«Для нас газ — 80% усіх энэргарэсурсаў. Прадаць кантрольны пакет «Белтрансгазу» — тое самае, што прадаць кантрольны пакет дзяржавы», — так патлумачыў пазыцыю беларускіх уладаў у канфлікце з «Газпромам» Валянцін Мацкевіч, намесьнік начальніка ўпраўленьня інвэстыцыяў Міністэрства энэргетыкі.
«Няма сэнсу прыватызаваць ААТ «Белтрансгаз» на расейскіх умовах, — кажа В.Мацкевіч. — Нашы ўмовы ўзважаныя і акуратныя. Прадаваць «Белтрансгаз» па балянсавым кошце няма сэнсу. Тым больш што прадпрыемства дае нармальны прыбытак. Любы нацыянальны ўрад высоўваў бы менавіта такія ўмовы, якія Беларусь прапанавала ААТ «Газпром».
В.Мацкевіч лічыць, што пагрозы «Газпрому» транспартаваць газ у абыход Беларусі ці падвысіць цану на яго да сусьветнай не вытрымліваюць крытыкі. «Наўрад ці можна паставіць на 1100 км кампрэсарную станцыю ў Балтыцы. Гэта блеф. Калі («Газпром» — «НН») павысіць цэны, як было зроблена ў Баўгарыі, Вугоршчыне і іншых краінах былога сацлягеру, то зьявіцца вельмі хутка шлях на Захад, вельмі вялікі стымул для эканомікі, бо прадпрыемствы нікуды не падзенуцца, — давядзецца адразу ж лібэралbзаваць эканоміку. Гэта адрэжа Беларусь ад Расеі, у такім разе Беларусь будзе вымушана ісьці ў Эўропу. Расея на гэта ня пойдзе, калі ў яе, вядома, няма мэты выпіхнуць Беларусь на Захад.
Іх бы задаволілі нашы ўмовы, калі б была пагроза прыходу іншай кампаніі, зацікаўленай у «Белтрансгазе», але «Газпром» — манапаліст. Нам варта скарачаць долю газу ў паліўна-энэргетычным балянсе краіны і паступова прывучаць эканоміку Беларусі да высокіх цэнаў на газ. Але для гэтага патрабуецца рэфармаваньне ўсёй эканомікі дзеля зьяўленьня ў прадпрыемстваў дастатковых абаротных сродкаў на аплату энэрганосьбітаў, зьяўленьня канкурэнтаздольнай прадукцыі. Трэба пачынаць гуляць па сусьветных правілах, каб акрамя расейскага на рынку зьявіўся і заходні капітал на роўных умовах».
БелаПАН