Адкрыўшы энцыкляпэдычны даведнік «Беларускія пісьменьнікі» на артыкуле «Арлоў Уладзімер Аляксеевіч», я зьдзіўлена ўбачыў, што крытычная бібліяграфія пад артыкулам абмяжоўваецца адной спасылкай — маёй рэцэнзіяй на першы зборнік наваполацкага празаіка-пачаткоўца, зьмешчанай у віцебскай газэце аж у 1985 г.

Што сёньня можна было б дадаць да той публікацыі? Арлова слушна называюць пераемнікам Караткевіча. Арлоў адрадзіў жанр падарожнага эсэ. Паводле ўзьдзеяньня на нацыянальную самасьвядомасьць ягоны тэкст «Незалежнасьць — гэта...» можа параўнацца толькі з курапацкімі артыкуламі Пазьняка. На праскім стале Быкава ляжала Ўладзева кніжка «Ордэн Белай мышы» — і гэта быў апошні мастацкі твор, які Быкаў прачытаў.

Але пакінем сур’ёзныя ацэнкі сур’ёзным крытыкам. Сёньня — пра іншага Арлова.

Арлоў і дзеці

У 1995 г. тэмы для дыктантаў па літаратуры падчас іспытаў зачытваў з тэлеэкрану сам Лукашэнка. «Скарына ў Падуі» паводле Ўладзімера Арлова», — вымавіў з ухмылкай Лукашэнка, і ў тысячах аўдыторыяў разарвалі патрэбны канвэрт.

Ухмылка прэзыдэнта зрабілася зразумелая раніцай наступнага дня, калі тысячы абітурыентаў плакалі ля шыльдаў з адзнакамі. Я і цяпер перакананы, што ў Адміністрацыі нездарма выбралі тэкст сябра Сойму БНФ, а не былога чальца ЦК КПБ Шамякіна. Экспэрымэнты Арлова ў лексычным ды стылёвым узбагачэньні роднай мовы выйшлі абітурыентам бокам. Налета ахвотных пісаць дыктоўку па-беларуску было значна меней.

Уладзя ня з тых, хто скардзіцца на лёс, і застаецца толькі здагадвацца, як ён пакутаваў. Але з таго часу ніводзін ягоны тэкст немагчыма ўціснуць у школьны дыктант, не рызыкуючы наклікаць папрок у разбэшчваньні непаўналетніх. Акрамя любові да Радзімы, ягоная проза прасякнутая эратызмам і напоўненая адпаведнымі тэрмінамі, а апошнія кніжкі займаюць тыя ганаровыя патаемныя месцы ў шафах, куды ў часы нашага дзяцінства бацькі хавалі Мапасана ды Заля.

Зрэшты, сучасныя дзеткі ведаюць болей за бацькоў і самі могуць сяму-таму павучыць слыннага празаіка — у такім разе, спадзяюся, публічнае чытаньне Арловым сваіх твораў перад ліцэістамі-пікетоўшчыкамі мела ўзаемны плён.

Арлоў і Пазьняк

Цяпер, калі спрабую прыгадаць, калі і пры якіх абставінах упершыню пабачыў Пазьняка, памяць вяртае да ўстаноўчага сходу БНФ у кастрычніку 1988-га. У залі Чырвонага касьцёлу мы сядзелі побач з Арловым. Я тады прыехаў зь Віцебску, а Валодзя туляўся без кватэры ў Менску. «Кінуць косьці» вырашылі ў Алега Бембеля (тады ўжо — Зьніча, але яшчэ не праваслаўнага манаха).

«Калі-небудзь, Сяргей, мы будзем распавядаць пра гэты дзень унукам», — сказаў Валодзя падчас шпацыру па начным Менску да катэджу на Якуба Коласа, дзе мы знайшлі Бембеля, ягоную сяброўку карэянку Кёні ды трохлітровы слоік марынаваных агуркоў. А пляшку мелі сваю.

Пазьней Уладзя, як і шмат хто з інтэлектуалаў, не адмовіў сабе ў задавальненьні працытаваць словы Пазьняка пра тое, што «ў Беларусі сэксу не было». Пазьняк пасьля тлумачыў, што меў на ўвазе зусім ня сэкс, а эратызм, пра які вясковы, прыціснуты гаспадаркай беларус і сапраўды, напэўна, не здагадваўся: прыйшоў, зрабіў сваю справу — і ў сон.

