Праз тры гады трэцюю частку выбарцаў складуць маладыя людзі, якім 18 гадоў споўнілася ўжо ў незалежнай Беларусі. Маладыя кандыдаты могуць стаць ня толькі патэнцыйнымі кандыдатамі ў дэпутаты парлямэнту на выбарах 2004 г., але і ўдзельнікамі прэзыдэнцкай гонкі 2006 г. "НН" зладзіла апытаньне сярод моладзевых лідэраў на тэму: "Якую стратэгію на выбары 2004 і 2006 г. прапануе моладзь?".

Барысавец Сяргей Салаш не чакае ад моладзі нейкага "звышарыгінальнага сцэнару". Ён мяркуе, што будуць прапанаваныя "абсалютна простыя, але ад гэтага ня менш эфэктыўныя мэтады": пэрсанальны кантакт зь людзьмі, актыўнае ўцягваньне звычайных абывацеляў у выбарчы працэс.

На думку Юрася Губарэвіча зь Белаазерску, галоўнае для маладога лідэра - мець каманду, "здольную зрабіць бліскучую кампанію на парлямэнцкіх выбарах". На думку Губарэвіча, перад выбарамі можна чакаць аб'яднаньня маладых лідэраў "з мэтай ціску на партыйнае кіраўніцтва". Асноўная мэта - прымусіць партыйных кіраўнікоў заняць узгодненую пазыцыю адносна выбараў у парлямэнт і кандыдатуры адзінага прадстаўніка ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары.

Каардынатар "Зубра" Ўладзімер Кобец катэгарычны: "Людзі хочуць бачыць апазыцыю аб'яднанай. Значыць, яна мусіць аб'яднацца і перамагчы".

Гарадзенец Сяргей Антусевіч лічыць, што маладыя палітыкі маюць важную перавагу перад старэйшымі - многія яшчэ ня ведаюць горычы паразаў.

Алесь Мазур зь Сьветлагорску прагназуе, што на парлямэнцкай кампаніі, пры ўмове добрай працы з выбарцамі, цалкам рэальна правесьці да дваццаці дэмакратычных кандыдатаў.

Бабруйчанін Алесь Чыгір перакананы, што ў кожным рэгіёне краіны будзе свой сцэнар выбарчай кампаніі, з улікам мясцовых асаблівасьцяў. "У адрозьненьне ад мясцовых выбараў, на парлямэнцкіх 30-гадовым цяжка будзе перамагчы, - кажа Чыгір. - Выбарцы будуць падтрымліваць чалавека, які выклікае давер, падаецца рэспэктабэльным, моцным, упэўненым, за якім ёсьць нейкі рэсурс. Таму на парлямэнцкія выбары павінны ісьці людзі, якія ўжо сфармаваліся як палітыкі".

А вось намесьнік старшыні "Маладых сацыял-дэмакратаў" Павал Гормаш ня думае, што парлямэнцкія выбары будуць вельмі ўдалымі для апазыцыі: "У дзяржавы ёсьць вялікі арсэнал сродкаў дзеля таго, каб так сталася. Таму парлямэнцкія выбары разглядаю як падрыхтоўку да выбараў прэзыдэнцкіх". Ён прапануе ўжо цяпер пачаць працэс адкліканьня тых дэпутатаў, якія не апраўдалі даверу выбарцаў. Гэта быў бы першы крок да замены іх на дэпутатаў дэмакратычных.

Паліна Панасюк зь Берасьця кажа, што пры захаваньні сёньняшняга млявага падыходу нацыянальных сілаў да сыстэматычных Лукашэнкавых удараў ніжэй пояса сцэнар якіх заўгодна "выбараў" можна распісаць на сто гадоў наперад. "Моладзі надакучыла быць масоўкай бязглуздых спэктакляў", - кажа Паліна.

З аптымізмам глядзіць у будучыню лідэр незарэгістраванага "Маладога фронту" Павал Севярынец. На яго думку, "галоўная праблема ў сёньняшніх беларускіх выбарчых сцэнарах - сыстэма падкантрольных рэжыму камісіяў і фальсыфікацыяў, якая практычна гарантуе патрэбныя ўладзе вынікі". Лідэр "Маладога фронту" акрэсьліў пасьлядоўны сцэнар: першы крок - у 2004 г. трэба не дапусьціць выкарыстаньня ўладай "адміністратыўнага рэсурсу", датэрміновага галасаваньня, фальсыфікацыяў у часе падліку галасоў; другі крок - у 2005 г., згуртаваны ў акругах і на вуліцах, падчас адстойваньня вынікаў, парлямэнцкіх выбараў нацыянальны рух раскручвае двух-трох пэрспэктыўных кандыдатаў на прэзыдэнцтва, а пасьля ініцыюе ды выйграе апазыцыйныя праймэрыз; трэці крок - да 2006 г. аб'яднанае супрацівам і адзіным беларускім лідэрам пратэставае галасаваньне выліваецца ў аксамітную рэвалюцыю й дэмакратычныя пераўтварэньні. "Ясна, што на любым этапе гэтага сцэнару ў падзеі будзе ўмешвацца Масква, але яна мусіць атрым ліваць жорсткі адлуп ад усяе беларускае эліты", - лічыць Севярынец. Маладыя палітыкі схіляюцца да ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах. Але моладзь ня мае намеру ісьці на выбары асобным сьпісам. Моладзь па-ранейшаму верыць у "старэйшых".

Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0