Ён перастаў хадзіць па цэхах, калгасныя палі азірае зь верталёта, не рызыкуе прайсьціся па менскай вуліцы... Агульная схема — ад абагаўленьня, ад усеагульнае любові да расчараваньня і нянавісьці — спрацавала і ў Беларусі. Цяпер ён баіцца свайго электарату.

Варта было б кінуць яму выклік: калі ты мужчына, калі сапраўды лідэр, дай згоду на правядзеньне мітынгу на тым самым Бангалоры, прыйдзі сам на гэты мітынг і выступі на ім, распавядзі пра посьпехі ў гаспадарцы, ахове здароўя, паляпшэньне дабрабыту... Ты дай згоду на правядзеньне такога мітынгу, а мы забясьпечым яго масавасьць. Можа стацца, што ты паўторыш рэкорд свайго старэйшага сябра Фідэля. Той любіў выступаць на пляцы перад народам.

У яго неспакойнае сумленьне. Ён баіцца сьмерці. «Апазыцыя вострыць шаблі», — паведаміў ён прыкормленым расейскім журналістам. Ён ня можа ўявіць, як гэта дэмакраты не папомсьцяцца на ім, як гэта Эўропа ня выдасьць яго кашчавай і бязносай. Ён баіццца суду. Яму хацелася б пазьбегнуць усякае адказнасьці. Бо трэ будзе адказаць на пытаньні: хто загадаў зьбіваць народных прадстаўнікоў у зале паседжаньняў парлямэнту, дзе абяцанае кіно з гэтым зьбіваньнем, дзе Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і Зьміцер Завадзкі? Ён баіцца (бо такое ў гісторыі не навіна), што ягоныя ж паплечнікі, міністры, пракуроры і судзьдзі стануць галоўнымі сьведкамі абвінавачаньня і плакацьмуцца, як яны пакутавалі ад свайго шэфа, звальвацьмуць на яго ўсю віну і адказнасьць. Таму ён увесь час тасуе адну і тую ж калоду і запалохвае яе.

Яму нічога не застаецца, як аберуч трымацца за ўладу. Улада патрэбная яму і каб пазьбегнуць адказнасьці, і таму што ня выветрылася мара пра «шапку Манамаха». Ну, не ўдалося абыграць Крэмль у бізантыйскіх гульнях у першым раўндзе, не ўдалося выскачыць на ўсерасейскі прастор у 2000 годзе — мажліва, удасца другі раз: а раптам у Пуціна, які ў 2008 г. пойдзе ў адстаўку, будзе слабы пераемнік, а раптам у самы бліжэйшы час у Расеі здарыцца форс-мажорная сытуацыя?

Мы нават не здагадваемся, колькі сродкаў траціцца дзеля «шапкі Манамаха». У прыватнасьці, якія сумы выдаткоўваюцца на рэклямна-інфармацыйныя мерапрыемствы ў расейскіх рэгіёнах, на працу ў маскоўскіх калідорах улады. Дзеля гэтае мэты й вядзецца далейшая русіфікацыя Беларусі, дзеля яе й стараюцца ўбіць у галовы паспалітага люду, што саюз Беларусі й Расеі — рэальнасьць.

Гэтай мэце падпарадкаваная сёньня й галоўная задача — пераседзець Пуціна. А каб пераседзець Пуціна, трэба ўтрымаць уладу ў Беларусі. Якімі сродкамі і мэтадамі? Яшчэ ў 1998 г. было вядома, што пры захаваньні старога выбарчага закону, на падставе якога ўдалося прыйсьці да ўлады, выбары выйграць ня ўдасца. Нават для таго, каб вырваць «элегантную перамогу» паводле новага выбарчага закону, у 2001 г. спатрэбіліся не абы-якія намаганьні. А тым часам электаральная падтрымка ўпала ніжэй ад калена. І гэта — праблема сродкаў і мэтадаў утрыманьня ўлады ў Беларусі — ёсьць прычынаю галаўнога болю, які даймае яго і ягонае найбліжэйшае атачэньне.

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0