Актуальнасьць такога меркаваньня нечакана адкрылася на радзіме Зянона Станіслававіча ў Іўі, куды група апазыцыйных дэпутатаў прыехала сустракацца з выбаршчыкамі. Быў вечар, да выступу заставалася некалькі хвілінаў, мы выйшлі на ганак Палацу культуры. Зь цемры пачуўся дзявочы галасок. Школьніца гадоў шаснаццаці, бычкуючы цыгарэтку, прапанавала хлопцу, паказваючы некуды ў цемру: «Пайшлі вунь у тую будыніну, перапіхнемся». Суцяшала тое, што пазбаўленая ўсялякіх прыкметаў куртуазнасьці ды эратызму прапанова была вымаўленая па-беларуску. Зрэшты, іншага і не выпадала чакаць на радзіме Пазьняка, якую нашыя нашчадкі будуць лічыць Мэккай беларускага нацыяналізму.

Сам Пазьняк заўсёды высока ставіць Арлова, што аднойчы і было прычынай нашага зь Зянонам невялікага канфлікту.

Першыя некалькі месяцаў амэрыканскай эміграцыі ў 96-м мы з Пазьняком жылі ў кватэры бацькоў Данчыка на Мангэтане; туды ж запрасілі і Ўладзю, які прыехаў на кангрэс амэрыканскіх беларусаў.

У адзін зь вечароў, набраўшы піва, віна ды адварыўшы двух вялізных лобстэраў (потым яны трапяць у кнігу «Божая кароўка на Пятай авэню») ды яшчэ пару кіляграмаў крэвэтак — мы з Уладзем адкаркавалі першую пляшку. Гадзіне а другой ночы палітычныя тэмы саступілі прыемным. Я распавёў, што ў пакоі, дзе сплю (ён належыць Данчыку), уся шафа забітая перавязанымі стосамі лістоў, якія слалі «беларускаму салаўю» ў далёкі Нью-Ёрк фанаткі з гістарычнай радзімы. Ні да гэтага, ні пасьля я ня бачыў такой колькасьці дзявочых лістоў, якую можна было вымяраць на кіляграмы. Я сказаў Уладзю, што мне ў парлямэнт дасылалі толькі просьбы заасфальтаваць вуліцу альбо «зьняць Кебіча», што для дэпутата ад БНФ было ў роўнай ступені немагчыма. Валодзя паскардзіўся, што ягоныя адрасаты — пераважна адстаўныя прафэсары гісторыі КПСС, ад якіх не дачакаешся ласкавых словаў. Абодва мы пашкадавалі, што выхаваньне (нельга чытаць чужыя лісты), а таксама высокія маральныя якасьці (у абодвух — жонкі) не дазваляюць перапісаць тузін адрасоў з надзеяй на «ўсё можа быць».

Здаецца, менавіта ў той момант у сталовую зайшоў Зянон Станіслававіч. За пітвом ды лобстэрамі я забыўся на час — а між тым у Менску ўжо было дзевяць раніцы, людзі прачнуліся і былі патэнцыйна гатовыя да палітычнай дзейнасьці. Здаецца, З.С. трымаў у рукох нейкі тэкст, які трэба было адаслаць, але ўбачыў, што змагарнай працы на карысьць Бацькаўшчыны сёньня ад мяне не дачакаецца. Палова стала, дзе звычайна рабілася таемства стварэньня палітычных тэкстаў, была заваленая крэвэтачнымі панцырамі, другая — застаўленая пляшкамі з-пад піва ды віна.

Пазьняк ацаніў сытуацыю імгненна і адклікаў мяне ў калідор, «на пару хвілін для сур’ёзнай размовы».

— Я не хачу сказаць, што ты ўцягваешся ў п’янства, і не зьбіраюся цябе вучыць ці выхоўваць, бо ты сам сабе гаспадар. Палітыка вымагае цьвярозага розуму, але ты сам маеш права выбіраць, ці займацца табе палітыкай. Але ты ня маеш права на адно: спойваць Арлова. Палітыкаў шмат, а Арлоў у нас адзін.

Супраць апошняга ў мяне не было аргумэнтаў.

