Калі так пойдзе далей, падмурак савецкай улады і сёньняшняга палітычнага рэжыму — калгасна-саўгасная сыстэма — будзе разбураны. Прычым зробяць гэта самі ўлады.

Яшчэ ўвесну прэзыдэнт заявіў, што ня будзе больш субсыдыяваць стратныя сельгаспрадпрыемствы. А такіх каля 60% ад агульнае колькасьці. На апошняй нарадзе з удзелам прэзыдэнта і прадстаўнікоў розных міністэрстваў была агучаная ідэя ўвядзеньня прыватнаўласьніцкіх мэханізмаў у агравытворчасьць. Прэзыдэнт прапанаваў 450—500 калгасаў (а гэта 20% ад агульнай колькасьці) па ўсёй краіне аддаць найгоршым ворагам працоўнай клясы — прадпрымальнікам. Ждановіцкаму рынку, напрыклад!

Рэфармаваньне калгасаў ідзе ўжо даўно, але ўлады агучваюць гэта неахвотна: ня ведаюць яшчэ, ці ўдасца. У Лідзкім раёне не засталося ніводнага калгасу — цяпер гэта ўнітарныя прадпрыемствы, кожнае зь якіх узначальвае найманы мэнэджэр, а калгасьнікі ўжо не сябры каапэратыву, як раней, а таксама найміты. Такія ж працэсы ідуць у некаторых іншых раёнах краіны, у тым ліку і ва ўсходняй Беларусі. Ходзяць чуткі, што на чарзе ўся Менская вобласьць!

Ёсьць і іншыя прыклады. У адным райцэнтры дырэктарам саўгасу ўзялі прадпрымальніка-каўказца, уладальніка сеткі харчовых крамаў у тым мястэчку. Землі саўгасу знаходзяцца ў межах мястэчка і вакол яго — там, дзе ў будучыні шмат хто пажадае ўзьвесьці катэдж.

Улада імкнецца захаваць сацыяльна-эканамічны статус-кво і адначасова рэфармаваць аграпрамысловы сэктар, які высмоктвае адных толькі наўпростых датацыяў на 10—12% кансалідаванага бюджэту штогод, ня кажучы ўжо пра «шэфскую» дапамогу прадпрыемстваў і трасфэрты ў выглядзе бясплатнага сена, як нядаўна практыкавалася ў Лельчыцкім раёне. Урад імкнецца скінуць зь сябе гэты цяжар на чые заўгодна плечы, хоць бы і прадпрымальнікаў: у каго ж яшчэ могуць быць грошы?

Што, аднак, адбудзецца, калі дзяржава сапраўды скароціць аб’ём датацыяў сельскай гаспадарцы? Калгасы і саўгасы даюць 60% агульнага аб’ёму вытворчасьці сельгаспрадукцыі, гаспадаркі людзей — астатнія 40%. Калі скараціць аб’ём субсыдыяваньня калгасаў, не пасеюць і не пажнуць ня толькі ў іх, але і ў прыватных гаспадарках, бо вытворчасьць там цалкам залежыць ад дармовых ці крадзеных у калгасе рэсурсаў. Спадзявацца на тое, што вёска перажыве скарачэньне дзяржаўнай падтрымкі, няма чаго.

Працэсы «рэфармаваньня» калгасна-саўгаснай сыстэмы ставяць пад пагрозу ня толькі самі калгасы і саўгасы, але і, з пункту гледжаньня харчовай бясьпекі, усё насельніцтва Беларусі. Бо тое, пра што гавораць улады, — гэта забраць у сельскай гаспадаркі сродкі існаваньня і ня даць ёй нічога наўзамен. Ніхто не спрачаецца: скарачаць датацыі сельскай гаспадарцы трэба. Але зрабіць гэта магчыма будзе толькі тады, калі ў яе зьявяцца ўласныя грошы. Без структурных рэформаў у сэктары (прыватызацыі зямлі і інш.) дасягнуць гэтага нельга. Усе паўрэформы і хістаньні ў бакі толькі пагоршаць сытуацыю.

Дамінік Міхайловіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0