Афіцыйны Менск працягвае прарываць блякаду на «заходнім фронце», гуляючы на супярэчнасьцях між Эўразьвязам і ЗША. Такую выснову можна зрабіць з заяваў Мікалая Чаргінца, старшыні пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы савету рэспублікі, агучаных 14 ліпеня на прэсавай канфэрэнцыі.

«Людзі турбуюцца пра бясьпеку Эўропы», — кажа Чаргінец. Галоўную для яе небясьпеку ён бачыць у вайсковым першынстве ЗША, якія выдаткоўваюць на ўзбраеньне сваёй арміі на 11 млрд даляраў больш, чым усе краіны ЭЗ, разам узятыя. У той самы час Чаргінец запэўнівае, што захаваецца «шматвэктарнасьць палітыкі», а значыць, і кантакты з ЗША. Сам ён прызнаўся, што езьдзіў у Нью-Ёрк, дзе сустракаўся з палітыкамі з Вашынгтону.

Чаргінец заўважыў, што леташняя скандальная заява Лукашэнкі на тэму незаконнай міграцыі празь Беларусь на Захад была зробленая, каб на Захадзе зразумелі, «якую масу і праблему мы не дапускаем у Эўропу». Беларускія ўлады ўсё яшчэ спадзяюцца атрымаць заходнюю фінансавую дапамогу на ўмацаваньне мяжы з Эўразьвязам. Таму на восень заплянаванае правядзеньне ў Менску міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай праблеме незаконнай міграцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0