Арлоў, адзін зь нешматлікіх, падтрымаў нас з Пазьняком у рашэньні прасіць палітычнага прытулку — мо таму, што ведаў ня толькі пра апублікаваны «Свабодай» загад аб затрыманьні на мяжы. Мы распавялі яму пра сустрэчу ў Сэнаце, дзе нам наўпрост заявілі, што Вашынгтон можа аддаць Беларусь Маскве ў абмен на згоду Крамля прыняць у NАТО краіны былога сацлягеру. Патрэбны быў нейкі крок, які б прымусіў амэрыканскае грамадзтва гаварыць пра Беларусь і паставіў Белы Дом у сытуацыю выбару. Той наш учынак даволі слушна быў названы ў прэсе «палітычным самаспаленьнем», але ў выніку рэфэрэндум 1996 г. (у адрозьненьне ад ранейшага, пра герб ды сьцяг) адбываўся ўжо пад пільнай увагай сусьветнай супольнасьці.

Мы разьвітваліся з Арловым у спадзяваньні пабачыцца ў Менску — «яшчэ да Калядаў!», як удакладніў Пазьняк.

Паводзіны героя наступнага сюжэту не дазволілі таму зьдзейсьніцца.

Арлоў і яйцы

Да Ўладзімера Арлова беларуская проза мела толькі адзін смачна выпісаны гастранамічны тэкст — вячэра ў Дубатоўка з Караткевічаўскага «Дзікага паляваньня». Арлоў ператварыў запачаткаванае ў традыцыю і замацаваў яе на сучасным матэрыяле. Пераважна замежным — ягоныя эсэ зь іншаземных вандровак не абыходзяцца без маляўнічых апісаньняў тамтэйшай кухні.

Таму калі ў сьвяточныя сакавіцкія дні ў кітайскай рэстарацыі ў Празе мы частавалі беларускіх гасьцей (Уладзю з Валянцінай, Віктара Шалкевіча і экс-сьпікера парлямэнту Сямёна Ш.) — выбар мэню быў за Арловым.

Сярод іншага экзатычнага смакоцьця ён замовіў і чорныя яйкі ў соевым соўсе. Страва на аматара: калі хтосьці зь дзяцінства памятае пах карбіду (кідалі ў ваду, і ён пускаў бурбалкі) — дык якраз самае тое. Я неасьцярожна прывёў гэтае параўнаньне, што падштурхнула на ўспаміны і экс-сьпікера.

— А вось я вам загадаю вершаваную загадку з майго юнацтва. «У какой певчей птички чёрные яички?» Ну?

Арлоў прыгадаў, што за часамі Радзівілаў некаторыя шляхцічы трымалі ў палацах экзатычных птушак, але якая зь іх мела чорныя яйкі — вось так, без арніталягічнага даведніка, сьцьвярджаць не бярэцца. Аляксандар Лукашук няўпэўнена вымавіў пра салаўёў, якія муціравалі пасьля мэліярацыі Палесься. Іншых варыянтаў не было.

— У Пола Робсана, — даў правільны адказ экс-сьпікер.

У паліткарэктнай цішыні пачуліся струмяні фантану на іншым паверсе.

— Гэта недзе ў Новай Зэляндыі? — шэптам запыталася ў мяне аматарка падарожжаў Вольга Караткевіч.

— Гэта ў Амэрыцы. Сьпявак палітычных песьняў, прыблізна вось як Шалкевіч, толькі нэгрыцянскага паходжаньня, ён памёр гадоў трыццаць таму, — прасьвяціў я прадстаўніцу новага пакаленьня.

Праз пару гадзінаў, калі вячэра перайшла ў гатэльны нумар і стала непараўнальна больш сьціплай у стравах, затое нашмат шыкоўнейшай у асартымэнце напояў, экс-сьпікер распавёў гісторыю, якая канчаткова патлумачыла нам з Арловым прычыны таго, чаму не ўдалося разам сустрэць Каляды ў Менску.

— Калі было ўжо сабрана досыць подпісаў на імпічмэнт, мне патэлефанаваў Ельцын і сказаў: «Лукашэнкі не чапаць». Гэта быў, паўтараю, Ельцын! І што я мог адказаць Ельцыну?

— Пазьняк бы ягонага Ельцына паслаў у адказ на ..., — сказаў Арлоў ужо ў калідоры, і гэта, здаецца, была адзіная нецэнзуршчына, пачутая ад яго за ўсе гады нашага знаёмства.

Арлоў і космас

Дзясяткі асобаў, якія дасягнулі выбітных посьпехаў у мастацтве, навуцы, палітыцы на розных кантынэнтах і былі вядомыя як беларусы паўсюль, акрамя гістарычнай радзімы, — вернутыя нам Арловым. У здольнасьці адшукаць беларускі сюжэт там, дзе, здавалася, яго быць ніяк ня можа, Уладзю няма роўных.

