Лукашэнка спатыкнуўся

Часта здаралася ў сьвеце: кіраўнік, які нібыта забясьпечыў сябе ад усіх напасьцяў у «сур’ёзных» сфэрах, спатыкаецца на нейкай драбязе. Яскравы прыклад — Клінтан з сваімі сэксуальнымі скандаламі… Лукашэнка здольны накрычаць на міністраў і дэпутатаў, звольніць хоць якога чыноўніка, забясьпечыць выбары й рэфэрэндум… Дагэтуль большасьць ахвяраў моўчкі праглынала крыўды — ну як жа, палітычная сфэра, аўтарытарны стыль кіраваньня... Але апошнія дзеяньні і выказваньні А.Л. прымушаюць думаць, што фінал не за гарамі. Прэзыдэнт апаганьвае такую апалітычную матэрыю, як выхаваньне дзяцей. І ня толькі праз гучнае закрыцьцё Гуманітарнага ліцэю.

Гадоў пяць таму мы не безь зьдзіўленьня пачулі кінутае нейкаму чыноўніку: «Перастаньце быць добрым чалавекам…». Думалася — выпадковасьць. Аднак адстаўленаму прэм’еру Навіцкаму інкрымінавалася тое самае: «Ён занадта добры…». І гэткія закіды трансьляваліся на ўсю краіну.

Адна зь першых рэчаў, якой вучаць дзетак нармальныя бацькі, — быць добрымі… Нават дыктатары, скарыстоўваючы парады Макіявэлі, прыкрываюцца добрымі намерамі. Вось жа, Лукашэнка, нібы той ніцшэанскі «звышчалавек», спрабуе выйсьці па-за межы дабра і зла. Хай ён потым тлумачыць расейскім правінцыяльным журналістам: «Я чалавек нязлы», хай хоць сто разоў гаворыць пра «маральнасьць дзяржавы». Гэты вусаты чалавек з тэлеэкрану замінае выхоўваць дзяцей.

Наступнікам Лукашэнкі давядзецца займацца «выпраўленьнем імёнаў». Пачынаючы з элемэнтарнага вылучэньня і разьмежаваньня адвечных паняткаў дабра і зла ў межах Рэспублікі Беларусі.

Максім Доўгі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0