкуле 375 «Разгалошваньне службовай таямніцы». Паводле пракурора, крадзяжы былі ўчынены Бароўскім падчас закупкі й рэалізацыі нафтапрадуктаў.

Апроч Бароўскага, у справе яшчэ пяць-шэсьць фігурантаў, прозьвішчы якіх Міклашэвіч назваць адмовіўся, толькі дадаў, што гэта прадстаўнікі «Белнафтахіму» і кіраўнікі іншых камэрцыйных арганізацый.

На пытаньне, ці праходзіць па гэтай справе дырэктар фірмы «Трайпл» Юры Чыж, Міклашэвіч заўсьміхаўся і паўтарыў, што ў інтарэсах сьледзтва прозьвішчы пакуль называць ня будзе.

Генпракурор пацьвердзіў, што 31 траўня пракуратура завяла крымінальную справу на двух палкоўнікаў КДБ і палкоўніка МУС. Іх вінавацяць у атрыманьні хабару ў асабліва вялікіх памерах.

У справе затрыманага два тыдні таму ў Маскве былога намесьніка Васіля Лявонава ў калгасе «Рассвет» Мікалая Гецмана генпракурор паведаміў, што цяпер ідзе працэс яго экстрадыцыі. Але справа ўскладняецца тым, што Гецман хоча прыняць расейскае грамадзянства.

Паводле Пятра Міклашэвіча, у ліпені скончыцца расьсьледаваньне справы наконт карупцыі на пераходзе «Заходні Буг» і гарадзенскай мытні. Перад судом паўстануць дваццаць два чалавекі, сярод іх — дзевяць мытнікаў. Іх абвінавачваюць у незаконным увозе ў краіну буйных партый кампутарнай і побытавай тэхнікі ды мяса.

«Мы маем справу з сапраўднымі злачыннымі арганізацыямі на мытні»

Празь нейкі час перададуць у суд яшчэ адну крымінальную справу супраць мытнікаў. 25 чалавек вінавацьць ва ўчыненьні шкоды дзяржаве на 90 млрд. рублёў.

«Мы маем справу з сапраўднымі злачыннымі арганізацыямі на мытні», — зазначыў Міклашэвіч.

Летась былі заведзеныя 797 крымінальных справаў па факце хабару, 464 — крадзяжу з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў, 316 — злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Гэта на 18,1% менш, чым пазалетась.

Акрамя таго, генпракурор паведаміў, што Камітэтам дзяржбясьпекі ўсчатая крымінальная справа па факце гібелі ў Самалі беларускіх самалётаў. Аднак істотных зрухаў у ёй пакуль няма.

У цэлым жа, па словах Пятра Міклашэвіча, генэральная пракуратура ў сваёй дзейнасьці кіруецца лёзунгам Лукашэнкі «У нас няма недатыкальных».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?