Вось і падчас лекцыі ў Ратгерскім унівэрсытэце Арлоў узгадаў, што якраз тут пачынаў навуковую кар’еру беларус Аўген Вярбіцкі, распрацоўшчык мэню для пакарыцеляў Месяцу — экіпажу «Апалёну-11». Вядома, што ў дзяцінстве маленькі Валодзя Арлоў марыў стаць патолягаанатамам, потым разьведчыкам, але спачатку ён хацеў быць касманаўтам, і першы ягоны вершык — пра касьмічны карабель. Што нядзіўна для пакаленьня, чыё дзяцінства прыпала на 60-я. Але пасьля таго як беларус Уладзімер Кавалёнак выракся бел-чырвона-белага сьцяга, Уладзя, як выглядае, у савецкіх касманаўтах расчараваўся канчаткова. Хоць тэма космасу, так ці інакш, прысутнічае амаль ва ўсіх ягоных творах. Неяк ён напісаў, што адчувае духоўную повязь з Армстрангам — чалавекам, які першы ступіў на Месяц і ўбачыў там нешта такое, што прымусіла яго зачыніцца ў вузкім коле сям’і. Абсалютна недаступны для журналістаў, Армстранг бадай што адзіны з нашых сучасьнікаў, якога не забудуцца, пакуль будзе існаваць чалавецтва.

Ніякіх сувязяў зь Беларусяй у Армстранга Ўладзя, на жаль, не знайшоў, і я сьпяшаюся падказаць яму канструктыўны шлях, каб ён вярнуў зь нябыту чалавека, якога мы не павінны аддаваць іншым нацыям, як аддалі Дастаеўскага, Міцкевіча альбо Глінку.

За тэлетрансьляцыяй высадкі з «Апалёну-11» на Месяц назіралі мільярды — акрамя жыхароў слабаразьвітых краінаў, дзе тэлевізараў не было, і грамадзянаў СССР, дзе было Палітбюро. Першыя словы, якія сказаў Армстранг, калі ступіў на Месяц, у беларускім перакладзе гучаць так: «Гэты маленькі крок аднаго чалавека — вялізны крок для ўсяго чалавецтва». Пазьней ён прызнаўся, што гэтая хрэстаматыйная фраза была хатняй нарыхтоўкай. А вось наступная ішла ад сэрца — «Good luck, mister Gorsky», што азначае «Посьпехаў, спадар Горскі!». Пасьля вяртаньня Армстранг зрабіў сусьветны круіз, раздаў тысячы інтэрвію, і толькі пытаньне пра загадкавага спадара Горскага пакідаў без адказу. Што тлумачыў астранаўт начальству ў НАСА — было сакрэтам. Лічылі, што гэта прозьвішча савецкага касманаўта, які мусіў быць першым на Месяцы. Але саветы, як вядома, увогуле ня высадзіліся на Месяц, і сэнс фразы заставаўся таямніцай.

Некалькі гадоў таму ў Армстранга ізноў запыталіся пра другую фразу. І — неспадзявана атрымалі адказ: «Калі я быў падлеткам, мы гулялі ў гольф. Аднойчы мяч трапіў у адчыненае акно сямейства Горскіх. Я ўзьлез на ганак, і раптам пачуў голас суседавай жонкі: «Аральны сэкс? Ты прагнеш аральнага сэксу? Мы зоймемся ім не раней, чым суседзкі хлапчук ступіць на Месяц!»

Армстранг нарадзіўся ў штаце Агаё, дзе ўжо на пачатку ХХ стагодзьдзя жылі дзясяткі тысячаў беларусаў. «Знаходзячыся на старце ў касьмічную прастору, я думаў пра нашу ленінскую партыю», — казаў кумір Уладзевага дзяцінства Юры Гагарын. Ступіўшы на Месяц, амэрыканскі астранаўт думаў пра канкрэтнага беларуса, пра ягоную запаветную і, у прынцыпе, дасягальную мару. Вось толькі невядома — ці дасягнутую?

Перакананы, што дасьледніцкі і літаратурны талент Уладзімера Арлова раскрые нам гэтую ды сотні іншых таямніцаў жыцьця беларусаў ва ўсе часы і на ўсіх кантынэнтах.

Сяргей Навумчык,Прага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0